А Мінск недаравальна ад-ста-е...

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

22 — 26 красавіка ў сталіцы праходзіў XX Міжнародны спецыялізаваны форум па тэлекамунікацыях і інфармацыйных тэхналогіях “TIBO”. У яго рамках 24 красавіка адбыўся навукова-практычны семінар “Электронная культура”. Арганізатары — міністэрствы інфармацыі, сувязі і інфарматызацыі, культуры ды Нацыянальная акадэмія навук. У бізнес-цэнтры сабраліся не толькі кіраўнікі, спецыялісты ўстаноў культуры, бібліятэкары, музейшчыкі, але і распрацоўшчыкі ды пастаўшчыкі праграмнага забеспячэння.

Мадэратар мерапрыемства, намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Алесь Суша здолеў паяднаць за чатыры гадзіны працы тэарэтычныя выкладкі прадстаўнікоў НББ, Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі з яркімі, так бы мовіць, навукова-папулярнымі інавацыйнымі развагамі работнікаў Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж”, Музея “Замкавы комплекс “Мір”, Нацыянальных мастацкага і гістарычнага музеяў...

/i/content/pi/cult/424/8732/2-1.jpeg

Якой нам бачыцца электронная бібліятэчная культура? Па меркаванні выступоўцаў, яе немагчыма ўявіць без сістэмнай карпаратыўнай каталагізацыі і ўвядзення зводнага электроннага каталогу бібліятэк краіны, без развіцця нацыянальнага бібліяграфічнага фармату BELMARC/B, без фактаграфічнай базы даных, без дакладна вывераных прынцыпаў універсальнай электроннай бібліятэкі і аўтаматызаванай сістэмы інфармацыйнага забеспячэння... У гэтай плыні інфармацыйных паняццяў пачувалі сябе, нібы рыбы ў вадзе, хіба што самыя прасунутыя праграмісты. А я ўзгадваў сельскага бібліятэкара ў “безінтэрнэтнай” установе, што знаходзіцца дзесьці паміж Асвеяй і Сапоцкінам, ды ціха сумаваў.

Рэгіёны ў бібліятэчным блоку выступоўцаў прадстаўляў толькі вучоны сакратар Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі Юрый Максіменка. Ён распавядаў пра інфармацыйныя рэсурсы ўласнай генерацыі. Аказваецца, самы запатрабаваны чытачамі сайт прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніка-земляка Івана Навуменкі. Вось вам і адказ на пытанне “Чыё імя замест Леніна мусіць насіць Гомельская абласная бібліятэка”. Думаецца, гэтае выступленне паслухалі б з вялікай карысцю для сябе бібліятэкары з рэгіёнаў, бо пісьменніцкіх інтэрактыўных сайтаў недаравальна мала нават на ўзроўні райбібліятэк. Пра сельскія і гаворкі пакуль няма...

Сярод “музейных” прамоў уразіла прэзентацыя “антыкрызіснай” праграмы намесніка дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь Аляксандра Храмога. Мяркуючы па ўзроўні крэатыўнасці новага кіраўніцтва ўстановы, музею нядоўга суджана заставацца ў статусе аўтсайдара. Дык вось, намеснік дырэктара пераканаўча казаў пра перспектывы інфарматызацыі музея і ўзаемадзеянне з патэнцыйнымі карыстальнікамі новых электронных паслуг. У наступным нумары “К” мы змесцім усё слушнае і практыкаарыентаванае, што прагучала на семінары. Але сутнасць выступлення Аляксандра Храмога зводзілася да таго, што Мінск абсалютна не прыстасаваны ў інфармацыйным аспекце да турыстычна-экскурсійнага абслугоўвання. А сённяшні замежны турыст (чытай — балельшчык хакейнага Чэмпіянату свету 2014 года) прызвычаіўся асвойваць новыя тэрыторыі прафесійна падрыхтаваным: з папярэднім веданнем, у якім гатэлі будзе жыць, у якім рэстаране — вячэраць і якія музеі мэтава наведае. Такой комплекснай электроннай інфармацыі пра сталіцу проста няма. Нясвіж і Мір, па словах намесніка дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея, у гэтым плане выгадна адрозніваюцца ад Мінска.

І выступоўцы з Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” і Музея “Замкавы комплекс “Мір” доказна гэта пацвердзілі на прыкладзе, скажам, выкарыстання тэхналогій QR-кода і развіцця інтэрактыўнай рэкламы...

Выступленне дырэктара Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Міхаіла Рыбакова аказалася хоць і “пазажанравым”, але пераканала і бібліятэкараў, і музейшчыкаў, што надышоў час пераходзіць ад шматзначных дэкларацый да канкрэтных спраў. Відэаканферэнцыі з удзелам замежных беларускіх суполак, да прыкладу, сталі для РЦНК калі не будзённасцю, дык цалкам дасягальнай явай.

Я.Р. 

Фота Юрыя ІВАНОВА