Віртуальная Карта

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Уважліва чытаю публікацыі пад рубрыкай “Рэйтынг ідэй…”. Досвед калег іншым разам вельмі дапамагае ў працы. Вырашыла падзяліцца вопытам нашай цэнтральнай бібліятэкі.

Марына БАРСУКОВА,  дырэктар Веткаўскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы

/i/content/pi/cult/424/8736/2-3.jpeg

1. Знайсці праект у Сеціве

15 верасня 2011 года, у Дзень бібліятэк, на базе Веткаўскай цэнтральнай бібліятэкі быў адкрыты Цэнтр доступу да інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Падзея стала вынікам рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Развіццё міжнароднай даследчай і інфармацыйнай сеткі па Чарнобылю” (ICRIN). Знайсці ўсе дадзеныя гэтай дабрачыннай ініцыятывы вы можаце ў Сеціве.

Дык вось, Цэнтр быў створаны ў нас для ўсебаковай падтрымкі насельніцтва, што пражывае на тэрыторыях, пацярпелых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Інакш кажучы, Цэнтр дапамагае эфектыўна выкарыстоўваць інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і атрымліваць дакладныя звесткі з самых розных крыніц пра сацыяльна-эканамічнае развіццё, умовы навакольнага асяроддзя, радыяцыйную бяспеку і здаровы лад жыцця.

2. Паслуг стала больш

У Цэнтры — пяць камп’ютараў, аб’яднаных у лакальную сетку з дапамогай бесправаднога маршрутызатара. Ёсць навушнікі з мікрафонам, вэб-камеры, выхад у Інтэрнэт. Жыхары Веткаўшчыны могуць карыстацца ўсім гэтым бясплатна цягам трох гадоў. А ёсць яшчэ і прэзентацыйнае, мультымедыйнае абсталяванне, якое дазваляе значна пашырыць спектр паслуг і павялічыць колькасць бібліятэчных наведвальнікаў. Сучасныя тэхналогіі — прадукт гарантавана запатрабаваны.

3. Уласная электронная скрыня

У чытачоў нашай бібліятэкі ёсць магчымасць карыстацца відэасувяззю, завесці ўласную электронную скрыню, асвойваць інтэрнэт-прастору. Сярод паслуг — ксеракапіраванне, сканіраванне, запіс інфармацыі на флэш-карту ці электронны носьбіт, раздрукоўка на каляровым і чорна-белым прынтарах. Ёсць пераплётная машына, разак для паперы, ламінатар. Мы можам цяпер вырабляць уласную прадукцыю: календары, паштоўкі, закладкі і г. д.

І Цэнтр наш запатрабаваны не толькі ў моладзі, але і ў людзей старэйшага пакалення. У іх ёсць магчымасць саманавучання з самым шырокім выкарыстаннем абсталявання Цэнтра.

4. Скайп-лекцыі

Летась Цэнтр даабсталяваны мультымедыйным праектарам, экранам для правядзення інфармацыйнай работы з насельніцтвам. Можна рабіць прэзентацыі, ладзіць скайп-лекцыі, кіналекторыі. Пры дапамозе ноўтбука мы рыхтуем выязныя інфармацыйныя мерапрыемствы, да прыкладу, пра здаровы лад жыцця, ці дэманструем фільмы пра падзеі ў раёне. Для такіх выездаў на сяло выкарыстоўваем бібліобус, які абслугоўвае 19 маланаселеных пунктаў Веткаўшчыны. Вяскоўцы могуць карыстацца пры гэтым Інтэрнэтам.

У верасні-снежні мінулага года мы праводзілі семінары-трэнінгі “Навучанне асновам выкарыстання Інтэрнэта” для людзей сярэдняга веку. У сваю чаргу Беларускае аддзяленне Расійска-беларускага інфацэнтра па праблемах наступстваў катастрофы на ЧАЭС, абапіраючыся на матэрыялы такіх цэнтраў, як наш, развівае на сайце www.rbic.by інфармацыйную пляцоўку, дзе можна знайсці сцэнарыі ўрокаў, канцэпцыі правядзення мерапрыемстваў і іншыя распрацоўкі.

5. Відэа-круізы

Праект развіваецца. Ёсць планы па яго ўдасканаленні. У перспектыве плануем стварыць Карту гісторыка-культурнай спадчыны Веткаўшчыны. Тут будуць адлюстраваны помнікі гісторыі, культуры, археалогіі, зафіксаваны нашы ўнікальныя абрады. А ўяўляеце, якой атрымаецца Карта з адлюстраваннем рамёстваў і народных умельцаў раёна? Мяркуем маляўніча прэзентаваць на ёй вышыўку, ткацтва, разьбу па дрэве... У перспектыве — і стварэнне блока з відэафільмамі пра раён і Ветку.