На баяне!

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

На базе Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.Глінкі прайшоў своеасаблівы фестываль педагагічнага майстэрства. Цягам тыдня — майстар-класы, канцэрты, творчыя сустрэчы, лекцыі, прэзентацыі, конкурс педагогаў-пачаткоўцаў.

— На гэты праект, — кажа арганізатар фестывалю, маладая баяністка, аспірантка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Кацярына Тарас, — мяне натхніў прафесар Міхаіл Солапаў. Выдатны музыкант, удзельнік Вялікай Айчыннай, старэйшы выкладчык нашай Акадэміі музыкі па класе баяна, ён як ніхто іншы разумее, што наспеў час з’яднаць намаганні, сабраўшы разам прадстаўнікоў розных пакаленняў і ўзроўняў навучання, пачынаючы з дзіцячай музычнай школы. Пераемнасць традыцый — не пустыя словы. І калі назапашаныя сакрэты перадаюцца не толькі праз друкаваныя выданні (у межах фэсту, дарэчы, адбылася прэзентацыя кнігі Солапава “Пра музыку, пра час, пра музыкантаў”), але і непасрэдна “з рук у рукі”, “з вуснаў у вусны”, гэта мае найбольшы эфект. Ідэю падтрымала кіраўніцтва каледжа, адгукнуліся педагогі і музыканты з іншых рэгіёнаў — першы блін, здаецца, атрымаўся не камяком. Да ўсяго, рабіўся відэазапіс усіх мерапрыемстваў. На аснове гэтых матэрыялаў можна будзе падрыхтаваць метадычныя відэадапаможнікі. Дый канцэртныя праграмы маглі б зацікавіць прыхільнікаў музыкі.

Сярод адметных фестывальных імпульсаў — майстар-клас Аляксандра Гурава, які прыехаў з навучэнцамі і выпускнікамі свайго класа Гомельскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Н.Сакалоўскага. Адзначым і конкурс адкрытых урокаў навучэнцаў-практыкантаў 4-га курса каледжа, якія хутка раз’едуцца па рэспубліцы да сваіх першых працоўных месцаў. Так што сувязі “сталіца — глыбінка” маюць апошнім часам двухбаковую скіраванасць.

Н.Б.