Цвіль на вяршыні айсберга

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Будслаўскі цуд: ці дачакаецца старажытны касцёл рэстаўрацыі?

Кожны год у пачатку ліпеня тысячы паломнікаў накіроўваюцца ў Будслаў, каб дакрануцца да цудадзейнага абраза Маці Божай, які сёлета святкуе 400-гадовы юбілей свайго з’яўлення ў Будславе. Гэтым годам Нацыянальны санктуарый у знакамітым касцёле ў стылі віленскага барока чакае на свята больш за 20 тысяч чалавек, у тым ліку прадстаўнікоў Рымска-каталіцкай царквы з Ватыкана, святароў, манахаў і вернікаў з Літвы, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Францыі, Германіі, Італіі, Польшчы, а таксама епіскапаў з Беларусі, прадстаўнікоў улады і дыпламатычных місій.

/i/content/pi/cult/424/8725/2-1.jpeg

Будслаўскі касцёл.

Але, на жаль, нягледзячы на тое, што да Будслаўскага фэсту засталося літаральна пару месяцаў, Нацыянальны санктуарый Маці Божай не падрыхтаваны да прыёму высокіх гасцей — насценныя роспісы дзе-нідзе пакрывае цвіль, на саміх сценах і столі з’явіліся расколіны, а ўнікальны драўляны алтар у старой частцы касцёла і арган XVII стагоддзя таксама перажываюць не лепшыя часы…

Сто гадоў пасля рамонту

“Грунтоўны рамонт касцёла апошні раз рабіўся ажно ў 1929 — 1930 гадах, — кажа настаяцель Нацыянальнага санктуарыя, айцец Віктар Бурлака. — А за гады панавання атэізму касцёл хоць і не быў разбураны, але ўсё ж такі пацярпеў. Калі распаўся Савецкі Саюз і пачалося аднаўленне хрысціянскіх святынь, у Будславе ў першую чаргу вырашылі адрэстаўраваць абраз Маці Божай. А ўжо потым па меры сіл намаганнямі братоў-бернардзінцаў і вернікаў распачаўся рамонт даху, дзеля чаго было набыта 18 тон бляхі, крыху пазней пачалося паэтапнае аднаўленне фасада, заменена праводка, пастаўлены вокны, найбольшыя з якіх дасягаюць васьмі метраў у вышыню. Зразумела, што гэта ўжо і не так мала, але храму ўсё яшчэ патрабуецца грунтоўная рэстаўрацыя — галоўным чынам унутры будынка.”

І сапраўды, хаця касцёл сваім знешнім і ўнутраным убраннем па-ранейшаму захапляе, нібы толькі ўзведзены, тыя праблемы і недахопы, якія збіраліся дзесяцігоддзямі без рамонту, усё роўна кідаюцца ў вочы.

Першае, на што звяртаеш увагу, — гэта ярка-зялёная цвіль, якая пакрывае насценныя роспісы Казіміра Анташэўскага другой паловы XVIII стагоддзя. Па словах айца Віктара, некаторы час існавала думка, што зялёныя плямы ні што іншае, як фарба, якой немцы пад час Вялікай Айчыннай вайны аблілі сцены. Але пасля грунтоўнага хімічнага аналізу было выяўлена, што гэта самая звычайная цвіль, якая з’явілася з-за працякання даху і вокнаў.

/i/content/pi/cult/424/8725/2-2.jpeg

Расколіны на калонах касцёла.

Непрыемна здзіўляюць і расколіны на канструкцыях храма. Здаецца, некаторыя кавалкі падпружных арак вось-вось адколюцца і проста ўпадуць на падлогу.

Рэстаўрацыя як аднаразовая акцыя?

Зразумела, што такія відавочныя недахопы ліквідуюць напярэдадні Будслаўскага фэсту, але застаецца пытанне, наколькі грунтоўнай і глыбокай будзе такая работа і ці не стане сёлетняя рэстаўрацыя касцёла проста аднаразовай перадсвяточнай акцыяй?

“Згаданыя праблемы  — толькі вяршыня айсберга, — распавядае навуковы кіраўнік аб’екта, архітэктар Андрэй Карпук. — Так, за тры месяцы можна ўмацаваць канструкцыі, якія далі раскол, вывесці цвіль… Але гэта будзе толькі павярхоўны рамонт, каб выправіць відавочнае і не пужаць высокіх гасцей пад час свята. Тут патрабуецца больш глыбокае даследаванне канструкцый, тынкоўкі на наяўнасць жывапісу, геалагічнае даследаванне глебы. На такія “дробязі” зусім няма часу — трэба рыхтаваць касцёл да фэсту. Але галоўнае пытанне заключаецца ў тым, ці будзе працягнута рэстаўрацыя Нацыянальнага санктуарыя пасля свята. А між іншым, менавіта ў Будслаўскім храме захаваўся ўнікальны драўляны алтар XVII стагоддзя, што знаходзіцца ў той самай старой каплічцы, якую калісьці пабудавалі спецыяльна для абраза Маці Божай. І гэты алтар, таксама як і храм, патрабуе неадкладнай кансервацыі, бо відавочна, што яшчэ некалькі гадоў — і аднавіць страчанае будзе немагчыма”.

/i/content/pi/cult/424/8725/2-3.jpeg

Трубы аргана патрабуюць неадкладнага рамонту.

Сапраўды, такіх алтароў па ўсёй Еўропе засталося, напэўна, не больш за дзясятак. Унікальнасць яго заключаецца не столькі ў 400-гадовым узросце, а хутчэй — у неверагодным майстэрстве рамесніка з Полацка Андрэя Кромера, што прымяніў папулярны на той час у Італіі прыём аптычнага эфекту штучнай перспектывы, які толькі праз некалькі гадоў пасля беларускага майстра выкарыстае Берніні ў базіліцы святога Пятра ў Рыме. На жаль, цяпер алтар знаходзіцца ў дрэнным стане — пазалота на ўбранстве святых амаль сцерлася, згублены многія элементы, некаторыя часткі проста струхнелі і адкалоліся. Як кажа айцец Віктар, прыкладна год таму наконт узнаўлення алтара ў Будслаў прыязджалі эксперты з Польшчы, але, палічыўшы, што пазалота, паўторна нанесеная ў пачатку XX стагоддзя пад час апошняй рэканструкцыі, перакрэслівае ўсю яго аўтэнтычнасць, проста згарнулі даследчую працу і з’ехалі.

Што да аргана на 180 галасоў, дык знешне ён мае даволі прыстойны выгляд, а на самой справе, калі зазірнуць унутр, то можна ўбачыць сагнутыя металічныя трубы, многія з якіх проста вырвалі з інструмента.

“З арганам не ўсё так безнадзейна, — распавядае айцец Віктар. — Калі зрабіць добры рамонт і настроіць — ён зноў напоўніць цудоўнымі гукамі касцёл. Але праблема заключаецца ў тым, што настройка толькі аднаго голасу каштуе прыкладна 40 долараў, а тут іх амаль 200! Наўрад ці мы ўласнымі сіламі назбіраем столькі грошай, не кажучы ўжо пра рэстаўрацыю. Але хацелася, каб былі выдаткаваныя сродкі хаця б на кансервацыю аргана, бо ён, як і алтар, вечна стаяць не будзе.”

Чакае ўвагі рэстаўратараў і каваны гадзіннік на вежы касцёла, які мае складаны старажытны механізм, што таксама патрабуе своечасовага рамонту. Неадкладным з’яўляецца і аднаўленне ілюзіяністычных малюнкаў эпохі ранняга класіцызму. Яны ствараюць уражанне мармуровых і ляпных барэльефаў.

/i/content/pi/cult/424/8725/2-4.jpeg

На старажытным алтары XVII стагоддзя асыпаецца пазалота.

