Свет вобразаў Юліі Сафонавай

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

22 лістапада ў Наваполацкай гарадской выставачнай зале адкрылася персанальная выстаўка мясцовай мастачкі Юліі Сафонавай. У наш час не так ужо і часта ладзяцца вернісажы, тым больш у рэгіёнах. Ды не толькі гэтым адметная з’ява — здзіўляе і падзагаловак выстаўкі: “Батык, графіка, фота”. Вельмі ўжо розныя гэта віды выяўленчага мастацтва. Здавалася б, навошта аднаму чалавеку шукаць сябе ў такіх непадобных напрамках? Ці гэта так, эксперыменты? Але не: нават з першага погляду відаць, што творы сабраны у экспазіцыю не выпадковыя, а іх узровень — не аматарскі. Не дзіва, што выстаўка збірае шмат наведвальнікаў. Калі вас не вабіць фота (маўляў, сам здымаю!), не хочаце блукаць па лініях павуціння графікі, дык экзатычны батык дакладна не пакіне абыякавым!

 /i/content/pi/cult/140/871/Batyk.jpg

Ю.Сафонава. Халодны батык “Пераўвасабленне архідэі”.

Гэта трэцяя выстаўка Ю.Сафонавай у родным горадзе, і толькі цяпер яна адкрылася землякам як рознабаковая мастачка.
Год таму ў Полацкім дзяржуніверсітэце яна паказала “Верас на далоні” — пранікнёна беларускую па духу фотавыстаўку. Яшчэ раней паказвала “Анёлаў моды” — маленькіх фотамадэлей. А ў сталіцы выстаўлялася ўвесь час менавіта як мастачка, батыкістка, сябра беларускага Батык-клуба. Брала ўдзел у выстаўках, што ладзіліся ў Галерэі Універсітэта культуры ў Палацы Рэспублікі, у залах Нацыянальнай бібліятэкі. Відаць, гэта не так ужо і проста — адкрыцца тым, побач з кім жывеш, так поўна і шчыра, як умее адкрывацца мастак.
Тутэйшая выставачная зала мала сказаць “умяшчальная” — прасторная! Каб проста яе запоўніць, трэба мець салідны творчы багаж. І ён ёсць у Сафонавай — яе творы занялі ўсю плошчу залы. Уражанне такое, што выстаўляецца сталая мастачка з плёнам працы за дзесяцігоддзі. Аднак па подпісах бачыш — работам не больш за два гады, а самой мастачцы, аказваецца, крыху за трыццаць. Юлія скончыла паслядоўна Наваполацкую мастацкую школу, Віцебскую мастацка-графічную вучэльню і Беларускі універсітэт культуры і мастацтваў. І, мяркуючы па ўсім, толькі калі прайшла ўсе ступені навучэнства, асмелілася прэтэндаваць на ўвагу гледачоў, хоць па ўпэўненасці малюнка і смеласці ідэй бачныя і вялікі вопыт, і няспынная шматгадовая праца.
Між тым, Юлія не толькі мастачка, яна яшчэ і маці дваіх дзяцей — дачкі і сына, а таксама — настаўнік высокай кваліфікацыі (дыпламант конкурсу “Настаўнік года”). У гарадскім Цэнтры пазашкольнай работы яна выкладае выяўленчае мастацтва. Па гэтым сваім вопыце выхавання напісала і з поспехам абараніла дыпломную работу, прысвечаную арт-тэрапіі — новаму і эфектыўнаму сродку выхавання дзяцей, у тым ліку тых, каму цяжка ўладкавацца ў жыцці, так званых “дзяцей з асаблівасцямі развіцця”. Можа, гэтыя навуковыя даследаванні ўздзеяння мастацтва на людзей і дапамагаюць ёй ствараць работы, што так прывабліваюць, амаль гіпнатызуюць?
Яскравы, квяцісты, стракаты батык — бы прывітанне з вечнага лета, з тропікаў, з экзатычных краін, адкуль і паходзіць гэтая тэхніка роспісу тканін. Задуменная, наўмысна прыглушаная па фарбах графіка — толькі чорныя лініі ды празрыстая акварэль — уся з роздумаў ды намёкаў. І спыненыя імгненні фота — двухсэнсоўныя, ці з тонкім гумарам, ці з флёрам узнёслай рамантыкі. Разглядаеш гэтыя розныя творы як бы розных творцаў і разумееш у рэшце рэшт: не, творца адзін, а гэта тры бакі, што ўзаемна дапаўняюць асобу мастака.

Ігар КЛОКАЎ
Наваполацк