Вёска з шыльдай “Помнік, які ахоўваецца дзяржавай”?

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Каб аптымізацыя заставалася аптымальнай...

Он-лайн-канферэнцыя: развіццё сельскіх тэрыторый

Чарговая он-лайн-канферэнцыя, што прайшла днямі ў Інфацэнтры ”Культура-інфа”, была прысвечана пытанням развіцця сельскіх рэгіёнаў. Гаворка ішла пра сацыяльны кантраст паміж аграгарадкамі і тымі паселішчамі, што ў свой час не трапілі ў поле зроку Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла. Між тым, не сакрэт, што на сёння і асобныя аграгарадкі церпяць ад дэмаграфічнага скарачэння насельніцтва. А пэўны кантраст матэрыяльна-тэхнічнай базы існуе паміж сельскімі і гарадскімі клубнымі ўстановамі. Інакш кажучы, абсталяванне сцэны і дыскатэчная апаратура РДК іншым разам значна саступае “ўзбраенню” аграгарадоцкага СДК. Як ліквідаваць гэтыя кантрасты? І ці магчыма захаваць “нестатусную” беларускую вёску пад час аптымізацыі, што апошнім часам упэўнена набірае абароты?

На гэтыя надзённыя пытанні паспрабавалі адказаць начальнік упраўлення культуры Брэсцкага аблвыканкама Сяргей ПАНАСЮК, першы намеснік начальніка ўпраўлення культуры Гомельскага аблвыканкама Вольга АНТОНЕНКА, начальнікі аддзелаў культуры райвыканкамаў: Старадарожскага — Святлана КАРОЛЬКА, Дубровенскага — Людміла ДУДАРАВА, Навагрудскага — Наталля ЖЫЖКО, Нараўлянскага — Віктар ЗАХАРАНКА, Расонскага — Святлана ВОЛКАВА, дырэктар сельскага Дома культуры аграгарадка “Вяззе” Асіповіцкага раёна Мікалай ЗАБАЎСКІ, дырэктар аўтаклуба аддзела культуры Касцюковіцкага райвыканкама Таццяна МЯЛЕШЧАНКА.

Admin:

— Рэдакцыя вітае ўдзельнікаў канферэнцыі. Першае пытанне звязана з далейшым развіццём не аграгарадкоў, а звычайных “нястатусных” вёсак. У чым тут бачыцца галоўная праблема?

Dudarava:

— Для нашага раёна, як падаецца, гэтая праблема звязана з дэмаграфічнай сітуацыяй. На Дубровеншчыне — 134 населеныя пункты, у 110-і з іх — да 50-і чалавек насельніцтва. І толькі ў 24-х вёсках яго больш за паўсотні чалавек. Але ж ёсць і па 5 — 10 жыхароў у населеных пунктах.

Admin:

— Калі насельніцтва ў вёсцы меншае за 50 чалавек, дык у ёй, напэўна, і школа неўзабаве зачыніцца, і сельскі клуб з бібліятэкай...

Dudarava:

— Так яно і адбываецца. А пасля аптымізацыі зона абслугоўвання СДК, вясковай бібліятэкі значна павялічваецца. І якімі б добрымі не былі аўтаклуб з аўтабібліятэкай, але стацыянарныя ўстановы яны не заменяць. Гаворка тут не столькі пра расход бензіну, колькі пра якасць абслугоўвання. Лічу, варта перагледзець нарматывы колькасці гурткоў для клубаў, чытачоў — для бібліятэк. А сёння менавіта па гэтых нарматывах вызначаецца ход аптымізацыі ўстаноў культуры.

Panasiuk:

— Мы дзейнічалі і дзейнічаем у гэтым кірунку згодна з Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Лядашчых устаноў культуры па раёнах Брэсцкай вобласці ўжо няма. А работа аўтаклубаў і аўтабібліятэк, я перакананы, цалкам сябе апраўдвае.

Admin:

— А ёсць на Брэстчыне аграгарадкі, дзе трэба ўжо школы зачыняць?

Panasiuk:

— Няма... Мы лічылі ў свой час кожны рубель, імкнуліся ўсяляк спрагназаваць будучае развіццё нашых аграгарадкоў, стараліся зрабіць іх дзейснымі сацыяльнымі цэнтрамі сельскіх тэрыторый. На мой погляд, дзейнічалі правільна і не для таго, каб укладзеныя ў сяло грошы аказаліся выкінутымі на вецер. Таму “правальных” аграгарадкоў на Брэстчыне вы не сустрэнеце.

Antonenka:

— Мы прытрымліваемся гэткай жа тактыкі. Пры стварэнні аграгарадкоў улічвалася і прагнозная дэмаграфічная сітуацыя.

Admin:

— Пэўны час таму “К” крытыкавала Гомельшчыну за малую колькасць мабільных устаноў культуры.

Antonenka:

— Тым не менш, кожны дробны населены пункт вобласці не застаецца сёння без культурнага абслугоўвання. І немалую ролю тут адыгрываюць бібліобусы і аўтаклубы.

Mialeschanka:

— Не ведаю, як у іншых раёнах, але ў Касцюковіцкім канцэртнае абслугоўванне вёскі вядзецца вельмі актыўна. І заслуга тут належыць не толькі нашаму аўтаклубу. Ужо сёлета на вёсцы адбылося больш за 130 канцэртных праграм. Вы, напэўна, ведаеце, што ў нас дастаткова шчыльныя стасункі з Магілёўскай абласной філармоніяй. На васьмі філарманічных пляцоўках выступаюць не толькі творчыя калектывы Касцюковіччыны, але і прафесійныя артысты з абласнога цэнтра, нярэдка — і з Мінска.

Admin:

— А што канкрэтна зрабіў сёлета ваш аўтаклуб?

Mialeschanka:

— Паспелі правесці на сяле амаль сорак мерапрыемстваў. Гэта канцэрты, тэатралізацыі, абрады... Аднак улічыце і тое, што паралельна з намі працуюць не толькі філарманісты. Прыкладна раз у месяц на сяло выязджаюць аб’яднаныя канцэртныя брыгады Касцюковіцкай дзіцячай школы мастацтваў і Маладзёжнага культурнага цэнтра “Юнацтва”.

Admin:

— Наколькі рэдакцыі вядома, вясковыя бабулі вельмі незадаволеныя скарачэннем колькасці ўстаноў культуры. Маўляў, прыезджыя артысты — гэта добра, але лепш, каб мясцовыя заставаліся. Што думаюць на гэты конт практыкі?

Zabauski:

— Ніколі мабільныя клубы не заменяць стацыянарныя! Бабуль сапраўды шкада. Закрываецца клуб — знікае вёска. Шмат ужо таму доказаў…

Volkava:

— Я не стала б сцвярджаць так катэгарычна. Наш Расонскі раён, да прыкладу, не надта вялікі: 15 бібліятэк, 13 клубных устаноў. Аўтаклуб у аддзеле быў, а напрыканцы мінулага года купілі і бібліобус. Гэта — “Купава” з грузавым адсекам. І вось тыя два аўтамабілі цалкам замяняюць стацыянарныя ўстановы, ліквідаваныя пад час аптымізацыі.

Admin:

— Ці існуе праблема з тэхнічным укамплектаваннем мабільнага клуба?

Mialeschanka:

— Не. Апаратура нас задавальняе. У раёнах вобласці існуе праблема іншага кшталту: маіх калег — кіраўнікоў аўтаклубаў — не надта задавальняюць памеры мікрааўтобусаў. Занадта ўжо дробны канцэртны дэсант з-за гэтага атрымліваецца... Нам пашанцавала: у выніку сяброўства і творчага супрацоўніцтва з райвыканкамаўскім аддзелам фізічнай культуры, спорту і турызму займелі сабе аўтобус “ПАЗ”.

