Збудаваць эфірны мост

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Кантакты паміж краінамі-суседкамі — Беларуссю і Украінай — мацуюцца і ў эфіры. Сёння радыёмост, прысвечаны захаванню і памнажэнню этнічных музычных традыцый, «збудуюць» Першы нацыянальны канал Беларускага радыё і Нацыянальная радыёкампанія Украіны.

— З ініцыятывай звярнуцца да этнічнай тэмы выступіў украінскі бок, — расказала пра гэты праект вядучая радыёмоста ад Беларусі Таццяна Якушава. — Я, у сваю чаргу, прапанавала злучыць традыцыі з сучаснасцю, паглядзець, як фальклор спалучаецца з іншымі шырока распаўсюджанымі музычнымі напрамкамі, запатрабаванымі ў моладзі. Хацелася, каб у эфіры прагучала розная музыка. Таму мы намагаліся ахапіць розныя кірункі. Так, ад Украіны вы пачуеце этнаджаз. Яго прадставяць спявачка Млада з вельмі мяккім тэмбрам голасу, якая працуе ў такой жа па-славянску мяккай джазавай манеры, і бас-гітарыст Ігар Закус — выпускнік Львоўскай кансерваторыі па класе баяна, які сабраў анталогію ўкраінскага джаза, склаў уласны гурт — «Зет Бэнд», у чымсьці блізкі паводле сваёй эстэтыкі і манеры нашаму «Яблычнаму чаю». Яны бяруць, да прыкладу, украінскі гапак — тое, што з’яўляецца брэндам краіны, і складаюць на яго аснове самастойны джазавы твор. Вельмі цікава!

Ад Беларусі ж будуць ажно два прынцыпова розныя стылі. З аднаго боку — музыканты з духавой капэлы «Гуды», дзе ўжываюцца элементы акадэмічнай музыкі і выкананне пад фанаграму «мінус адзін». Андрэй Сцяпанаў сыграе на дудзе, Андрэй Анціпенка — на драўлянай трубе, што нагадвае доўгі рог. З другога боку — Юрый Вашчук з Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга. Юрый заўсёды займаўся папулярным эстрадным жанрам, а калі яго запрасілі весці тэлепраграму «Наперад у мінулае», адкрыў для сябе новы свет фальклору. У яго і раней былі падобныя аранжыроўкі, калі ён намагаўся спалучыць фольк з эстрадай, але тое аказаліся разавыя праекты. Цяпер жа такіх аўтарскіх апрацовак у яго — больш за 60, у некаторых выкарыстоўваюцца элементы R&B, хіп-хопу. Захацелася паставіць у эфір і народную песню, аднолькава вядомую ў нас і ва Украіне: такіх прыкладаў «сумеснага фальклору» насамрэч даволі шмат — менавіта на памежных тэрыторыях, бо дзяржаўныя межы і арэалы музычнага фальклору не супадаюць. Дадам, што ўкраінскі бок планаваў выкарыстоўваць перакладчыка. Але стала зразумела, што той не патрэбны: мы цудоўна разумеем адно аднаго.