“Беларусь — супер!”

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Так Анталія сустрэла наш хор

Харавікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў прывезлі з V Міжнароднага фестывалю харавога мастацтва ў Анталіі (Турцыя) ажно пяць пераможных дыпломаў. Лаўрэацкімі званнямі былі адзначаны не толькі змешаны хор “Дабравест” і мужчынскі “Віват”, але і іх кіраўнік — загадчык кафедры харавога і вакальнага мастацтва БДУКіМ, заслужаны работнік адукацыі Беларусі, прафесар Альбіна Пякуцька, якая была прызнана лепшым дырыжорам фестывалю і лепшым выканаўцам поліфанічнай музыкі.

/i/content/pi/cult/424/8727/1-4.jpeg

— Ды ўсё ж галоўным паказальнікам высокага ўзроўню беларускага харавога майстэрства, — дзеліцца ўражаннямі Альбіна Васільеўна, — стала тое, што прымаючы бок не проста запрасіў нас на гэта спаборніцтва, а яшчэ і аплаціў нашу паездку. Адзін з арганізатараў фестывалю, прадстаўнік Міністэрства культуры і турызму Турцыі Бірол Кая Джасімбраэль Адок папярэдне слухаў нашы калектывы і запрасіў на фестываль. Але ў такім выпадку кожны з нашых студэнтаў быў бы павінен выкласці па 400 долараў адно за білеты на самалёт. Вядома, мы не маглі пайсці на гэта. І літаральна праз некалькі дзён прагучаў званок з Турцыі: нам знайшлі спонсара, гатовага аплаціць прыезд хору з 25-ці чалавек. Мы папрасілі далучыць яшчэ трох: кіраўніка, канцэртмайстра і перакладчыка. Такім складам і паляцелі! Ужо ў Анталіі даведаліся, што на адкрыцці форуму і ў час самога конкурсу давядзецца спяваць дзве розныя разгорнутыя праграмы. Але мы ўсё роўна рыхтаваліся “з запасам”, так што хапіла б яшчэ на адзін канцэрт, а то і некалькі. Дый творы — самыя разнастайныя: заходнееўрапейская, руская класіка, духоўная музыка, сучасная. Спявалі мы там і беларускія кампазіцыі: неафальклорныя “Гуселькі” з цыкла “Снапочак” Андрэя Мдзівані на народныя словы, віртуозны вакаліз “Шчаслівы дзень” Уладзіміра Дамарацкага. Ужо пасля выступлення на ўрачыстым адкрыцці нам крычалі: “Беларусь — супер!”. І такімі ж воклічамі сустракалі нас надалей.

Асабліва хвалявалася я за турэцкую песню, што па ўмовах конкурсу была абавязковай. Мы падышлі да яе творча, зрабілі сваю рэдакцыю, далучылі акампанемент. А нам кажуць: не, трэба выконваць толькі а капэла. Давялося перарабляць, літаральна сходу. Цікава, што тую ж самую песню са спіса абавязковых абраў і вельмі добры прафесійны хор з Сербіі, колькасцю ажно ў 55 чалавек. Але, пэўна, мы аказаліся больш “заваднымі”, з маладой энергетыкай. Увогуле, вельмі моцныя калектывы былі з Балгарыі, Македоніі, Германіі, дый з самой Турцыі — некалькі. Некаторым жа пасля адкрыцця сказалі: маўляў, досыць, далей вы не ўдзельнічаеце, хаця тыя заплацілі немаленькі ўступны ўзнос. Так арганізатары клапоцяцца пра ўзровень конкурсу. І для нас у такой сітуацыі галоўным было — не падвесці: краіну, якая ўпершыню ўдзельнічала ў гэтым фестывалі, родную навучальную ўстанову, тых, хто нас запрашаў. А калі мне на заключным канцэрце прапанавалі кіраваць зводным хорам, я пачала адмаўляцца, бо не ведала гэтага твора. Але міжнароднае журы настаяла, і давялося дырыжыраваць, што называецца, “з ліста”. Відаць, паспяхова, бо на наступны такі фестываль мяне запрасілі ўжо ў склад журы.

На здымку: хорам кіруе Альбіна Пякуцька.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"