Зачыняйце шчыльна дзверы!

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

Бяспека дзяржавы — гэта ўпэўненасць у эканамічнай незалежнасці. Сённяшняй і заўтрашняй. І з прыбыткам, як вядома, застаецца толькі ашчадны гаспадар, які эканоміць на ўсім, толькі не на людскім даверы. І калі гаворка пра ўстановы культуры, дык падыходы да выканання дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі ад 14 чэрвеня 2007 года № 3 “Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” павінны быць асабліва адказнымі і дзейснымі. Бо бібліятэкі і клубы — не толькі месцы займальнага баўлення вольнага часу, але і цэнтры выхавання насельніцтва, якія павінны дзейнічаць па прынцыпе “рабі, як мы”. Інакш кажучы, не толькі арганізоўваць паўнавартасны адпачынак, але і дапамагаць на ўласным прыкладзе наладжваць разумны побыт. Менавіта да гэтага і імкнуцца культасветработнікі Міншчыны. Пра тое, як эканомія энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў пераўтвараецца ў прыбытак духоўны, карэспандэнт “К” гутарыць з начальнікам упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Анатолем АКУШЭВІЧАМ.

 /i/content/pi/cult/140/873/Socium1.jpg
— Анатоль Леанідавіч, зіма пакуль паводзіць сябе літасціва, нібы дае час не надта руплівым гаспадарнікам, як кажуць, падцягнуцца. І як паводзіць сябе сёй-той у такіх варунках? У некаторых сталічных офісах (напэўна, самі бачылі) — вокны насцеж: батарэі грэюць вулічнае паветра. Літаральна вылятаюць “грошы на вецер”. Ваша ацэнка такой неахайнасці?
— Значыць, няма там уліку цяпла, значыць, не пачынаецца кожная вытворчая планёрка з аналізу эканоміі энергетычных рэсурсаў, значыць, адсутнічаюць адказныя асобы, значыць, няма гаспадара... Ігнараванне дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — гэта проста эканамічнае злачынства.Нашы культасветработнікі за справу гонару лічаць, каб у дамах культуры, бібліятэках, музеях і расход паліва быў мінімальны, і тэмпературны рэжым заставаўся спрыяльным для спажыўцоў культуры. Хіба ж прывабіць, скажам, аматараў кнігі чытальная зала вясковай бібліятэкі, калі там хоць ваўкоў ганяй?..
Заўжды казаў і казаць буду падначаленым: разумная эканомія і ашчаднасць — абавязковыя праявы прафесіяналізму. І пастаянна знаходжу паразуменне ў калег-аднадумцаў. Упэўнены, толькі з гэтае прычыны эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў ва ўстановах культуры вобласці дасягнула на 1 кастрычніка гэтага года 13,5 працэнта пры планавым паказчыку 10,4. І, паверце, гэта не эканомія дзеля эканоміі. У клубах, бібліятэках, музеях і дзіцячых школах мастацтваў— самая камфортная тэмпература, і ўключанай без патрэбы лямпачкі вы там не заўважыце...
— З чаго пачыналі?

— З вераснёўскага загада ўпраўлення культуры “Аб стварэнні камісіі па кантролі за эканоміяй і рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў”. Аналагічныя камісіі былі створаны ва ўсіх нашых арганізацыях. Больш за тое, прызначылі нават пазаштатных інспектараў па наглядзе за выкананнем загада.

Падрыхтоўку да зімы распачалі яшчэ ўвесну. У маі былі распрацаваны першачарговыя мерапрыемствы па падрыхтоўцы да ацяпляльнага перыяду. Кожны аддзел культуры Міншчыны ўзяў пад кантроль прафілактыку сістэм ацяплення, рамонт кацельняў і складскіх памяшканняў для захавання паліва. І рэзерваў тут было вельмі шмат. Напрыклад, за кошт устаноўкі больш сучасных катлоў здолелі ўзняць каэфіцыент аддачы нашых кацельняў з 50 да 70 працэнтаў.

Натуральна, нашай групе па тэхнаглядзе і капітальным рамонце на чале з Таццянай Дубік клопату хапіла, але і аддача атрымалася відавочнай. Установы культуры вобласці маюць 395 топачных і 31 газавую кацельні. Усе топачныя сёлета пераведзены на мясцовыя віды паліва. У 2002 годзе мы выкарыстоўвалі ад агульнай колькасці паліва 14 працэнтаў вугалю, летась жа давялі гэты паказчык да 1,2 працэнта, а сёлета ад вугалю адмовіліся ўвогуле.

— Два гады таму, у час выязной калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у СДК аграгарадка “Дорскі”, што на Валожыншчыне, была паказана сістэма паветранага ацяплення — ці не першая на той час у рэспубліцы. Сваёй кампактнасцю і эканамічнасцю ўразіла больш, чым шыкоўныя кандыцыянеры ў Валожынскім раённым цэнтры культуры... Некалькі слоў пра гэтую інавацыю, Анатоль Леанідавіч.

— Не інавацыя гэта, а, хутчэй, адроджанае забытае старое. Паветрадуўная сістэма вельмі эфектыўная ў невялікіх памяшканнях. А Дорскі сельскі дом культуры і баўлення вольнага часу— менавіта такі. Узведзены ён яшчэ ў 1961-ым, але ў 2005 годзе, падчас здачы аграгарадка, капітальна адрамантаваны.

Дарэчы, галоўная выснова нашай гаворкі, на мой погляд, у тым, што выкарыстанне
 /i/content/pi/cult/140/873/Socium2-49.jpg
энергазберагальных тэхналогій, паўсюдная эканомія сродкаў, узведзеная ў ранг дзяржаўнай палітыкі, дазваляюць нам павялічыць грашовыя ўкладанні ў развіццё ўстаноў культуры. На той жа Дорскі СДК было затрачана ў свой час больш за 300 мільёнаў рублёў. Будынак і памяшканні, якім амаль 50 гадоў, выглядаюць сёння суперсучасна. На 20 мільёнаў рублёў набыта тут гука— і светлаапаратуры. Зала — на 180 месцаў, ёсць 5 утульных пакояў для паўнавартаснай клубнай работы...

— А ў цэлым па вобласці якія грошы затрачваеце на ўкараненне энергазберагальных тэхналогій?

— Калі ў 2000 годзе гэтая сума складала 8,8 мільёна рублёў, дык у мінулым на энергазберажэнне было выдаткавана з мясцовага бюджэту ўжо ледзь не 2 мільярды. І гэтыя ўкладанні пакрысе, але ўпэўнена акупляюцца, бо ў планах капітальных рамонтаў і рэканструкцый устаноў культуры аўтаматычна закладваюцца і тэхналогіі рацыянальнага выкарыстання паліўна-энергетычных і матэрыяльных рэсурсаў. І ў гэтым вялікі сэнс. Мы не латаем сутаргава штогод дзіркі, а імкнемся паэтапна і якасна ўвесці ва ўжытак самыя сучасныя стандарты культурнага абслугоўвання.

Сёлета толькі за 9 месяцаў на выкананне энергазберагальных тэхналогій нашы ўстановы асвоілі 1,9 мільярда рублёў. Што маецца на ўвазе? Рэканструявалі амаль сем з паловай тысяч квадратных метраў дахавых пакрыццяў, устанавілі амаль дзве тысячы квадратных метраў энергазберагальных вокнаў і дзвярэй, набылі 926 эканамічных свяцільнікаў (штогод набываем іх больш за 1500 штук), ажыццявілі тэрмарэнавацыю (уцяпленне) 1823 квадратных метраў сцен і канструкцый, замянілі 13 малаэфектыўных катлоў.

— А з палівам для кацельняў праблем няма?

— На 1 кастрычніка гэтага года гадавыя планы па назапашванні торфабрыкету выкананы больш чым на 70 працэнтаў, дроў — больш чым на 60. Запасы іх на працягу ацяпляльнага сезона папаўняюцца па меры неабходнасці.

Паўтаруся, установы культуры і мастацтва Міншчыны практычна цалкам абсталяваны прыборамі ўліку цеплавой энергіі— там, дзе ёсць для таго тэхнічныя магчымасці і практычная неабходнасць ва ўстаноўцы. Цяпло не толькі ўлічваем, але і рэгулюем.

Вынікі энергазберажэння падводзім рэгулярна на планёрках і рабочых пасяджэннях. Так што шклопакетаў, адчыненых зімой, вы ў нас не ўбачыце грошы на вецер не кідаем.

Дадам, што паралельна з падрыхтоўкай да ацяпляльнага сезона мы правялі ў рэгіёнах работу па ўмацаванні пажарнай бяспекі, па прафілактыцы іншых надзвычайных здарэнняў. Адначасова з загадам аб падрыхтоўцы да работы ў зімовых умовах упраўленне культуры выдала загад ад 3 мая 2007 года аб захаванні правілаў пажарнай бяспекі.

Для нармальнай дзейнасці ўстаноў культуры вобласці ўсе пашпарты гатоўнасці спажыўцоў энергіі ўзгоднены са службамі дзяржаўнай службы Энерганагляду.

— Можа, Анатоль Леанідавіч, якому-небудзь чытачу “К” наша гаворка падасца сумнай — не творчыя дасягненні абмяркоўваем. Але на апошнім пасяджэнні калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь міністр слушна заўважыў, што кіраўнікі ўстаноў галіны мусяць надаваць гаспадарчым, фінансавым і эканамічным пытанням такую ж першарадную ўвагу, як і пытанням творчым...

— Неаспрэчна! Калі б не гэтыя гаспадарчыя шчыраванні, дык і падстаў для гаворкі пра духоўны прыбытак не было б. Мы ствараем матэрыяльную базу, сучасную, надзейную, эканамічную, а значыць, забяспечваем самыя спрыяльныя ўмовы не толькі для працы культасветработнікаў, але, у першую чаргу, для ўсебаковага развіцця асобы, росту творчай ініцыятывы, духоўных і эстэтычных патрэб жыхароў Міншчыны.

Словам, зэканомленыя сродкі працуюць. Мы заканчваем рэканструкцыю цэнтральнай бібліятэкі ў Нясвіжы, дзіцячай школы мастацтваў у Мар’інай Горцы, РЦК у Крупках, адрамантавалі школы мастацтваў у Клецку і Лагойску, дамы культуры ў Лагойску і Мар’інай Горцы. Вялікія аб’ёмы работ выкананы ва ўстановах культуры Валожына, Дзяржынска, Смалявічаў, Стоўбцаў, Узды, Чэрвеня, аграгарадкоў вобласці.

Цяпер вядзем будаўніцтва дзіцячай школы мастацтваў у Любані. На гэтым аб’екце ўжо асвоена больш чым 600 мільёнаў рублёў.


Гутарыў Андрэй СТАРЖЫНСКІ
Фота аўтара