Перыяд заняпаду мінае

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Колькі хораў пацягне “БелАЗ”?

У Жодзіне адбыўся VII Міжрэгіянальны фестываль харавога мастацтва “Ад Шчырага сэрца”. Сваю назву ён атрымаў у памяць пра хормайстра Палаца культуры “БелАЗа” Эдуарда Шчырага — аўтара многіх песень і хораў, выкананне якіх з’яўляецца для ўдзельнікаў свята абавязковым.

Сярод 27-мі дасланых заявак аргкамітэт на чале з дырэктарам Палаца Генадзем Смольскім адабраў сем хораў і столькі ж вакальных ансамбляў — у адпаведнасці з “парадкавым нумарам” фестывалю. Але супрацоўніцтва ПК з дырэкцыяй “БелАЗ-холдынга”, Мінскім абласным цэнтрам народнай творчасці і Мінскай гарадской арганізацыяй Беларускага прафсаюза работнікаў культуры так і хочацца назваць яшчэ адным ансамблем — за падтрымку “салістамі” адно аднаго. А дзейнасць работнікаў самога Палаца ў час свята і яго падрыхтоўкі — такім жа зладжаным “хорам”, дзе чуваць не асобныя галасы тых, хто “цягне коўдру” на сябе, а агульнае роўнае, збалансаванае гучанне — канчатковы мастацкі вынік.

/i/content/pi/cult/424/8733/1-1.jpeg

Спявае Камерны жаночы хор Лідскага музычнага каледжа (першая прэмія).

Журы на чале з народным артыстам Беларусі, прафесарам Міхасём Дрынеўскім адзначыла, што конкурсны ўзровень сёлета быў значна вышэйшы, чым калі-небудзь раней. А галоўнае — больш пераканаўчымі аказаліся менавіта харавыя калектывы. Адчувалася, што перыяд іх заняпаду паступова мінае — у тым ліку, дзякуючы і фестывальнаму руху ў гэтай галіне, што дае калектывам дадатковы стымул да развіцця. Ансамблі ж, на жаль, пачалі страчваць былую спрактыкаванасць. Знікла і само разуменне таго, што такое ансамбль і чым ён адрозніваецца ад хору. Некаторыя калектывы называюць сябе ансамблямі адно з-за невялікай колькасці ўдзельнікаў. Але тыя ж дзесяць-дванаццаць чалавек могуць быць і камерным хорам! Сапраўдны ж вакальны гурт павінен складацца з салістаў, галасы якіх не губляюцца ў агульнай музычнай тканіне, а складаюць свой індывідуальны арнамент. Гэтым якасцям у поўнай меры адпавядала “Берагіня” са Стоўбцаў (першая прэмія). Кампазіцыя “Маміна сэрца”, напісаная кіраўніком калектыву Тамарай Барахавай на верш Васіля Жуковіча, спалучала пранікнёную меладэкламацыю з джазавымі павевамі, мяккія квартэтныя акорды — з дробным падгалосачным вязьмом. Здавалася б, сімвалам брутальнасці маглі стаць вайскоўцы — вакальны гурт аркестра Інстытута пагранічнай службы Беларусі на чале з Аляксандрам Важнікам (другая прэмія). Але калектыў спыніўся пераважна на лірычным рэпертуары. І дадаўшы да яго казацкую песню са свістам, трактаваў усе творы надта буйнымі штрыхамі, хаця высокі прафесіяналізм удзельнікаў (з кансерваторскай адукацыяй!) дазваляў зрабіць усё куды больш музычна.

/i/content/pi/cult/424/8733/1-2.jpeg

Старшыня журы М.Дрынеўскі і кіраўнік хору “Мазаіка” Ж.Ялфімава (Гран-пры).

Гран-пры справядліва атрымаў змешаны акадэмічны хор “Мазаіка” Магілёўскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.Рымскага-Корсакава, які ўразіў яркімі паўнагучнымі фарбамі. Кіраўнік калектыву Жанета Ялфімава — прызнаны спецыяліст у галіне спеўнага мастацтва (можна без падказкі зразумець, хто быў першым і галоўным настаўнікам яе сына, знакамітага Пятра Ялфімава). На мінулым такім фестывалі яе хор атрымаў першую прэмію, а яна была адзначана за лепшую апрацоўку песні Э.Шчырага. Магілёўшчына трымала першынства і ў “камандным заліку”: у фінал адтуль выйшлі чатыры калектывы (столькі ж — з Міншчыны, два — з Віцебшчыны, па адным — з астатніх абласцей і сталіцы).

На вышэйшую ўзнагароду маглі б прэтэндаваць і такія калектывы, як Камерны жаночы хор Лідскага дзяржаўнага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Людмілы Пясецкай (першая прэмія), Камерны хор “Праабражэнне” Барысаўскай дзіцячай музычнай школы мастацтваў на чале з Сяргеем Пракопчыкам (другая прэмія). Але першаму, пры ўсёй тонкасці інтэрпрэтацый, часам не хапала еднасці формы і, галоўнае, каларыстычнасці гучання ў ніжнім рэгістры. Другі ж калектыў у сілу сваёй спецыфікі амаль цалкам, за выключэннем абавязковай песні, быў засяроджаны на духоўнай музыцы — у той час, як конкурсная праграма гэтага фестывалю патрабуе максімальнай разнастайнасці.

Прыемна, што вельмі “ўзрос” калектыў гаспадароў — Народная харавая капэла імя Э.Шчырага ПК “БелАЗ”, якую ўзначальвае Галіна Каліннікава. З’явіліся маладыя твары, больш выйгрышным і разнастайным стаў рэпертуар, дзе ўзніклі песні ў суправаджэнні ансамбля народных інструментаў. На жаль, менавіта выбар твораў, а часам і не лепшыя іх апрацоўкі заставаліся самым слабым звяном калектываў. Між тым, харавы рэпертуар — надзвычай багаты! І магчымасці папаўняць яго з густам, фантазіяй, улікам выканальніцкіх асаблівасцей — бязмежныя.

Сярод твораў Э.Шчырага часцей за ўсё абіраліся “Адлятаюць лебедзі”. Яны гучалі ў конкурсе ажно восем разоў! Прычым абсалютна па-рознаму, што не магло не радаваць. Некаторыя калектывы спявалі нават не адну, а дзве песні з шэрагу абавязковых. Дзякуючы фестывалю, творчая спадчына аўтара жыве. А харавое мастацтва набывае ўсё больш прыхільнікаў — і сярод удзельнікаў, і сярод слухачоў. Свята традыцыйна завяршаецца песняй Э.Шчырага на словы А.Казюкі “Беларусь — мая любоў”. Наспеў час да зводнага хору ўдзельнікаў далучаць і залу: дастаткова толькі надрукаваць тэкст у праграмцы, што раздаецца публіцы пры ўваходзе ў залу.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Жодзіна — Мінск

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"