“Пытанне аб правядзенні ўсіх работ за тры месяцы не ставіцца, — працягвае Андрэй Карпук. — Зразумела, што спецыялісты "Мінскграмадзянпраекта" напярэдадні свята выканаюць усе супрацьаварыйныя работы на фрагментах помніка, добраўпарадкуюць тэрыторыю касцёла і сквера. Але ж гэтага мала — неабходна працягнуць далейшую рэстаўрацыю храма. Вядома, што грошы на ўсё гэта проста так не з’явяцца, але самае важнае зараз хаця б прыцягнуць увагу да тых унікальных рэчаў Будслаўскага касцёла, якія ў наступны юбілей мы можам ужо і не ўбачыць”.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі таксама заклапочаны праблемай захавання Нацыянальнага санктуарыя: “Працягнуць рэстаўрацыю патрэбна абавязкова. Тым больш, што да гэтага часу невядомы прычыны “прасадкі” калон унутры храма, якія трымаюць усю канструкцыю. Пад пагрозай знаходзіцца і ўнікальны насценны жывапіс, які таксама патрабуе неадкладнага аднаўлення. Несвоечасовае даследаванне і рамонт могуць прывесці да таго, што мы проста страцім помнік архітэктуры з чатырохсотгадовай гісторыяй. Зразумела, пытанне аб выдаткаванні грошай на далейшую рэстаўрацыю Будслаўскага касцёла будзе ўзнята, але колькі сродкаў і калі выдзеліць дзяржава на гэты аб’ект — пакуль невядома. Да ўсяго, дакладна можна казаць толькі пра тыя работы, якія будуць праведзены напярэдадні сёлетняга Будслаўскага фэсту… “

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Мядзельскі раён — Мінск

Фота аўтара

Ад Буды да святыні

Пачалося ўсё ў 1504 годзе, калі вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелончык падараваў віленскаму кляштару бернардзінцаў лясны надзел плошчай каля аднаго гектара (па сучасных мерках) над ракой Сэрвач у Мінскім павеце. Браты-бернардзінцы, прысланыя сюды з Вільні, секлі дрэвы і сплаўлялі іх па рацэ ў сталіцу ВКЛ, дзе ў той час узводзіўся касцёл святога Казіміра. Між іншым, менавіта гэтаму факту была прасвечана першая водная пілігрымка з Вільні ў Будслаў у 2007 годзе, калі ў месца паломніцтва разам з вернікамі прыбыў крыж вагой 200 кілаграмаў, зроблены з той самай драўніны, якую манахі калісьці сплаўлялі.

У канцы XVI стагоддзя бернардзінцы ў гонар цудоўнага абвяшчэння віленскага абраза Маці Божай узвялі ў Будзе (так калісьці называлі Будслаў) драўляную капліцу пад тытулам Наведвання Найсвяцейшай Марыі Панны, а ў 1613 годзе братам ахвяравалі намаляваны ў Рыме ў 1598 годзе і падараваны папам Кліментам VIII мінскаму ваяводзе Яну Пацу з нагоды ягонага пераходу ў каталіцтва абраз Маці Божай. З таго часу ў Будслаў увесь час прыходзілі тысячы людзей, каб прасіць у цудатворнага абраза і збавення ад цяжкіх хвароб, і шчаслівага кахання, і добрага ўраджаю. Усё большая слава касцёла і вялікі наплыў пілігрымаў прымусілі бернардынцаў распачаць пабудову мураванага касцёла, фундатарам яго стаў Ян Кішка, гетман ВКЛ і ваявода полацкі. Так, у 1783 годзе быў узведзены адзін з найпрыгажэйшых храмаў не толькі Беларусі, але і ўсёй тагачаснай Рэчы Паспалітай. Адметна, што ў час будоўлі стары касцёл не разбуралі, а проста зрабілі яго часткай усяго комплексу. Гэтая велічная базіліка цягам двух стагоддзяў захавала свой першапачатковы выгляд.

У 1992 годзе адбылося першае пасля дзесяцігоддзяў панавання ў краіне атэізму афіцыйнае паломніцтва да цудатворнага абраза, у якім удзельнічалі 40 пілігрымаў з 70 мясцовасцей, а ўжо праз два гады Ватыкан надаў касцёлу тытул Меншай Базілікі. 2 ліпеня 1998 года ксёндз-кардынал Казімір Свёнтак каранаваў ікону Маці Божай папскімі каронамі і пасля акта каранацыі абвясціў Будслаўскую святыню Нацыянальным санктуарыем Беларусі.

З моманту першага афіцыйнага паломніцтва сюды штогод сталі прыязджаць тысячы людзей, а Будслаўскі фэст, які традыцыйна ладзіцца на пачатку ліпеня ў гонар каранацыі абраза, прыцягвае ўвагу не толькі вернікаў, але і тых, хто проста жадае падзівіцца на цуд архітэктуры.