Для таленавітай моладзі

№ 17 (1091) 27.04.2013 - 04.05.2013 г

Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне "Аб зацвярджэнні рашэння савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і аб выдзяленні сродкаў на фінансаванне расходаў гэтага фонду ў 2013 годзе". Пра гэта паведамляе прэс-служба Кіраўніка дзяржавы.

Сродкі будуць накіраваны на заахвочванне лепшых прадстаўнікоў таленавітай моладзі, правядзенне мерапрыемстваў па выяўленні і прапагандзе творчасці маладых талентаў, арганізацыю іх навучання і стажыровак за мяжой, на набыццё музычных інструментаў, касцюмаў, матэрыялаў і абсталявання для творчых заняткаў.

Распараджэннем таксама зацверджана рашэнне савета фонду аб выдзяленні звыш Br1,53 млрд. на мэты, звязаныя з заахвочваннем і падтрымкай таленавітай моладзі.

У адпаведнасці з гэтым рашэннем маладым лаўрэатам міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў, конкурсаў, iншых творчых спаборніцтваў прысуджаны 11 гранд-прэмій і 54 прэміі, а таксама прызначаны 8 стыпендый фонду. Васьмі актыўным удзельнікам мастацка-творчых мерапрыемстваў аказана матэрыяльная дапамога.

Саветам фонду таксама выдзелены сродкі на правядзенне справаздачнага канцэрта і Рэспубліканскай мастацкай выстаўкі лаўрэатаў, стыпендыятаў і дыпламантаў фонду, X Міжнароднага конкурсу камерных ансамбляў імя М.К. Агінскага і III Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на струнных смычковых інструментах імя М.Ельскага, на арганізацыю навучання і стажыроўкі студэнтаў і выкладчыкаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі за мяжой, на набыццё касцюмаў для творчых калектываў гэтай ВНУ і Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа, абсталявання для Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У.Г. Мулявіна.

Падпісанне гэтага дакумента з’яўляецца яшчэ адным сведчаннем пастаяннай увагі дзяржавы да маладых талентаў і адраснай, мэтанакіраванай падтрымкі іх творчасці.