Karolka:

— А мы з гэтага года распачынаем творчую акцыю “Вёсачка мая”. Сутнасць яе ў наступным: для эканоміі сродкаў і больш якаснага абслугоўвання вясковага насельніцтва аб’ядноўваем выезды аўтаклуба і бібліобуса. На адным маршруце абслугоўваецца тры-чатыры вёскі. Выезд ладзіцца раз на два тыдні. Да мая паспеем пабываць ва ўсіх 60-і маланаселеных вёсках.

Admin:

— Наколькі балючым з’яўляецца сённяшні працэс аптымізацыі?

Volkava:

— Прынамсі, скаргаў няма. У вёсцы Марачкова клуб і бібліятэка знаходзіліся ў двухпавярховым будынку. Вось ужо два гады як мы ўтварылі тут клуб-бібліятэку, звялі няпоўныя стаўкі ў адну, нікога не скарачалі, але перавялі ўстанову ў больш сціплае памяшканне. Эканомія сродкаў — відавочная. З сакавіка па такім жа прынцыпе ўтварылі бібліятэку-клуб у вёсцы Галубова. З ліпеня аб’яднаны клуб-бібліятэка пачне працаваць у Галоўчыцах. Перапрафіліроўка ўстаноў наўпрост звязана з адукацыяй кіраўніка — у Галубове працуе бібліятэкар, а ў Галоўчыцах — клубнік. Я пераканана, такі падыход да аптымізацыі самы аптымальны...

Zaharanka:

— Летась мы зачынілі на Нараўляншчыне два сельскія дамы культуры, бо знаходзіліся яны ў паселішчах, дзе жыве 15 — 20 чалавек. І працэс аптымізацыі, як падаецца, не быў балючым ні для работнікаў, ні для жыхароў-пенсіянераў. Па-першае, кожны ахвотны атрымаў працу. Да прыкладу, клубнага работніка з вёскі Аляксандраўка, што мае спецыяльную адукацыю, мы з ахвотай забралі ў Нараўлянскі РДК... Па-другое, маланаселеныя вёскі без стацыянарных устаноў культуры рэгулярна абслугоўваюцца нашымі мабільнымі ўстановамі. Мы цудоўна разумеем, наколькі важным з’яўляецца наш уплыў на людзей, што пацярпелі ў свой час ад чарнобыльскай бяды. Таму і стараемся, каб, скажам, канцэрты на сяле былі не горшымі, чым у раённым цэнтры.

Zabauski:

— У нашага СДК у зоне абслугоўвання — больш за тысячу вяскоўцаў, што пражываюць у васьмі населеных пунктах. Зона вялікая, таму і працаваць даводзіцца літаральна пад парай. І гэта ўсё — вынікі аптымізацыі. Не, мы, канешне, выязджаем з канцэртамі да людзей сталага веку і адзінокіх. Такія акцыі мы называем “Сустрэчамі на прызбе”. І мясцовая сельскагаспадарчая арганізацыя нам вельмі дапамагае ў іх наладжванні. Але рэгулярнасць іх не задавальняе вяскоўцаў, што пражываюць у аддаленых паселішчах. Так што незадаволеных — шмат.

Admin:

— Дык як вёску захаваць?

Zyzko:

— Лічу, што вёска захаваецца пры належным развіцці агратурызму. Мы праўда, толькі падступаемся да гэтага: наладжваем кантакты з гаспадарамі аграсядзіб. У нас іх — 16. Праводзім тут семінары, майстар-класы. Інакш кажучы, прапаноўваем прыватнікам свой арт-тавар: рамёствы, абрады, канцэртныя праграмы...

