Не чакаць, што ўсё прынясуць на сподачку

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

Яўген ЯСЬКОЎ, дырэктар Дзіцячай школы мастацтваў аграгарадка “Абухава” Гродзенскага раёна: -- Чытаю “К” вельмі ўважліва, адсочваю для сябе тыя праблемы, якія хвалююць маіх калег з іншых рэгіёнаў рэспублікі. Штосьці падтрымліваю, штосьці — не. Да прыкладу, не разумею, як у наш час могуць узнікнуць пытанні дэфіцыту нотнай літаратуры, матэрыялаў для праведзення музычна-тэарэтычных дысцыплін, для наладжвання харавых, харэаграфічных заняткаў, навучання на мастацкім аддзяленні ДШМ. Не праблема ж знайсці і спампаваць з Інтэрнэту патрэбную інфармацыю. Іншая справа — калі няма доступу ў Сеціва. Але тады ўзнікае пытанне: а чаму?

/i/content/pi/cult/423/8702/13-2.jpeg

1. “Дамасед”

Не думаю, што ў ДШМ няма камп’ютараў. А Інтэрнэт — не праблема: усяго каля васьмідзесяці тысяч рублёў у месяц — і ў вас безлімітны, кругласутачны доступ. Скажам — дзяржаўны аператар "ByFly" з тарыфам “Дамасед”. Тым больш, усе школы маюць пазабюджэтны даход і могуць аплаціць названую суму. Справа — у ініцыятыве кіраўніка і яго жаданні. Натуральна, без падтрымкі начальніка аддзела культуры і без разумення з боку старшынь выканкамаў ды фінансавых аддзелаў зрабіць гэта будзе складана, але — магчыма.

2. Сайтаў — не шкада

Што ж да праграм па прадметах, дык яны ёсць як па пяцігадовым, так і па сямігадовым тэрмінах навучання. Адзінае — няма нашай беларускай праграмы па класе гітары. Аднак мы ў сябе распрацавалі яе варыянт, выкарыстаўшы пры гэтым старую расійскую
(для школ з сямігадовым навучаннем), адаптавалі яе да нашых умоў і зацвердзілі. А чаго чакаць, калі літаральна ўсё пададуць табе на сподачку? Нашы выкладчыкі цяпер і не ўяўляюць, як можна выкладаць музычна-тэарэтычныя дысцыпліны (асабліва музычную літаратуру, сальфеджыа) без доступу ў інтэрнэт-прастору. Мы камп’ютарызавалі клас і забяспечылі доступ настаўніка ў Сеціва. Можам падзяліцца сайтамі.

Скажам, zvukinadezdy.ucoz.ru — тут можна знайсці зборнікі, рабочыя сшыткі па сальфеджыа, музычнай літаратуры; intoclassics.net — відэа- і аўдыязапісы опер, балетаў, канцэртаў сімфанічнай музыкі і г. д.; festival.1september.ru — адкрытыя ўрокі па сальфеджыа і музычнай літаратуры; lafamire.ru — матэрыялы па сальфеджыа: аўдыядыктанты, табліцы і шмат іншага цікавага тэарэтычнага матэрыяла; muzike.ru — лекцыі па музычнай літаратуры (уся замежная музыка — ад Баха да Шёнберга, тое, што патрэбна па праграме школ); forumklassika.ru — сайт для стасункаў і пошуку патрэбнай інфармацыі; book.tr200.net — кнігі, музычныя ўрокі (відэа-аўдыя), якія можна скачаць бясплатна.

Існуе і шмат іншых сайтаў. Проста гэтым трэба займацца.

3. Не хапае каталогу НББ

Але хацеў бы выказаць і асабістыя прапановы. Хацелася б мець у “арсенале” пералік усіх навучальных праграм па прадметах для ДШМ на сайце, скажам, Інстытута культуры Беларусі. Не пашкодзіў бы і доступ да электроннага каталогу Нацыянальнай бібліятэкі.

4. Настаўніцкі інтэрнэт-форум

Паколькі мы знаходзімся ў пэўным інфармацыйным вакууме (кепска ведаем, што адбываецца ў ДШМ іншых абласцей), дык надзвычай надзённым падаецца стварэнне інтэрнэт-форуму для зваротнай сувязі настаўнікаў музычных, мастацкіх школ і школ мастацтваў. Напэўна, заняцца гэтым павінен Інстытут культуры Беларусі.

5. Інтэрнэт-семінары і курсы

А як нам дапамаглі б інтэрнэт-семінары (майстар-класы вядучых выкладчыкаў не толькі нашай рэспублікі). Віртуальныя экскурсіі па навучальных установах культуры таксама паспрыялі б усведамленню таго, што твая школа не адстае ад павеваў новага і знаходзіцца ў гушчыні культурных падзей. А можна ж і інтэрнэт-конкурсы наладжваць, як даўно практыкуецца ў замежжы. Гэта сэканоміць грошы, час і дазволіць працаваць больш вынікова і аператыўна.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"