“Хот-спот” — рэакцыя музея

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Для многіх з нас гісторыя, асабліва адлюстраваная ў музеі, асацыюецца, найперш, з мінуўшчынай. А што мы ведаем пра ХХ стагоддзе, ці дэталёва бачым змены апошніх дзесяцігоддзяў? Сёння даць грунтоўны адказ здолее далёка не кожны. Пераканацца ў гэтым змаглі айчынныя музейшчыкі — удзельнікі семінара-практыкума “Культурная спадчына сучаснага грамадства”, зладжанага беларускім і шведскім камітэтам ICOM сумесна з Інстытутам культуры Беларусі і прысвечанага праблемам дакументавання, даследавання ды экспанавання сучаснасці. Разам са шведскімі калегамі айчынныя спецыялісты музейнай справы правялі палявыя даследаванні ў Заслаўі і Мінску, пад час якіх зрабілі апытанне жыхароў, каб даведацца, як яны ўспрымаюць змены ў жыцці горада.

Сярод апытаных — маладая сям’я, рабочыя, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, перасяленка з тэрыторыі, забруджанай радыёнуклідамі, супрацоўнікі ўстаноў культуры. Некаторыя з іх з ахвотай дзяліліся сваімі ўспамінамі, большасць жа — з розных прычын адмаўлялася фатаграфавацца і расказваць пра сваё жыццё. Тым не менш, за некалькі гадзін напружанай працы былі сабраны разнастайныя матэрыялы — фотаздымкі людзей на фоне гарадскіх аб’ектаў, аўдыязапісы, якія ляглі ў аснову “хот-спотаў” — актуальных музейных выставак, што набылі вялікую папулярнасць у Швецыі.

Патлумачыць запатрабаванасць падобных праектаў пагадзіўся Самуэль Тэлін, куратар аддзела выставак Музея Мальмё. Па яго словах, прыкладна дзесяць гадоў таму яго ўстанова атрымала даручэнне распрацаваць выставачныя метады, якія маглі б даць музеям інструменты для працы з актуальнымі для грамадскасці тэмамі. Адзін з такіх метадаў і атрымаў назву “хот-спот” (“гарачая кропка”).

/i/content/pi/cult/424/8735/2-1.jpeg

На думку Самуэля Тэліна, мэта "хот-спотаў" — падштурхнуць музеі заняць сваю пазіцыю, адважыцца ўздымаць супярэчлівыя пытанні, гарачыя і актуальныя ў грамадстве. Лічыцца, што пры дапамозе альтэрнатыўных адказаў, раскрыцця новых перспектыў у дачыненні да вострых і актуальных праблем (у тым ліку, сферы культуры, экалогіі, аховы здароўя), запрашэння людзей скласці свой погляд на нейкія пытанні музей зможа прыцягнуць публіку і зрабіць свой унёсак у дэбаты, што адбываюцца ў грамадстве. Экспазіцыя “хот-спот” факусіруецца на актуальным, набалелым грамадскім пытанні. Яе тэма можа быць як мясцовага, так і нацыянальнага альбо міжнароднага характару. Галоўная ідэя новага метаду накіравана на тое, каб музей быў гатовы да прыняцця хуткіх рашэнняў адносна вострых пытанняў сучаснасці, а не планаваў іх асвятленне ў доўгатэрміновай перспектыве.

У якасці партнёраў музеяў, мяркуе Самуэль Тэлін, могуць выступаць, у тым ліку журналісты, выкладчыкі ўніверсітэтаў, мастакі і літаратары. Самае ж галоўнае, “хот-спот” павінен быць даступным для грамадскасці і прапаноўваць магчымасці для ўзаемадзеяння.

Так цягам семінара беларускія музейшчыкі стварылі некалькі пілотных “хот-спотаў”, адзін з якіх, да прыкладу, быў прысвечаны перспектывам развіцця культурнага ландшафту Мінска — праз фотаздымкі савецкага часу з архіваў аўтараў выстаўкі, сучасныя, часам правакацыйныя, выявы горада, а таксама, дзякуючы матэрыялам сустрэч з мінскімі скульптарамі, апытанням мінчан.

На футбол ці ў музей?

Як ацэньваюць свой візіт у Беларусь шведскія музейшчыкі, якія тэмы іх усхвалявалі і што можна зрабіць для пазнавальнасці нашай краіны ў Швецыі? З гэтымі пытаннямі карэспандэнт “К” пад час адной з кава-паўз звярнуўся да этнолага, начальніка аддзела дакументацыі Музея горада Стакгольма Ганны Ульфстранд, а таксама Анэт Русэнгрэн — пісьменніцы, этнолага, колішняга супрацоўніка Паўночнага музея ў шведскай сталіцы.

