ШТО Я ВЕДАЮ ПРА ГІБЕЛЬ ПЭНА?

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Па слядах успамінаў унучатай пляменніцы мастака, тэатразнаўцы Ганны Герштэйн

(Заканчэнне. Пачатак у №№ 13 — 16.)

…Суправаджальны ліст у ЦК КП(б) Беларусі падпісаў намеснік наркама НКУС (ініцыялы не ведаю) Каруцкі, хаця павінен быў падпісваць такія паперы сам наркам. Але па дакументах я высветліў, што новы наркам — камісар дзяржбяспекі 3-га рангу Барыс Берман яшчэ не паспеў прыступіць да работы ў Беларусі: яго зацвердзяць на пасадзе праз тры дні, 17 сакавіка, амаль адначасова з новым першым сакратаром ЦК КП(б) Васілём Шаранговічам (для даведкі: Берман будзе расстраляны “калегамі” праз два гады; “шпіён” Шаранговіч — праз год).

/i/content/pi/cult/424/8713/opt-2.jpeg

Д.Якерсон."Партрэт Юрыя Пэна".

Аднак — пытанне: чаму ліст у ЦК зарэгістраваны толькі 31 сакавіка, калі ад Віцебска да Мінска пошта тады ішла не больш за суткі! І яшчэ. Спачатку гэты ліст быў абыякава пазначаны “прыняць да ведама”, а праз чатыры дні справа раптам становіцца прадметам абмеркавання аж на бюро ЦК КП(б)Б, а старшыня Саўнаркама рэспублікі Мікалай Галадзед (праз колькі месяцаў таксама загіне) выносіць пытанне пра Пэна на пасяджэнне Саўнаркама. Шаранговіч падпісвае пастанову аб разборы справы на выязной сесіі Вярхоўнага Суда БССР з удзелам дзяржаўнага абвінаваўцы, генеральнага пракурора БССР Глезарава. Суд пачнецца 16 красавіка — і будзе доўжыцца роўна тыдзень. Аснова працэсу — матэрыялы, якія былі вытлумачаны ў спецпаведамленні.

Паўтаруся, што ўсе абвінавачаныя на судзе адмовіліся ад сваіх ранейшых паказанняў. Неха і Абрам Файнштэйны мовілі, што яны сапраўды былі ў Пэна 28 лютага, каб “даведацца пра здароўе старога, а таксама папрасіць грошай”. На кватэры заспелі невядомага мастака, які быццам бы прыехаў з Ленінграда да свайго “любімага настаўніка”. Ці не яго бачыў юнак Лёня Шчамялёў? Потым гэтага “невядомага” шукалі ў Ленінградзе, у Інстытуце жывапісу, скульптуры і архітэктуры Усерасійскай Акадэміі мастацтваў, але такі там ніколі не значыўся.

Вынік судовага працэсу: стрыечная сястра Пэна Лея Файнштэйн і ейны сын Абрам атрымалі па дзесяць гадоў, Неха, пляменніца Пэна, — восем, бацька Абрама Рувім і пляменнік мастака Залман — па тры гады, Шлёма, пляменнік Пэна, — два гады, пляменніца Рыва Саламонік — тры гады ўмоўна. Міхаіл Аліфсон і хтосьці яшчэ былі апраўданы. Праўда, я так і не высветліў, куды знік той самы студэнт Віцебскага мастацкага тэхнікума, дакладней, ужо вучылішча, Якаў Сямёнавіч Бак, які “перарэзаў Пэну горла”? Вось такая атрымалася дзіўная карусель…

Я не магу прапанаваць чытачам сваю асабістую думку наконт таго, хто ўсё ж забіў мастака. Такога меркавання ў мяне няма. Бо акалічнасці жорсткага злачынства і следства да гэтага часу канчаткова не высветлены і застаюцца шмат у чым загадкавымі. Ды, мабыць, і не ўсе архівы НКУС на гэты конт рассакрэчаны…

5 красавіка 1937 года ў газеце “Звязда” быў апублікаваны ліст Марка Шагала (для таго часу дзіўная смеласць адказнага рэдактара Дзмітрыя Юркова!) з нагоды смерці Пэна. Вось гэты ліст:

“Не магу супакоіцца і не ведаю, як выказаць глыбокі жаль з выпадку нечаканай жорсткай смерці Ю.М. Пэна. Як я зайздрошчу ўсім вам. Вы маглі быць на яго пахаванні, ісці па нашай зямлі за яго труной, і паветра неба, якое я так часта імкнуўся перадаць на сваіх карцінах, атачала вас. Чаму гэтае паветра не даходзіць да мяне сюды, у беспаветраную прастору? Чаму лёс раздзяліў мяне на дзве часткі — цела тут, душа там? А я цешыў сябе надзеяй яшчэ пабачыцца з Пэнам, быць у сваім горадзе, хадзіць з Пэнам зноў на эцюды, як раней, і зноў пісаць наш ужо адроджаны горад. Зразумела, рэвалюцыя стварыла іншых, невядомых “сваякоў”, але я хачу перадаць для Пэна гэтыя некалькі слоў. Гэта любоў да яго працягвалася вось ужо 30 гадоў з моманту, калі я стаў самім сабой, нягледзячы на розніцу нашых мастацкіх дарог. Ён быў маім першым, хаця і кароткачасовым, настаўнікам. Я быў з яго першых вучняў, і ён ведаў, што, хаця я і жыву ў Парыжы ўжо з 1910 года з невялічкімі перапынкамі, я ўсё ж душэўна застаўся адданым маёй радзіме, што паказаў, як мог, у сваім мастацтве.

