Па Міншчыне — з новым даведнікам

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

Прэзентацыя даведніка “Минск и окрестности” адбылася 6 снежня ў Грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы, які, дарэчы, і выдавец гэтай кнігі. Новае выданне адрасавана найперш экскурсаводам і турыстам, а таксама ўсім, хто жадае пазнаваць сваю краіну ў самастойных вандроўках.

З журналістамі сустрэліся аўтары-ўкладальнікі даведніка Мікалай і Яўген Чырскія, мастак-дызайнер і аўтар фатаграфій Уладзімір Шоўк, а таксама рэдактар кнігі Аляксандр Саламевіч, рэцэнзент - кандыдат філалагічных навук, прафесар, аглядальнік “Савецкай Беларусі” Адам Мальдзіс, старшыня Беларускага фонду культуры Уладзімір Гілеп, дзеячы навукі і культуры, прадстаўнікі турыстычнай галіны.
М.Чырскі, старшыня Беларускай асацыяцыі экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, рыхтаваў новую кнігу некалькі гадоў і прысвяціў яе 940-годдзю Мінска. Пад адной вокладкай апісаны і яскрава праілюстраваны 10 экскурсійных маршрутаў па сталіцы Беларусі і 6— па яе наваколлях у радыусе да 60 кіламетраў. Пільнае вока дасведчанага гіда не прапускае ніводнай гістарычнай ці сучаснай адметнасці гэтых мясцін. Кніга заве чытача праехаць “Зямлёй Купалы” і “Зямлёй Коласа”, адчуць, як “Ажываюць сівыя стагоддзі”, сабраць уражанні “У вянок старадаўніх беларускіх сядзіб”, яшчэ раз упэўніцца, што “Дарога— гэта жыццё”.
Спадарожнікам і сааўтарам Мікалая Арсеньевіча, добрым памочнікам у яго ўлюбёнай справе і сапраўдным патрыётам стаў яго сын Яўген.
А.Мальдзіс падкрэсліў, што гэтая кніга вельмі патрэбная нашай грамадскасці ў сувязі з дзяржаўным накірункам на развіццё ўязнога турызму, адна з задач якога — стварэнне прэстыжнага іміджу сваёй краіны ў свеце. Ён ухваліў фотаілюстрацыі і паліграфічную якасць новага даведніка.
На думку А.Саламевіча, аўтары пераўзышлі мэту стварыць дапаможнік для экскурсаводаў: у іх атрымалася папулярная энцыклапедыя Міншчыны, тут можна адшукаць звесткі і пра гарадзішча IX - XI стст. на Менцы, і пра спартыўна-аздараўленчы комплекс “Лагойск”...
Да вартасцей даведніка можна аднесці і змешчаныя на яго старонках звесткі пра гасцініцы, музеі і іншыя патрэбныя падарожнікам установы, а таксама ненавязлівыя правілы экалагічна свядомых паводзін на прыродзе.

Святлана ІШЧАНКА