Распродаж вобразаў з… гарбатай

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

У сталічнай “Галерэі Мастацтва” праходзіла выстаўка “Распродаж вобразаў”. Па словах яе аўтара, вядомага жывапісца Алега Кастагрыза, гэтая назва з’яўляецца своеасаблівым ключом да разумення карцін, прадстаўленых у экспазіцыі. Як людзям у побыце ўласціва абменьвацца ідэямі, пачуццямі, думкамі, рэчамі, так і творцы на вернісажы хочацца падзяліцца ўвасобленымі мастацкімі вобразамі.

Экспазіцыя змяшчала, у асноўным, толькі новыя працы, створаныя за апошнія пару гадоў. Шырокая публіка змагла пабачыць разнастайныя па жанрах творы: сюжэтна-тэматычную карціну, анімалістыку, нацюрморт, партрэт.

Увогуле, творчасць Алега Кастагрыза вылучае складаны сінтэз традыцый класічнага фігуратыўнага жывапісу з прыёмамі мастацтва абстракцыянізму, з яго згарманізавана яркай колеравай гамай і сімвалічнасцю фактурных эфектаў. На адлегласці некаторыя работы можна параўнаць з дэкаратыўнымі пано, галоўную ролю ў якіх выконвае гульня стылізаваных форм і колеравых плям. Напрыклад, у такіх карцінах, як “Нацюрморт з хаткай”, “Чаша”, “Павольная плынь”, “Соль”, “Святочны вечар”, аўтар смела парушае пабудову кампазіцыі ў нацюрморце ці пейзажы шляхам суаднясення іх да беспрадметнага жывапісу. Незвычайная сімволіка, творчы падыход да зместу твора і крэатыўная тэхніка алейнага пісьма, дазвалялі гледачу разглядаць вобраз у зусім розных інтэрпрэтацыях.

/i/content/pi/cult/423/8711/8-1.jpeg

А.Кастагрыз. "Грушы і нож".

І наадварот, многія фігуратыўныя кампазіцыі: “Кідальнік нажоў”, “Зброевая крама”, “Прадаўцы цмокаў”, “Распродаж”; партрэты: “Раніца”, “Кубак гарбаты” на першы погляд могуць падацца незразумелымі. Але зблізку кожная праца набывае абрысы, і для асобнага аматара ўбачанае напаўняецца суб’ектыўным сэнсам, становіцца ўласнай асацыяцыяй.

Алег Кастагрыз гаворыць: “Сваю карціну я бачу часам некалькі месяцаў, ці нават менш, а хтосьці маю карціну бачыць усё жыццё. Мастаку патрэбен глядач… Без гледача няма карціны!”. І выстаўка “Распродаж вобразаў” гэтаму пацвярджэнне.

Ксенія РАЛІНСКАЯ, мастацтвазнаўца Галерэі "Мастацтва" БСМ