Што іх хвалюе?

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Пытанні “Школьнага тэатра-17”

Падлетак — гэта заўжды складана. Такое распаўсюджанае меркаванне. І яно, магчыма, слушнае. Але… Юнацтва дыхае на поўныя грудзі і бясконца верыць у сябе, безумоўна прымае ці не прымае свет. Менавіта таму немагчыма заставацца “па-за “, калі на сцэне пражываюць жыцці артысты школьных тэатраў. Ён яшчэ не пабыў у руках прафесіянала тэатра, ён яшчэ не ведае, як спрашчаюць жыццё на сцэне штампікі і “прыёмчыкі”. Ратуй іх, лёс, ад дурной навукі, забойства ідэі і памкнення. Такія думкі круціліся ў галаве, калі мне пашчасціла глядзець спектаклі фіналістаў конкурсу сцэнічных чытанняў “Школьны тэатр-17”, які па добрай традыцыі праходзіў у Віцебску — у Коласаўскім тэатры.

Артысты першага спектакля ўжо з’яўляюцца на сцэне. І паляцелі. Восем тэатральных калектываў горада, што стварылі свае спектаклі паводле твораў айчынных аўтараў па-беларуску. Хіба не з’ява для горада, надзвычай ашчаднага на выкарастанне роднай мовы ў шырокім асяроддзі?

/i/content/pi/cult/424/8734/1-3.jpeg

Такія розныя творы, такія розныя героі, такія непадобныя да нікога артысты — але з’яднаныя творчым памкненнем, роднай мовай і любоўю да тэатра. Умоўна спектаклі канкурсантаў можна падзяліць на тры блокі: лёгкія і рухавыя, разважліва-філасофскія і пастаноўкі на ваенную тэматыку.

Да першага, на маю думку, належаць тры спектаклі. Гэта, па-першае, “Брык і Шуся шукаюць лета” Таццяны Сівец у пастаноўцы тэатральнага калектыву “Прэм’ера” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Кастрычніцкага раёна Віцебска, які атрымаў прыз за другое месца і лепшыя касцюмы. А выканаўца ролі Вароны Карына Лявонава ўзнагароджана дыпломам за лепшую жаночую ролю. Другі  — “Калі заспявае певень” Георгія Марчука ў выкананні артыстаў гімназіі № 8 абласнога цэнтра, уганараваны дыпломам за першае месца і двума дыпломамі за лепшую мужчынскую (Андрэй Кузьміноў — Таўкачык) і жаночую (Марыя Андрэева — Тэкля) ролі. Нарэшце — пастаноўка гімназіі № 1 — “Янук, рыцар Мятлушкі”, што ўразіла журы арыгінальнасцю сцэнічнага вырашэння і добрай харэаграфіяй.

/i/content/pi/cult/424/8734/1-4.jpeg

Гран-пры фестывалю атрымаў адзін са спектакляў другога блока. Гэта пастаноўка гімназіі № 2 Віцебска паводле п'есы Янкі Купалы “Раскіданае гняздо”. Журы было настолькі ўражана прачытаннем твора і рэалізацыяй яго на сцэне, што дадаткова да Гран-пры яго старшыня Валерый Анісенка (дырэктар — мастацкі кіраўнік Тэатра імя Якуба Коласа) заснаваў яшчэ адзін прыз — “За педагогіку рэжысуры”, які прысуджаны кіраўніку тэатральнай студыі гімназіі № 2, настаўніку беларускай мовы і літаратуры Эле Петрачэнка. “Раскіданае гняздо” ўразіла не толькі сваёй глыбінёй, мінімалістычнасцю сцэнічнага рашэння, цудоўнымі работамі маладых артыстаў (журы адзначыла ўсіх трох удзельнікаў спектакля — Кацярыну Рэзнічэнка, Міхаіла Васільева і Вольгу Нікіціну), але і дакладна адпавядала фармату фестывалю. Яшчэ два спектаклі другога блоку — гэта эцюд “Развагі пра жыццё” па матывах “Старадаўняй казкі” Юрыя Куліка ў пастаноўцы калектыву віцебскай СШ № 4, які атрымаў прыз за першае месца, а выканаўца ролі Д’ябла (Глеб Лускін) — прыз за лепшую мужчынскую ролю, і надзвычай сучасная пастаноўка СШ № 46 “Осы” Анатоля Дзялендзіка, што адзначана прызам за трэцяе месца.

Спектаклі “Балота” Васіля Быкава (трэцяе месца) калектыву СШ № 28 і “Трэба жыць!” паводле п’есы Аляксея Дударава “Радавыя” ў пастаноўцы СШ № 31 (другое месца) утварылі трэці жанравы блок. Не ведаю, як дакладна акрэсліць уражанне, якое стварае малюнак, калі тры школьнікі ў вопратцы ваенных часоў ды, як адчувалася, з позіркамі, працятымі хваляваннем і тагачаснымі, і сучаснымі праблемамі, па-быкаўску вядуць спектакль сцэна за сцэнай і не адпускаюць гледача да апошняй страшнай хвіліны.

Два дні хваляваліся кіраўнікі, артысты, нервова па закуліссі хадзіў рэжысёр чытанняў — заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Грушоў. Галоўны мастак тэатра Святлана Макаранка стварала атмасферу на сцэне, артыстка Зінаіда Гурбо кіравала працэсам, рэквізітары, манціроўшчыкі, гукааператары чакалі ўмоўных сігналаў, але самы вялікі клопат і мноства турбот леглі на плечы ініцыятара і арганізатара фестывалю “Школьны тэатр-17” Святланы Дашкевіч. Ніводнае пытанне не засталося нявырашаным, ніводзін з удзельнікаў не абдзелены ўвагай. Толькі Святлане Дашкевіч добра вядома, колькі высілкаў і намаганняў каштуе зладзіць гэткі форум у горадзе.

Фестываль не можа трымацца на адным чалавеку. Яму патрэбна падтрымка. Прынамсі, фінансавая. Прыз на тэатральным фестывалі — гэта вялікая памяць для пачаткоўца. Але ж і на яго патрэбны сродкі. “Школьны тэатр” — унікальны, не шараговы праект. Ён неабходны гораду, бо робіць яму гонар. А галоўнае — неабходны юнакам і дзяўчатам, якія маюць жаданне выказацца на роднай мове пра тое, што цяпер іх хвалюе.

Марына ПЯТРОВА, кіраўнік літаратурна-драматычнай часткі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа