У адной сістэме каардынат...

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

У Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Шчамялёва працуе цікавая выстаўка з серыі праектаў “Акварэль” пад назвай “Родныя пейзажы”.

 /i/content/pi/cult/140/872/Aquarel.jpg

В.Паўлавец. З серыі “Фрагменты”.

Адна тэма — і тры розныя мастакі, адзін матэрыял — і тры розныя манеры. Мікалай Бушчык — самы інтэнсіўны, адкрыты ў колеравых адносінах з усіх аўтараў, які смела ўводзіць амаль дэкаратыўныя рашэнні ў тканіну так званага рэалістычнага пейзажа; Уладзімір Гераўкер — які, па кантрасце са знешняй стрыманасцю, лаканічнасцю каларыту і кампазіцыі, “чапляе” гледача абвостранай нервовасцю мазка і ўнутранай напружанасцю стану; Вячаслаў Паўлавец — з яго часам светлай, спакойнай, а часам — манахромнай (не хочацца гаварыць “чорнай”, бо гэта жывапіс), меланхоліяй. Спецыфічныя ўласцівасці акварэлі адцяняюць індывідуальныя асаблівасці почырку кожнага з майстроў.
Мастакоў і іх работы найбольш цікава параўноўваць, калі яны працуюць на адным, так сказаць, творчым полі, у прыблізна адной сістэме каардынат, у адным матэрыяле. Тут можна гаварыць пра нюансы, пра розніцу тэмпераментаў, пра варыянты рашэння адной і той жа задачы. У дадзеным выпадку гэта пейзажы Беларусі, выкананыя калі і не зусім у класічнай традыцыі, дык, прынамсі, з аглядкай на яе. Ад таго, што сотні мастакоў гэтую задачу рашалі, яна не становіцца прасцейшай.

Таццяна БЕМБЕЛЬ,
мастацтвазнаўца