Ступень любові

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

“Лічу сябе вучнем Цвіркі…”

Адзін з найстарэйшых музеяў Малдовы — Нацыянальны музей прыроды і этнаграфіі — амаль на месяц расчыніў свае дзверы для прыгожага вернісажу “Зямля і неба” нашага земляка, беларускага мастака Вячаслава Ігнаценкі. Бясспрэчна, кожная ягоная персанальная выстаўка — гэта яркая падзея ў культурным жыцці Кішынёва. Асаблівасць дадзенага трыццаць пятага вернісажу — метафарычнасць, бо прымеркаваны ён быў да Міжнароднага дня птушак. Птушкі, як і сапраўднае мастацтва, з’яўляюцца своеасаблівым абсалютам. Творчасць Вячаслава Ігнаценкі як цудоўны ўзор сапраўднага мастацтва прымушае кожнага хоць на імгненне спыніцца і задумацца пра нешта сваё, але абавязкова ўзнёслае, прыгожае, сапраўднае.

/i/content/pi/cult/424/8729/2-1.jpeg

“...Вясна. Пішу эцюд ля ракі. Вакол птушак так шмат, што могуць зачапіць крылом. Спяваюць, ціўкаюць, чуваць, як куе зязюля. Гудуць пчолы. Пралятаюць матылькі. Жабы квакаюць на ўсе лады. Уражанне ад усяго, як быццам трапіў на канцэрт, які стварыла сама прырода. Усе радуюцца вясне, пачатку жыцця. Запомнілася. Потым часта ўспамінаў. Даўно хацеў зрабіць такую выстаўку пейзажа, дзе адлюстравана прырода, а побач — птушкі, чуваць іх спевы, шум вясновага ветру і дажджу, раскаты грому — каб глядач адчуў атмасферу, у якой працаваў мастак”, — кажа аўтар пра сваю выстаўку.

/i/content/pi/cult/424/8729/2-2.jpeg

І сапраўды, як толькі пераступаеш праз музейны парог, адразу ж трапляеш у цалкам іншую атмасферу зачаравання, сапраўднай прыроднай размеранасці і спакою. Класічныя пейзажы Ігнаценкі ў досыць вялікай колькасці (каля 60-ці) далікатна і гарманічна ўпісаліся ў прастору. Тут прадстаўлена і яркая цудоўная прырода Малдовы, і Украіна з яе велічнымі горнымі хрыбтамі, і, вядома, незабыўныя любімыя краявіды роднай Беларусі. “Прасцяг”, “Вечнасць”, “Першыя ластаўкі”, “Цішыня”, “Сакавік”, “Раніца на Днястры”, “Вярба заквітнела”, “Луг”, “Узлесак”, “Цвіценне вішні” — і гэта толькі нешматлікія, але яркія і настальгічныя назвы для мастака.

І няма нічога дзіўнага ў тым, што нейкай пуцяводнай зоркай у мастацтве для яго з’яўляецца наш Віталь Цвірка. Вось што кажа Вячаслаў: “Творчасць выдатнага майстра жывапісу Віталя Канстанцінавіча — для мяне ўзор беларускага нацыянальнага пейзажа. Маё асабістае знаёмства з ім, дазваляе некаторым чынам і сябе лічыць яго вучнем. Магчыма, я ўжо і заслужыў такое права — называцца добрым мастаком. А калі я ў сваіх краявідах хоць крыху набліжаюся да той ступені бязмернай любові да роднай беларускай зямлі, якой былі прасякнуты палотны Цвіркі, дык можна лічыць сябе яшчэ і добрым пейзажыстам”.

Галіна МАЗУР

Кішынёў

На ілюстрацыях: работы В.Ігнаценкі з серыі "Зямля і неба".