Дзіцячы… дэтэктыў

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

А вы прыдбалі анцістрашын?, або Прыцэп — на рэпертуар?

Дыпломныя працы студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў не заўсёды перарастаюць узровень вучэбных практыкаванняў. І гэта нармальна, бо іх галоўнае прызначэнне — навучыць і ацаніць: як здабыткі, так і прагалы. Але мюзікл Г.Гладкова “Ёхім Ліс — дэтэктыў з дыпломам”, паказаны выпускнікамі па спецыяльнасці “акцёрскае мастацтва музычнага тэатра”, уяўляе з сябе абсалютна самадастатковую пастаноўку, якая магла б упрыгожыць рэпертуар Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра і з поспехам паказвацца на выездах

Пакуль жа адбыліся чатыры спектаклі на сцэне Рэспубліканскага палаца культуры прафсаюзаў. Нельга сказаць, што яны прайшлі з поўным аншлагам (перш чым набыць білеты, гледачы павінны хаця б даведацца, “што, дзе, калі” адбудзецца). Але тыя, хто патрапілі на спектакль, засталіся ў захапленні. Праўда, уражанні ад розных складаў былі надзвычай супярэчлівымі: адзін — супер-прафесійны, другі, за рэдкім выключэннем, — не больш, чым вучнёўскі (у рэшце рэшт, дыпломныя адзнакі не могуць быць ва ўсіх аднолькавымі, і гэта таксама нармальна). Але звернем увагу на лепшае.

/i/content/pi/cult/424/8726/1-3.jpeg

Увагу прыцягвае ўжо выбар матэрыялу. Казка шведскага пісьменніка Інгемара Фьёля — што называецца, цукерачка. А музыка Г.Гладкова і асабліва песенныя вершы Юрыя Энціна — яе адметнае начынне: то салодкае, а то і востра-выбуховае, разлічанае на рэакцыю не толькі дзяцей, але і дарослых. Праўда, у фінале штосьці можна было б і адрэдагаваць. Бо самыя прывабныя, каларытныя героі, якія падабаюцца дзецям больш за ўсіх, аказваюцца адмоўнымі: Расамаху з Ваўком адпраўляюць у звярынец, не дараваўшы скрадзенага малінавага варэння, хаця яны вярнулі яго не паспытаўшы. Але на фінальнай песеньцы апошнія выходзяць з-за кратаў, каб спяваць разам з астатнімі. Як растлумачыць усё гэта дзіцяці? Ці не лепш было б, каб “злодзеі” перавыхаваліся? Ці каб фінальнае тэлефанаванне Лісу было з іншай нагоды? Яго запрашаюць расследаваць абрабаванне сталічнага банка. А можна было б — усяго толькі паведаміць пра паспяховую здачу іспыту: маўляў, Расамаха з Ваўком атрымалі заданне інсцэніраваць крадзеж, каб праверыць дэтэктыва на практыцы.

/i/content/pi/cult/424/8726/1-1.jpeg

Сцэнаграфія Андрэя Меранкова — некалькі елачак на кольцах, што запальваюцца “акенцамі”, бы гарадскія хмарачосы, паварочваюцца рознымі бакамі. Адна з іх увогуле расхінае аканіцы, ператвараючыся ў кіёск-краму Барсука Баніфацыя (Арцём Блахін, які іграе куды лепш, чым спявае). Сцэнічныя строі Таццяны Лісавенка — дастаткова ўмоўныя, але абсалютна зразумелыя: ніхто з дзяцей звяроў не блытае. Яшчэ і таму, што рэжысёрам Настассяй Грыненка, харэографам Дзмітрыем Якубовічам і самімі артыстамі добра перададзены характары персанажаў — праз пластыку, манеры, самі інтанацыі голасу.

Сярод выканаўцаў вылучаюцца Кацярына Мошчанка (вельмі абаяльная разумніца Ліса Амалія, што выводзіць каларатуры лепш за салаўя), Эдуард Вайніловіч (менавіта тады, калі ён іграе Рамуальда Расамаху, бо Ёхім Ліс атрымліваецца ў яго нейкім злосным недарэкам), Аляксандр Шкут (для ролі Ваўка ён агаліў палову галавы, пафарбаваўся ў чорны і зрабіў іракез), Аляксандра Рымкевіч і Дар’я Валожына (у розных складах — практычна ідэнтычныя Барсучыхі), Шамхал Хачатуран (Ёхім Ліс). Можна толькі павіншаваць наш Музычны тэатр, што ён папоўніць сваю трупу такімі каларытнымі (і, што вельмі важна, спеўнымі) артыстамі. А вось Аляксандра Жук, якая працуе ў тэатры ажно з першага курса, калі была запрошана на партыю Чырвонага Каптурыка, усю ролю Зайца Гвідона ажно зрывалася на фальцэт. Можа, проста выпадковасць — ці маладая артыстка ўжо падпала пад уздзеянне аперэтачных стэрэатыпаў?

/i/content/pi/cult/424/8726/1-2.jpeg

Ды ўсё ж галоўнае пытанне — што далей? Гэты спектакль па сваім узроўні куды вышэйшы за некаторыя з тых, што бачым у рэпертуары тэатра. Шкада было б яго страціць. І навошта? Усё — гатова. Толькі “бяры ды круці”. Няўжо для гэтага трэба выпіць лекавы “анцістрашын”, пра які гаворыцца ў спектаклі?

На здымках: сцэны са спектакля.

Фота Анжалікі ГРАКОВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"