Агульны дом у мультымедыя

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Мультымедыйны кампакт-дыск “Шматнацыянальная палітра Беларусі” — новы праект Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.

Карыстальнік дыска нібыта гартае старонкі кнігі, якая апавядае пра нацыянальны склад насельніцтва Беларусі, вызначаны па выніках апошняга перапісу, адрасы і кантакты дыпламатычных прадстаўніцтваў замежных краін у Беларусі, дзейнасць Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур; традыцыі народаў свету. Тут жа змешчаны тэксты міжнароднага права і нацыянальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь па тэме міжнацыянальных стасункаў.

Далей — віртуальная вандроўка па розных краінах, калі экскурсаводамі выступаюць прадстаўнікі розных нацыянальных суполак. І — сем дакументальных фільмаў пра нацыянальныя супольнасці Беларусі і фота-шоу “Як жа край мой не любіць…”.

Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур таксама працягвае цыкл мультымедыйных прэс-канферэнцый пад назвай “Беларусь — наш агульны дом”. Чарговая тэма — “Мір вашаму дому…”.Удзел у ёй бралі прадстаўнікі армянскай, афганскай, грузінскай, польскай і карэйскай дыяспар. Напярэдадні Дня Перамогі яны падзяліліся сваімі думкамі пра грамадскую згоду на глебе агульначалавечых каштоўнасцей. На іх думку, сусветнай супольнасці можа быць карысным досвед Беларусі, дзе адсутнічаюць міжнацыянальныя і канфесійныя канфлікты, дзе прадстаўнікі многіх нацыянальнасцей і канфесій узаемна дапаўняюць адно аднаго.

А ў інфармацыйным цэнтры Рэспубліканскай навукова-тэхнічнай бібліятэкі адбудуцца арганізаваныя РЦНК фотавыстаўкі “Беларусь — наш агульны дом” і “Мы — беларусы”, а таксама кніжная выстаўка аналагічнай тэматыкі і канцэрт творчых калектываў нацыянальна-культурных аб’яднанняў.