Фота рабінзона ХХ стагоддзя

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

У мінулым годзе шырока адзначаліся ўгодкі нашых беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа. А сёлета — 130-годдзе з дня нараджэння аднаго з пачынальнікаў беларускай дзіцячай літаратуры Янкі Маўра (Івана Міхайлавіча Фёдарава).

У Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафонадакументаў захоўваюцца цікавыя аўдыявізуальныя матэрыялы, якія адлюстроўваюць жыццёвы і творчы шлях Маўра. Гэта, перш за ўсё, фотакарткі: партрэты пісьменніка розных гадоў, яго здымкі з сям’ёй, з сябрамі, сярод сваіх чытачоў, калег-пісьменнікаў.

/i/content/pi/cult/424/8737/1-1.jpeg

З фонадакументаў у архіве захаваны запіс прамовы Янкі Маўра на вечарыне, прысвечанай 60-годдзю першага выступлення ў друку Якуба Коласа. Маецца таксама радыёперадача “Любімы пісьменнік беларускай дзятвы”, прысвечаная 85-годдзю Маўра. Ёсць у нашай фанатэцы і апавяданне “Слёзы Тубі” выкананае народным артыстам Беларусі і СССР Віктарам Тарасавым.

/i/content/pi/cult/424/8737/1-2.jpeg

Што да кіна- і відэадакументаў пра літаратара, то гэта — кінафільм “Астравы капітана Маўра”, тэлестужка “Янка Маўр” і відэафільм “След дзяцінства”, а таксама шэраг кіначасопісаў “Савецкая Беларусь” і “Піянер Беларусі”, асобныя сюжэты і эпізоды якіх прысвечаны Я.Маўру.

Алена ПАЛЯШЧУК, галоўны архівіст аддзела навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі БДАКФФД

На здымках з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў: настаўнік Мінскай прыватнай гандлёвай школы Іван Фёдараў з жонкай Варварай Фёдараўнай і дзецьмі (Мінск, 1916 г.); пісьменнікі Янка Маўр (справа) і А.Міронаў на пляжы ў Кактэбелі (Крым, 1956 г.).