Зруйнавалі помнік ці "развалюху?"

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

Напрыканцы тыдня ў Інтэрнэце з’явілася навіна пра знос у вёсцы Смаляны гістарычнага будынка, які некалі прыналежыў да кляштара дамініканцаў. Неўзабаве інфармацыя пацвердзілася — але з пэўнымі агаворкамі.

 — У чацвер да нас звярнулася прыватная асоба з Оршы, паведаміўшы пра знос будынка, — распавёў намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ленкоў. — Мы аператыўна адрэагавалі на гэтае паведамленне, і ўсе работы на аб’екце былі спынены ў той самы дзень. Калі законныя патрабаванні ўсё ж будуць парушаны, вінаватых давядзецца прыцягнуць да адміністратыўнай адказнасці.

Будынак кляштара не ўключаны ў Дзяржспіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Яшчэ ў 1930-я гады ён быў прыстасаваны пад мехдвор і перабудаваны, страціўшы свае адметныя рысы, і сёння без даследаванняў нават цяжка вызначыць, ці захавалася там што аўтэнтычнае. Ужо ў наш час гасаб’ект спыніў існаванне, пакінуўшы па сабе брудную "развалюху".

Самае важнае, што няўзгодненыя работы па яе дэмантажы адбываліся без археалагічнага нагляду і літаральна ў лічаных метрах ад шэдэўра Віленскага барока — касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэты помнік рэспубліканскага значэння сёння знаходзіцца ў вельмі гаротным стане.

Пра гэтую ды многія іншыя праблемы захавання гістарычнай спадчыны адной з самых багатых на адметнасці беларускіх вёсак — у бліжэйшых нумарах "К".