Няма столькі фарбаў і журботных адценняў, у якія я хацеў бы абярнуць сваё апошняе прывітанне Пэну.

Марк Шагал”.

/i/content/pi/cult/424/8713/vitebsk-pen_opt.jpeg

Ю.Пэн."Віцебск".

Мала хто ведае, але ёсць сведчанні, што ў майстэрні Пэна знаходзіліся на захаванні і творы самога Шагала! Так, у жніўні 1937 года Марк Захаравіч у лісце да маскоўскага мастацкага крытыка і калекцыянера Паўла Этынгера пісаў: “...Шчаслівыя будуць калі-небудзь будучыя Шагалы, калі сталіцай жывапісу, магчыма, стане Масква, а не Парыж. Іх жыццё тады не будзе расколата на дзве часткі. Дарэчы, перадайце, магчыма, для тых, каго гэта цікавіць: у Віцебску памёр мой пастарэлы настаўнік, мастак Пэн; у яго захоўваліся мае некалькі работ (жывапіс, акварэль, малюнкі і шмат іншага, партрэт Пэна маёй работы). Хай возьме музей, ці што, калі захоча”. Ды і ў лісце ад 1927 г. да А.Кабішчар-Якерсон Пэн гаворыць: “…Ад Шагала атрымаў ліст — ён таксама раіць ехаць (У Еўропу. — Б.К.) і захапіць з сабой яго творы, якія я ўратаваў ад рук вандалаў”.

Але сляды гэтых шагалаўскіх работ засталіся нам невядомымі. І хто іх наогул бачыў — таксама невядома…

…Пахаваны Юрый Пэн на праваслаўных Старасямёнаўскіх могілках у Віцебску. Мой сябра, віцебскі скульптар Аляксандр Гвоздзікаў, ужо ў наш час тройчы (!) ствараў яму новы надмагільны помнік. Тройчы — бо… кралі. Першы раз — стаяў бронзавы бюст мастака (1992 г.). Яго выпадкова знайшлі, але ён быў напалам расколаты сякерай. Другі раз, ужо з алюмінія — таксама скралі. Потым Саша адліў партрэт Пэна з бетону і патаніраваў яго пад бронзу. Хтосьці прыйшоў, працарапаў, паглядзеў, што з бетону, і знік, відаць, моцна расчараваны…

/i/content/pi/cult/424/8713/opt.jpeg

Ю.Пэн. "Муза і Смерць".

Незадоўга да 70-годдзя з дня смерці Юрыя Масеевіча, 30 снежня 2006 года, у цэнтры Віцебска, на ружовай сцэне так званага “Сіняга дома” з’явіўся барэльеф мастака з ліціевага каменя (аўтары — А.Гвоздзікаў, І.Казак і А.Бялоў) з надпісам на беларускай мове: “Мастак, педагог Ю.М. Пэн жыў і працаваў з 1897 па 1937 у доме на гэтым месцы”. А самае галоўнае, што ў хуткам часе ў слаўным горадзе на Дзвіне, на вуліцы Калініна, у двухпавярховым доме № 1 з’явіцца доўгачаканы музей Ю.Пэна.

Да гэтай падзеі шлях быў вельмі доўгім. Яшчэ вясной 1947 г. Дзяржплан БССР падпісаў даручэнне ўпраўленню па справах мастацтваў пры Савеце міністраў БССР увайсці з хадайніцтвам у Саўмін аб аднаўленні дзейнасці музея Ю.Пэна ў Віцебску. Гаворка ішла пра тыя творы Ю.Пэна, якія паступілі з Саратава ў Дзяржаўную карцінную галерэю БССР. Але з розных прычын хутка пытанне пра галерэю ў Віцебску было знята на доўгія гады.

2 ліпеня 1959 г. група мастакоў і педагогаў мастацка-графічнага педвучылішча Віцебска, у іх ліку П.Явіч і В.Дзежыц, звярнуліся да дырэктара Дзяржаўнага мастацкага музея БССР Алены Аладавай з просьбай пасадзейнічаць аднаўленню галерэі Ю.Пэна ў горадзе на Дзвіне (ліст захоўваецца ў архіве НММ РБ, фонд 2, вопіс 6, справа 33). Не ведаю, як адказала на гэты ліст Алена Васільеўна, але пытанне засталося адкрытым. У тым жа годзе, восенню, тагачасны рэктар Віцебскага педінстытута В.Вінаградаў таксама звярнуўся ў аблвыканкам з лістом аб стварэнні карціннай галерэі Ю.Пэна.

У ліпені 1960 г. у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі быў створаны аддзел выяўленчага мастацтва, і толькі тады А.В. Аладава перадала яму спачатку сем пэнаўскіх работ, а праз пяць гадоў — яшчэ адзінаццаць. І — зноў вялікі “перапынак”. Давялося чакаць цэлыя тры дзесяцігоддзі, пакуль у пачатку лета 1992-га яшчэ 152 жывапісныя і графічныя творы мастака вярнуліся ў Віцебск.

Сёння ў Віцебскім мастацкім музеі (філіял Абласнога краязнаўчага музея) знаходзіцца больш за 180 твораў Ю.Пэна, але ў пастаяннай экспазіцыі — толькі каля 40-а. Новы музей прадставіць не толькі арыгінальныя работы жывапісца і графіка, але і апавядзе пра яго жыццё і вялікі ўнёсак творцы ў беларускую выяўленчую культуру ды педагогіку першай трэці ХХ ст. Хачу верыць, што ўжо 5 чэрвеня 2014-га ў гэтым музеі мы адсвяткуем 160-гадовы юбілей Майстра…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"