Інтэрпрэтацыі ў сучаснасць

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

Як музеі павінны дакументаваць і захоўваць сучаснасць? Як сучасная рэальнасць можа быць адлюстравана ў музейных экспазіцыях і выстаўках? Атрымаць адказы на гэтыя і іншыя пытанні музейныя супрацоўнікі нашай краіны змогуць пад час семінара-практыкума "Культурная спадчына сучаснага грамадства". Прысвечаны праблемам дакументавання, даследавання і экспанавання сучаснасці, ён стартуе заўтра ў Мінску.

Арганізатарамі падзеі з’яўляюцца Беларускі камітэт Міжнароднага Савета Музеяў (ІCОМ), Шведскі нацыянальны камітэт ІCОМ у партнёрстве з Інстытутам культуры Беларусі, а таксама — Музеем гісторыі горада Мінска.

/i/content/pi/cult/423/8710/3-4.jpeg

Як паведаміла старшыня ІСОМ Беларусі, загадчык аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Ала Сташкевіч, праграма семінара ўключае лекцыйныя і практычныя заняткі, а таксама дыскусіі аб перспектывах культурнай спадчыны і яе існаванні ў сучасным свеце. Удзельнікі семінара змогуць пазнаёміцца з вопытам Швецыі па вывучэнні, дакументаванні і інтэрпрэтацыі сучаснасці музейнымі сродкамі. Па выніках гэтых даследаванняў удзельнікі паспрабуюць стварыць пілотную ("гарачую") выстаўку, прысвечаную актуальным праблемам развіцця беларускага грамадства XX — XXI стст.

Сярод запрошаных выкладчыкаў можна вылучыць прэзідэнта ІСОМ Швецыі, дырэктара музея пісьменніка Аўгуста Стрындберга Стэфана Бумана, кіраўніка аддзела дакументацыі Стакгольмскага гарадскога музея Ганну Ульфстранд.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"