/i/content/pi/cult/424/8735/2-2.jpeg

Г.У.: — Нам вельмі цікавая гісторыя Беларусі. На жаль, мы мала ведаем пра вашу краіну, а таму ўся паездка для мяне — суцэльнае адкрыццё. Я шмат даведалася пра Мінск, беларускую культуру, пазнаёмілася з сучасным побытам мясцовых жыхароў, а таксама атрымала звесткі пра тое, як беларусы жылі ў савецкія часы.

А.Р.: — Я мела ўяўленне пра жыццё ў СССР. Але ўжо больш за 20 гадоў прайшло з моманту распаду Савецкага Саюза і цяпер вялікі інтарэс выклікае ўсё тое, што адбываецца ў культурным жыцці Беларусі. Зразумела, за час кароткачасовага візіту я пазнаёмілася з вашай краінай павярхоўна. А таму ў будучым хочацца даведацца пра Беларусь больш падрабязна. Спадзяюся, што гэта не апошняя паездка.

— Што вас уразіла ў культурным жыцці сучаснай Беларусі?

Г.У.: — Мне было цікава сустрэць сваіх калег, абмяняцца прафесійным вопытам, даведацца, як беларускія спецыялісты бачаць сучасны музей. Вельмі ўразіў візіт у Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Не пакінула абыякавым экскурсія па Мінску, паездка ў Заслаўе. Калі ж казаць пра семінар, то спадабалася, як добра папрацавалі беларускія музейшчыкі пад час палявых даследаванняў, у стварэнні “хот-спотаў”.

А.Р.: — Самыя вялікія ўражанні пакінула знаёмства з гісторыяй мінскага гета. Я нават не здагадвалася, што ў Мінску пад час Другой сусветнай вайны змяшчаўся канцэнтрацыйны лагер, колькі людзей было закатавана... Мы даведаліся, што давялося перажыць беларускім жанчынам пад час вайны. На жаль, пра гэта мала хто кажа. У асноўным ідзе размова пра герояў, але не, скажам, пра звычайных жанчын, і на плечы якіх ляглі цяжары вайны. Гэта “белая пляма” ў гісторыі Еўропы ХХ стагоддзя наогул. Зараз, праз столькі гадоў пасля вайны, патрэбны вялікія рэсурсы, каб зафіксаваць успаміны жывых сведак тых драматычных падзей.

— А што вы параілі б беларускім музейшчыкам у справе фіксавання нашай сучаснасці?

А.Р.: — Яшчэ адна група соцыуму, чые ўспаміны трэба асабліва захоўваць, — перасяленцы з забруджаных Чарнобылем рэгіёнаў. У Швецыі многія мяркуюць, што тая трагедыя выключна ўкраінская бяда і да Беларусі ніякага дачынення не мае. Спадзяюся, новыя кантакты, якія беларускія музеі будуць мець з нашымі ўстановамі, дазволіць актуалізаваць сапраўдны стан спраў. Мы спадзяёмся, што можам зрабіць унёсак, каб каштоўныя ўспаміны захаваліся і дайшлі да сусветнай грамадскасці.

— Але ці будзе цікава шведам пазнаёміцца з беларускай гісторыяй ХХ стагоддзя, нашай этнаграфіяй, культурнай спадчынай?

Г.У.: — На жаль, вельмі мала шведаў прыязджае ў Беларусь, хаця, пераканана, для большасці маіх суайчыннікаў гэта было б вельмі цікава. Да ўсяго, калі чалавек ездзіць у якасці турыста, ён выбірае тую краіну, куды прасцей дабрацца. Тым не менш, упэўнена: у Швецыі будуць запатрабаваны ды набудуць шырокі рэзананс і выстаўкі беларускіх музеяў.

А.Р.: — Нашы музеі маюць магчымасць не толькі праводзіць выстаўкі, але і семінары, дэманстраваць фільмы, арганізоўваць абмеркаванні, прысвечаныя культуры Беларусі. Спадзяюся, што ў найбліжэйшай перспектыве такія праекты ажыццявяцца. На гэта мы вельмі разлічваем.

— Дык хто асноўныя наведвальнікі шведскіх музеяў?

А.Р.: — Вялікую групу наведвальнікаў шведскіх музеяў складаюць жанчыны сталага ўзросту. Дзіўна, але дзякуючы разнастайным праектам гэта аўдыторыя — асноўныя спажыўцы культуры ў Швецыі.

Г.У.: — А дзякуючы шматлікім інтэрактыўным выстаўкам да нас з ахвотай прыходзіць нямала дзяцей. Разам з тым, сёння назіраецца павелічэнне колькасці прадстаўнікоў рабочага класу. Цікавы факт: у Швецыі больш людзей ходзіць у музеі, чым на футбольныя матчы.

На здымках: пад час аднаго з "хот-спотаў" у Беларусі.

Фота аўтара

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"