Клас у сямі партрэтах

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Святкаванне 45-годдзя творчай дзейнасці мастацкага кіраўніка Беларускай дзяржаўнай філармоніі, заслужанага артыста краіны, прафесара Юрыя Гільдзюка сталася канцэртам маладых піяністаў — ягоных выхаванцаў, спрэс лаўрэатаў міжнародных конкурсаў. Юбіляр з’явіўся на сцэне толькі на фінальным паклоне — так выходзіць рэжысёр пасля сваёй прэм’еры.

Гэта і папраўдзе быў спектакль. Без асаблівых ушанаванняў, урачыста-віншавальных прамоў ці жартаў а la капуснік — адно з прачытаным вядучай вершам, што быў складзены студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў гонар свайго настаўніка. Месца дзеяння ў тым спектаклі — раяль. І ён жа — бы цэнтральная дзеючая асоба, якая напрыканцы набывае свайго “двайніка”, каб адзін з твораў загучаў фартэпіянным дуэтам. Кожны з піяністаў быццам маляваў свой “партрэт” раяля. А той, з ганарліва адкрытай крышкай, нагадваў карабель з узнятым ветразем.

Настасся Аляксейчык, выконваючы Партыту І.С. Баха, вярнула раялю старадаўняе клавесіннае аблічча з абсалютнай тэмбравай роўнасцю, сухаватым пачаткам гучання і яго хуткім згасаннем. У Баладзе Э.Грыга, напісанай у форме варыяцый на нарвежскую народную тэму, хтосьці спадзяваўся пачуць водгаласы скандынаўскіх інструментаў — ажно не, акцэнт быў зроблены не столькі на саму тэму, колькі на баладнасць яе выкладання. У кожным з усё больш віртуозных правядзенняў узнікалі новыя адметныя размоўныя інтанацыі (у кульмінацыі, праўда, хацелася б больш фізічнай моцы), завяршыўся ж аповед амаль “харавым” гучаннем раяля.

/i/content/pi/cult/424/8730/2-3.jpeg

Шыкоўная “маналагічная дыялагічнасць” інструмента, чаргаванне строгай графікі ўнісонных ліній і разнаквецця шматслойных напластаванняў узніклі ў Аляксандра Данілава пры выкананні Санаты Ф.Ліста. Відавочна, што больш глыбокае філасофскае асэнсаванне гэтага драматычнага твора яшчэ прыйдзе, але ўжо зараз малады музыкант шукае ўласныя шляхі спасціжэння гэтага няпростага твора. Яму цудоўна ўдаецца не толькі бурлівая лістаўская рамантыка, але і папраўдзе незямныя вяршыні стрыманай лірыкі.

Сапраўдную шапэнаўскую шляхетнасць адлюстраваў у яго Баркароле Арцём Шаплыка, якому ўвогуле ўласціва спакойна адасобленая манера, калі выканаўца дыстанцыруе сябе і твор, быццам назіраючы за ім звонку. Але ў выкананных ім ранніх Варыяцыях П.Чайкоўскага з’явілася такая шчырасць, што гукі, народжаныя закрытымі бутонамі, раптам распускаліся чароўнымі кветкамі.

Алена Вінэль прадставіла С.Рахманінава ў яго Варыяцыях на тэму Карэлі вельмі “класічным”, гарманічна ўраўнаважаным, з роўным цурчаннем пасажаў. Юлія Архангельская, якая выступала дуэтам з мужам Аляксандрам Паляковым, на біс сыграла знакамітае Адажыа са “Шчаўкунка” — з глыбокай матчынай мудрасцю і цеплынёй.

Такое завяршэнне канцэрта ўспрымалася не столькі гімнічнай, колькі па-чалавечы сардэчнай кодай. Кульмінацыяй жа, безумоўна, былі творы Ф.Ліста ў інтэрпрэтацыі Аляксандра Палякова. Ён іграў крыху паблажліва, без залішняй заўзятасці, як сталы прызнаны майстра. Таму, пэўна, і “Мроі кахання” паўсталі, хутчэй, светлым успамінам. А Другая Венгерская рапсодыя скарыла не адно віртуознай бездакорнасцю — насамрэч майстэрскай, калі яна амаль не заўважаецца, саступаючы месца ўласна эстэтычнаму задавальненню. Замест знешняга бляску, твор набыў рацыянальна расстаўленыя сэнсавыя акцэнты, часам нечаканыя, у нязвыклых момантах.

Натуральна, гэта былі далёка не ўсе выхаванцы класа Ю.Гільдзюка. Сярод яго цяпер ужо малодшых калег — Андрэй Сікорскі, Андрэй Паначэўны (дарэчы, адзіны беларускі піяніст, які стаў лаўрэатам найпрэстыжнага конкурсу імя П.Чайкоўскага ў Маскве), канцэртмайстар Алена Лузган. А ёсць жа яшчэ Наталля Венская, Аляксандра Беляковіч — усіх не пералічыць. Ва ўсіх сэнсах слова — клас...

Н.Б.