“На спатканне з паэтам…”

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Міністэрствам культуры абвешчаны Рэспубліканскі праект “Культура не ведае правінцыі” (2013 — 2017 гг.). Мэты праекта — пазнаёміць жыхароў невялікіх населеных пунктаў нашай краіны з каштоўнымі зборамі, што захоўваюцца ў сталічных музеях. І, наадварот, прэзентаваць жыхарам Мінска ўнікальныя прадметы з фондаў абласных і раённых музеяў.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча актыўна ўключыўся ў праект. Толькі на гэты год запланаваны тры выстаўкі з фондаў. Першая з іх — мастацка-дакументальны праект “На спатканне з Паэтам…” — неўзабаве адправіцца ў Добруш Гомельскай вобласці, дзе будзе экспанавацца ў Раённым краязнаўчым музеі з 30 красавіка па 28 мая.

Выстаўка створана на падставе матэрыялаў, якія захоўваюцца ў фондах Літаратурнага музея Максіма Багдановіча,і распавядае пра жыццёвы і творчы шлях паэта. У прыватнасці, можна пазнаёміцца з аўтографамі Максіма Багдановіча, фотаздымкамі паэта і яго родных, блізкіх, сяброў, паштоўкамі, дзе змешчаны выявы мясцін, звязаных з імем паэта.

Другая частка выстаўкі складаецца з графічных твораў беларускіх мастакоў Генадзя Грака, Антаніны Лапіцкай, Аляксандра Пашкевіча. Мастацкія работы з’яўляюцца своеасаблівымі ілюстрацыямі да вершаў Максіма Багдановіча.

Ірына МЫШКАВЕЦ, загадчык экспазіцыйна-масавага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча