ШТО Я ВЕДАЮ ПРА ГІБЕЛЬ ПЭНА?

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

Па слядах успамінаў унучатай пляменніцы мастака, тэатразнаўцы Ганны Герштэйн

У №№ 13 — 15 мы надрукавалі ўспаміны Ганны Герштэйн пра яе віцебскія сустрэчы са знакамітым родзічам — Юрыем Пэнам. У мінулым нумары пачалася і публікацыя асабістага меркавання Барыса Крэпака на конт таго, што ўсё ж адбылося тады, у Віцебску, у ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1937-га ў доме № 1 па Гогалеўскай вуліцы.

"...А хутка, у самым канцы лютага 1937-га мастак быў забіты ў сваёй майстэрні. — працягвае свае ўспаміны Леанід Шчамялёў. — На пахаванні Пэна ў Палацы працы я не прысутнічаў. Даведаўся толькі на наступны дзень, што пахавалі яго на Старасямёнаўскіх могілках. Канешне ж, існавалі розныя меркаванні пра гэтае забойства. Судовы працэс праходзіў у красавіку таго ж года ў Клубе трыкатажнікаў. Увесь Віцебск быў перапоўнены ўсялякімі чуткамі, лухтой і небыліцамі пра магчымых арганізатараў, непасрэдных забойцаў мастака. Але пасля абвяшчэння прысуду некалькім падсудным (у асноўным гэта былі сваякі Пэна), шум паступова заціх. Праўда, большасць віцябчан, у тым ліку і мой тата Дзмітрый Аляксеевіч, здзіўляліся чамусьці мяккаму прыгавору забойцам, а некаторых жа наогул апраўдалі. Апошняя мая даваенная “сустрэча” з мастаком адбылася, калі не памыляюся, у сакавіку 1941 года, калі ў карціннай галерэі Пэна адкрылася выстаўка ста трыццаці яго аўтарскіх твораў. У пачатку вайны, 5 ліпеня, у сувязі з непасрэднай пагрозай акупацыі Віцебска, скручаныя ў рулоны карціны Юрыя Масеевіча (больш за 800 адзінак) з гэтай галерэі паспелі перавезці ў Саратаўскі мастацкі музей імя А.Радзішчава. У той час там якраз працавала Алена Васільеўна Аладава, дзякуючы якой пасля вайны хаця б частку гэтых работ удалося захаваць. Але значная большасць спадчыны мастака знікла немаведама куды…”

/i/content/pi/cult/423/8707/15-1.jpeg

Злева направа І.Мальцын, А.Кабішчар-Якерсон, Ю.Пэн. 1926 г.

…У 1970 — 1980-я гады я быў добра знаёмы з віцебскім мастаком Ісакам Бароўскім, вучнем Пэна. І аднойчы ў размове пра гады навучання ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме ён закрануў і тэму забойства свайго настаўніка. Ён мне адразу сказаў, што мастака забілі энкавэдысты. Ісак Юльевіч (у 1937-м яму было каля 16 гадоў) прысутнічаў на пахаванні Пэна. “Мала хто ведае, — казаў ён, — што ў мастака вочы былі выкалаты, а ўвесь твар забінтаваны. Я якраз стаяў ля труны. Толькі кончык носа не быў забінтаваны. Усё астатняе — пакрыта бінтамі: яго аблічча поўнасцю знявечылі. Памятаю, у ганаровай варце, ля труны, апошнімі стаялі нашы мастакі Абрам Бразер, Мікалай Пашкевіч, Міхаіл Керзін і прэзідэнт Акадэміі навук Іван Сурта, кіраўнік урадавай камісіі па арганізацыі пахавання. Прысутнічалі таксама скульптар Аляксандр Грубэ, графік Леў Лейтман і яшчэ шмат каго. А ўсяго было на пахаванні больш за 50 тысяч чалавек — для тагачаснага Віцебска вельмі значная лічба. Карацей кажучы, усе сваякі Пэна — гэта падстаўное. Гэта ж быў 1937 год, і мастака трэба было забіць. Я ведаю, што Шагал дзесці ў 36-м ці ў самым пачатку 37-га дасылаў ліст непасрэдна ў абкам партыі, дзе прасіў аказаць дапамогу Пэну з прыпіскай: “Гэта вельмі добры мастак”. Але ці трэба было рэагаваць на такі ліст “эмігранта-антысаветчыка”.

