Плюс 30 % — норма праекта

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь і адна з вядомых міжнародных тытунёвых кампаній супрацоўнічаюць з 2010 года. За гэты час удалося папоўніць фонды ўстановы музейнымі прадметамі, умацаваць яе матэрыяльна-тэхнічную базу, стварыць новы сайт і яшчэ многае іншае. Сёлета было падпісана новае пагадненне, што прадугледжвае працяг сумеснай працы ў 2013 — 2015 гадах. Як такое супрацоўніцтва паўплывала на папулярнасць музея і якія праекты пабачаць свет у хуткім часе? Карэспандэнту «К» пра тое распавёў дырэктар Нацыянальнага гістарычнага Алег РЫЖКОЎ.

— Дзякуючы фінансавай падтрымцы кампаніі-партнёра, мы не толькі здолелі папоўніць фонды ўнікальнымі музейнымі прадметамі і запусціць новы сайт, але і выдалі каталог «Брылёўскі скарб», чарговы, пяты па ліку, нумар зборніка навуковых прац «Музейны веснік», альбом «Рарытэты Нацыянальнага гістарычнага музея», адрэстаўравалі цэхавыя харугвы XIX стагоддзя, стварылі гістарычныя рэканструкцыі фігур вялікага князя Вітаўта і караля польскага Ягайлы, копіі партрэтаў Радзівілаў, арганізавалі і правялі міжнародныя выставы з Дзяржаўнага гістарычнага музея Масквы і Палаца вялікіх князёў літоўскіх у Вільнюсе, рэалізавалі фондавы праект “Вайна 1812 года ў гісторыі Мінска”.

— Якія праекты музей будзе ажыццяўляць у гэтым годзе?

— Плануецца набыць шэраг прадметаў для папаўнення збору музея: карту Меркатара 1595 года, старадаўнія абразы, а таксама макату для размяшчэння калекцыі зброі. Ёсць задума арганізаваць выстаўку «Каштоўнасці Украіны» са збору Музея гісторыі Украіны, якая, безумоўна, выклікае цікавасць у наведвальнікаў. Але ж для рэалізацыі такога праекта неабходны вялікія грошы, у тым ліку на страхоўку і на транспарціроўку культурных каштоўнасцей. Таму пытанне з выстаўкай будзе яшчэ вырашацца больш дэтальна.

Сёлета Нацыянальны гістарычны паўдзельнічае ў фестывалі «Інтэр-музей» у Маскве. Агульнай тэмай імпрэзы гэтым разам стане «Адукацыйная праграма». Музей прадставіць інтэрактыўную гульню “Не шукаючы — не знойдзеш”. Мы ўжо адправілі заяўку.

— Як паўплывала партнёрства з камерцыйнай структурай на рэалізацыю праектаў, на папулярнасць музея сярод наведвальнікаў?

— Шчыра кажучы, такога статыстычнага аналізу мы не праводзілі. Але на практыцы атрымоўваецца звычайна так: цікавы выставачны праект павінен даваць, як мінімум, на 30% больш наведвальнікаў, чым звычайна. Калі музей зможа прапанаваць нешта сапраўды новае і рэзананснае, як, напрыклад, задуманая выстаўка «Каштоўнасці Украіны», дык узрасце і наведвальнасць установы, і яе прэстыж.

Дарэчы

Нацыянальны мастацкі музей краіны таксама супрацоўнічае з замежным прадпрыемствам, якое выступіла генеральным партнёрам адразу двух праектаў — выстаўкі “Партрэты ўладароў і магнатаў Вялікага Княства Літоўскага” з калекцый музеяў Львова і Луцка ды “Слуцкія паясы з Львоўскага гістарычнага музея. Абедзве выстаўкі будуць прэзентаваны ў адзін дзень — 8 мая 2013 года.