Admin:

— Усё гэта слушна. Але ж у самім Навагрудку, гэтым своеасаблівым горадзе-музеі, няма адпаведнай інфраструктуры. Да прыкладу, “К” пастаянна піша, што побач з рэшткамі мясцовага замка няблага было б збудаваць і кавярню, і сувенірную краму...

Zyzko:

— Спадзяюся, што ўсё гэта, як і многае іншае, неўзабаве ля Навагрудскага замка з’явіцца абавязкова. Прынамсі, дакументы на адпаведныя трансгранічныя праекты ўжо рыхтуюцца.

Admin:

— У райцэнтрах, што прыемна, сітуацыя пакрысе выпраўляецца. Але асноўная гаворка — пра “нестатуснае” сяло. У каго яшчэ ёсць канкрэтная стратэгія па яго захаванні?

Mialeschanka:

— Будуць жыць аграгарадкі — будзе жыць і сяло. Але пры ўмове пастаяннага культурнага ўзаемаўзбагачэння.

Panasiuk:

— На Брэстчыне цяпер ці не асноўная тэма — узбуйненне сельскіх саветаў. Цэнтрамі становяцца, натуральна, аграгарадкі. Ці будзе мець мясцовы сельскі Дом культуры статус юрыдычнай асобы, ці не — асаблівага значэння не мае. Галоўнае, што такая ўстанова здольная ўплываць на культурную палітыку цэлага “куста” бліжэйшых вёсак, у тым ліку — і маланаселеных. А гэта, пагадзіцеся, аптымальная стратэгія сацыяльнага развіцця сельскіх тэрыторый.

Admin:

— Маеце на ўвазе, што ёсць магчымасць бензін эканоміць, калі маршруты мабільных канцэртных груп пралягуць не ад райцэнтраў, а ад сельсаветаў?

Panasiuk:

— А гэта таксама вельмі істотна! І пры такім раскладзе любы “куставы” работнік культуры павінен працаваць у самым шчыльным кантакце з кіраўніцтвам сельвыканкама. Тады і з транспартам праблем не будзе. Словам, эканомія — відавочная. Але, апрача выдаткаў, кожнага з нас павінен турбаваць і высокі аўтарытэт сельскага работніка культуры, ад намаганняў якога і залежыць далейшы лёс беларускай вёскі.

Karolka:

— На Старадарожчыне работнікі культуры імкнуцца наладзіць партнёрства з кіраўніцтвам сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Летась, да прыкладу, “аграрнікі” дапамаглі набыць нам два камплекты музычнай апаратуры. Мяркую, у такім узаемадзеянні — будучыня нашага сяла.

Admin:

— Працягнем гаворку пра кантрасты. Ці назіраюцца яны, скажам, паміж аграгарадоцкай матэрыяльна-тэхнічнай базай і райцэнтраўскай?

Antonenka:

— Пэўны час аграгарадкі, сапраўды, заставаліся прыярытэтнымі аб’ектамі. Але на сёння я не стала б характарызаваць іх як “адзінае любімае матчына дзіця”. Паступова ды планава фінансуюцца і ўстановы культуры іншых вёсак.

Dudarava:

— У нашым раёне — 14 аграгарадкоў. Па сутнасці, за іх кошт вёска цяпер толькі і трымаецца. Рэалізацыя Дзяржпраграмы адраджэння і развіцця сяла, інакш кажучы, аказалася і своечасовай, і надзвычай дзейснай. Райцэнтр па пэўных пазіцыях адстае ад сяла. Апаратуру для РДК мы мяняем за свой кошт, бо абавязвае да гэтага наш фестываль “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, заяўку на ўдзел у якім сёлета пацвердзілі ўжо дзевяць краін... А вось музея не маем у райцэнтры і па сёння...

Admin:

— У 2010 годзе “К” пісала пра гэту праблему. А што замінае пераўтварыць кляштар XIX стагоддзя ў доўгачаканы музей?