Прыкладна такую ж версію мне калісьці распавядаў і другі віцебскі мастак Пётр Максавіч Явіч, таксама вучань мастака: “Гэта была цалкам сфабрыкаваная справа…”. У апошнія гады жыцця Пэна малады Явіч часта прыходзіў да яго. Калі майстар час ад часу клаўся на лячэнне ў бальніцу, то пакідаў свайму вучню ключы ад кватэры. Так яму давяраў…

/i/content/pi/cult/423/8707/15-2.jpeg

Ю.Пэн. Партрэт Марка Шагала. 1914 (?) г.

Што тут скажаш? Забойства Пэна выклікала вельмі моцны грамадскі рэзананс. А калі ўлічыць, што гэта адбылося ў год “Вялікага тэрору”, дык у рэтраспектыве больш позняга часу яно часта расцэньвалася як выключна палітычнае забойства, якое выканаў НКУС. Але абвінавачанне сваякоў мастака і іх прысуд сталі, хутчэй за ўсё, вынікам няздольнасці мясцовых улад знайсці сапраўднага забойцу ці забойцаў. Пасля таго, як пра гэта забойства 3 сакавіка 1937 г. напісала газета “Правда”, бюро ЦК КП(б)Б праз тыдзень абавязала пракуратуру і НКУС цягам пяці дзён знайсці злачынцаў і пра вынікі дакласці бюро ЦК партыі (Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, фонд 4, вопіс 3, справа 394, ліст 10). Апынуўшыся пад такім жорсткім партыйным прэсам, збянтэжаная віцебская пракуратура і энкавэдысты палічылі магчымым ускласці віну на сваякоў мастака, хаця, мяркуючы па ўсім, для гэтага не было дастатковых падстаў. Але гэта таксама — адна з версій.

…Я чамусьці зараз згадаў адну з апошніх карцін Ю.Пэна, якая нейкім містычным чынам гаворыць пра тое, што, магчыма, мастак прадчуваў свой трагічны канец. Такое было ўласціва вельмі многім таленавітым літаратарам, мастакам, акцёрам, музыкантам з іх, як правіла, аголенымі нервамі. Дык вось — пэнаўская карціна “Аўтапартрэт з Музай і Смерцю”, пра якую ўспамінала Ганна Герштэйн: стомлены і глыбока задуменны мастак сядзіць у драўляным крэсле з вялікай палітрай і пэндзлем у руках перад мальбертам з палатном. Што на палатне — мы не бачым. Хутчэй за ўсё — яно яшчэ чыстае. Побач скрынка з цюбікамі фарбаў, вельмі насцярожаная Муза, якая нястрымна іграе на арфе, справа — Смерць у выглядзе шкілета, якая таксама іграе на флейце. Ззаду, злева — статуя Венеры. На апошнім плане — два мужчынскія і адзін жаночы партрэты. У цэнтры карціны, на століку — ледзь заўважная чорная вазачка з тонкімі сухімі кветкамі.

Паўстае пытанне: які сэнс гэтага твора? Што жадаў тут сказаць мастак? Ну, можна дапусціць, што ён хацеў увасобіць вобраз не абыякавай для яго жанчыны. Для Музы яму пазіравала Бася Аксельрод. Яшчэ на пачатку 1920-х мастак сустрэў яе ў Віцебскім тэатры, яны моцна пасябравалі, і некалькі разоў Бася пазіравала мастаку. Потым жанчына апынулася ў Ленінградзе, выйшла там замуж за Юлія Блоха, які да рэвалюцыі служыў у імператарскай сям’і — у аднаго з вялікіх князёў Раманавых.

