Мост ад Нявы да Свіслачы

№ 16 (1090) 20.04.2013 - 27.04.2013 г

Фактычна Дні культуры Санкт-Пецярбурга ў Рэспубліцы Беларусь распачаліся 12 красавіка выстаўкай "Гістарычная мазаіка" ў Нацыянальным гістарычным музеі. Потым, 15, выстаўка шкла і керамікі сучасных пецярбургскіх мастакоў адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі. Таго ж дня ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі адбылося афіцыйнае адкрыццё Дзён.

 

Тут гасцей вітаў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Карачэўскі, ад пецярбургскай жа дэлегацыі выступіў кіраўнік дэлегацыі, выконваючы абавязкі старшыні Камітэта па культуры ўрада горада на Няве Барыс Іларыёнаў.

/i/content/pi/cult/423/8691/2-2.jpeg

А.Мукушаў. "Рыба".

Першы намеснік міністра культуры сказаў з нагоды падзеі: "Сярод работнікаў і дзеячаў культуры ёсць тыя, хто атрымаў адукацыю ў Ленінградзе або Пецярбургу і сёння плённа працуе на беларускай зямлі. А сярод тых, хто датычны да стварэння духоўнага скарбу Паўночнай сталіцы Расіі, нямала беларусаў. Нашы культурныя патэнцыялы цалкам сумяшчальныя: Пецярбург і Беларусь могуць ладзіць маштабныя сумесныя праекты. І не толькі ў галіне культуры. Бліжэйшым часам у Мінску чакаюць дэлегацыю дзелавых колаў Санкт-Пецярбурга, і дыялог працягнецца ўжо на ўзроўні экспертаў ад эканомікі".

 

/i/content/pi/cult/423/8691/2-3.gif

 

В.Някрасава-Карацеева. Кампазіцыя "Аўтапартрэт".

Барыс Іларыёнаў падзякаваў беларусам за гасціннасць, за цёплы прыём і згадаў, што днямі ў Санкт-Пецярбургу пачаўся традыцыйны фестываль "Сустрэчы ў Расіі", дзе збіраюцца тэатры амаль з усёй постсавецкай прасторы. Дык вось, сёлета форум адкрываў Брэсцкі акадэмічны тэатр спектаклем "Над прорваю ў жыце". У гэтай акалічнасці спадар Іларыёнаў бачыць пэўную сімволіку: толькі што Пецярбург прымаў калектыў з Беларусі, а зараз пецярбуржцы выступяць перад мінскай публікай. Іларыёнаў спадзяецца, што гэтая акцыя атрымаецца не горшай за леташнія Дні культуры Беларусі ў горадзе на Няве. Так, мяркуе ён, атрымаецца адкрыць беларусам Пяцярбург з нечаканага ракурсу.

 

Цікава, што па заканчэнні канцэрта ансамбля салістаў Дзяржаўнага акадэмічнага рускага аркестра імя В.Андрэева, які 100 гадоў таму гастраляваў у Мінску, ад сталічнай публікі, музыкантаў-прафесіяналаў і аматараў музыкі, аркестрантам падзякаваў маэстра Міхаіл Казінец.

/i/content/pi/cult/423/8691/2-1.jpeg

Канцэрт Андрэеўскага аркестра. 

Па ягоных словах, менавіта Андрэеўскі аркестр стаў узорам, на якім ствараліся аркестры народных інструментаў не толькі ў Расіі. Пяцярбуржцы ж адказалі, што даўно не чулі ў сябе аркестра імя Жыновіча і гатовы запрасіць яго на гастролі.

Працягам Дзён сталі выстаўка ў Доме-музеі Першага з’езду РСДРП, выступленні пяцярбургскіх артыстаў на сцэнах Вялікага тэатра і Тэатра імя М.Горкага.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"