Dudarava:

— Грошы нам летась выдаткавалі. Абласное ўпраўленне капітальнага будаўніцтва вызначыла для нас і генеральнага падрадчыка — будтрэст № 18 з Оршы. 256 мільёнаў рублёў было асвоена на карэкціроўцы праектнай дакументацыі. А 400 мільёнаў, прызначаныя для рэканструкцыі будынка, падрадчык асвойваць адмовіўся. Маўляў, іншай працы ў яго шмат. Мы абласное УКБ пісьмамі закідалі. У першым квартале ніякіх зрухаў не адбылося. Электронныя таргі па выбары падрадчыка прызначаны на 4 красавіка, і адбудуцца яны толькі 7 мая. Карацей, зноў губляем час.

Zabauski:

— А я бы зараз не пра кантрасты паміж горадам і вёскай казаў, а пра тое, што тэхнічнае забеспячэнне аграгарадка патрабуе пастаяннага абнаўлення. Так, у СДК аграгарадка “Вяззе” — чатыры камп’ютары, што дазваляе нам актыўна асвойваць інтэрнэт-прастору, прасоўваць уласны арт-прадукт у сацыяльнай сетцы, інтэрактыўна рыхтаваць мультымедыйныя дыскатэкі... Але тэхніка гэта паспела маральна састарэць. Патрэбны і новыя мікрафоны, пульты... Калі мы жадаем “прывязаць” моладзь да вясковых весніц, без планавага пераўзбраення сельскіх клубаў проста не абысціся.

Admin:

— Усё гэта — неаспрэчна. Але і ў райцэнтрах праблем хапае. Вось, да прыкладу, у Навагрудку доўгі час знаходзіўся ў аварыйным стане РДК. Што з ім на сёння?

Zyzko:

— Вельмі складаную рэканструкцыю ўнікальнага будынка (помніка архітэктуры, што з’яўляецца неад’емнай часткай гарадской плошчы) правялі менш чым за год. Летась асноўныя мерапрыемствы абласных “Дажынак” ладзілі менавіта ў абноўленым РДК. На рэканструкцыю выкарысталі не адзін мільярд раённых і абласных грошай. Затое на сёння не сорамна за клубную ўстанову: шыкоўныя залы, пакоі для работы гурткоў, самая сучасная музычныя і светлавая апаратура.

Admin:

— А як справы з захаваннем і рэканструкцыяй палацава-паркавага ансамбля ў Нароўлі? Доўгі час аб’ект таксама быў “замарожаны”...

Zaharanka:

— Адраджэнне гэтага ансамбля, як вы ведаеце, уключана ў Дзяржаўную праграму развіцця Прыпяцкага Палесся. Фінансаванне яе было прыпынена ў свой час з-за няпростай эканамічнай сітуацыі ў краіне. І вось, урэшце, на чацвёрты квартал нам выдаткоўваецца 400 мільёнаў для доўгачаканага завяршэння праектна-каштарыснай дакументацыі па рэстаўрацыі палаца. Аб’ект знаёмы ці не кожнаму ў рэспубліцы, але дзейным брэндам горада і раёна, на жаль, так пакуль і не стаў.

Ад рэдакцыі. Было б дзіўна, калі б на такое глабальнае пытанне “Як захаваць беларускую вёску?”, мы атрымалі б сёння канкрэтны і адназначны адказ. Колькі суразмоўцаў, столькі і пунктаў гледжання. Неаспрэчным, як думаецца, застаецца адно: словы “вёска” і “культура” ў дадзеным выпадку — сінонімы. І для таго, каб вясковы лад жыцця не пераскочыў знянацку ў фармат легенд і паданняў, варта надаць рэгіянальнай культуры статус дзяржаўнай каштоўнасці, а сельскаму клубу — дзейсныя паўнамоцтвы захавання і развіцця гэтай каштоўнасці. У адваротным выпадку працэс аптымізацыі стане бясконцым і разбуральным. Памяць мы так-сяк вучымся ахоўваць. А яву?

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"