Але прычым тут Смерць у вобразе шкілета? І навошта ён напісаў сябе такім страчаным, прыгнечаным, адзінокім? Не мудруючы, скажу так: у карціне адлюстраваны той стан, які сам Пэн аднойчы назваў словам “немач”, “хвароба”. Стан, што выцякаў з агульнага недамагання, недахопаў у побыце, а галоўнае, як ён сам піша ў лісце да сваёй вучаніцы Алёны Кабішчар-Якерсон: “…няма шчырай радасці альбо шчырых задавальненняў…”, “…няма будучыні”. Як мне здаецца, прадчуванне чагосьці трагічнага — у наяўнасці. І трагедыя гэтая не прымусіла сябе чакаць… Дарэчы, ёсць у яго яшчэ адна карціна пра смерць. Раней мастацтвазнаўцы яе называлі “Стары і Смерць”. Потым, пасля рэстаўрацыі, “вылічылі” на адваротным баку палатна аўтарскі подпіс — “Рогат Смерці”…

Адразу пасля забойства ў Віцебск была накіравана аператыўная група аддзела крымінальнага вышуку Упраўлення рабоча-сялянскай міліцыі НКУС БССР пад камандаваннем капітана Янкоўскага. Па выніках яе работы на імя намесніка наркама ўнутраных спраў БССР камісара дзяржаўнай бяспекі 3-га рангу Каруцкага было паслана спецпаведамленне, якое потым прыклалася да пісьма ў ЦК КП(б)Б.

“Спецпаведамленне:

У горадзе Віцебску ў ноч на 1 сакавіка 1937 года ў сваёй кватэры быў забіты мастак Пэн Юлій Масеевіч. Пэну каля 90 гадоў, пражываў у ізаляванай кватэры з 4-х пакояў, цалкам застаўленых яго карцінамі, жыў самотна. Пакоі яго прыбірала прыходзячая работніца.

Пры аглядзе месца здарэння ўстаноўлена: труп забітага Пэна ляжаў паміж кушэткай і грубкай на падлозе ў паліто, штанах, на нагах — чорныя гумовыя старыя боты. На галаве і твары трупа ляжала чырвоная ватовая коўдра, падушка і дзве падушачкі на кушэтцы ля галавы. Усе падушкі з плямамі крыві. Пад трупам знойдзены маленькі тапорык увесь у крыві, а на кушэтцы — нож. На галаве — шэраг пашкоджванняў касцей чэрапа і перарэзана горла. Забойцам пакінуты сляды крыві на кіцелі і паліто, якія віселі ў шафе, і на кішэні паліто, апранутым на Пэне. У кухні на ракавіне рукамыйніка таксама сляды крыві, якія даюць падставу лічыць, што забойца мыў там рукі. У адным з пісьмовых сталоў знайдзена — 600 руб. грошай і дзве ашчадныя кніжкі з укладамі на 1305 руб.

Расследаваннем устаноўлена, што забойства мастака Пэна было выканана з мэтай абрабавання яго пляменнікам Файнштэйн Абрамам (рабочы абутковай ф-кі) і былым вучнем Пэна Бак Якавам (студэнт Віцебскага мастацкага тэхнікума). Саўдзельнікамі ў забойстве з’яўляліся пляменніца Пэна, студэнтка Віцебскага медтэхнікума Файнштэйн Неха. Файнштэйн і Бак, здзейсніўшы забойства Пэна, забралі грошы і каштоўнасці (золата), якія ім удалося знайсці ў яго кватэры. Забойства мастака Пэна намячалася Файнштэйнам яшчэ ў 1936 г. Бацькам Файнштэйна было не толькі паведамлена пра гэта, але і самі яны вялі размовы пра забойства Пэна, завалоданне яго грашыма і каштоўнасцямі. Файнштэйн Неха прызнавала сябе вінаватай у саўдзеле ў забойстве Пэна…”

Трохі пазней, пасля “доўгіх запіранняў”, і Абрам Файнштэйн прызнаў сябе вінаватым у забойстве разам з сястрой Нехай і “нашым блізкім знаёмым” Бакам, які нажом “перарэзаў Пэну горла”. Аднак Якаў Бак сваю віну не прызнаў, “хаця цалкам у гэтым выкрыты”. Падкрэслю, што на судзе ўсе абвінавачаныя ўпарта адмаўлялі паказанні, дадзеныя ў час следства. Коратка кажучы, па справе былі арыштаваны дзевяць чалавек: сем з сям’і Файнштэйнаў, сваякоў мастака, а таксама Якаў Бак і Міхаіл Аліфсон, студэнт Беларускага камуністычнага інстытута журналістыкі (жаніх Нехі)…

(Заканчэнне будзе.)

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"