ШТО Я ВЕДАЮ ПРА ГІБЕЛЬ ПЭНА?

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Эксклюзіўныя ўспаміны ўнучатай пляменніцы мастака, тэатразнаўцы Ганны Герштэйн

(Працяг. Пачатак у №№ 13, 14.)

Яшчэ раз нагадаю чытачам перадгісторыю матэрыяла.

…Прыкладна месяц таму мне патэлефанавала мая добрая знаёмая і калега па крытычным цэху Ганна Герштэйн, унучатая пляменніца Юрыя Пэна, мабыць, апошняя прамая сваячка вядомага беларускага жывапісца. Яна прапанавала для газеты ўспаміны аб віцебскіх сустрэчах са сваім родзічам, у тым ліку — пра трагічнае завяршэнне ягонага шляху ў 1937 годзе.

Такім чынам, мы завяршаем публікацыю ўспамінаў Ганны Герштэйн.

Б.К.

— …Як вядома, у забойстве мастака “з мэтай абрабавання” абвінавацілі сем ягоных сваякоў. Амаль усе яны ў час допытаў “прызналіся” ў здзейсненым злачынстве. З 6 па 22 красавіка ў горадзе правялі адкрыты судовы працэс, але ў памяшканне суда можна было прайсці толькі па спецыяльным пропуску. Два чалавекі былі апраўданы, адна з пляменніц Пэна — Рыва — атрымала тры гады ўмоўна, астатнім жа прысуджана ад двух да дзесяці гадоў заключэння. Але пытанняў на гэты конт засталося вельмі шмат. Напрыклад, чаму ніводнай карціны Пэна з яго кватэры не было скрадзена забойцамі? Чаму грошы ў памеры 2 600 рублёў, што ляжалі на бачным месцы, таксама аказаліся некранутымі? Чаму не знялі адбіткі пальцаў з сякеры, якой быў забіты мастак? І гэтак далей…

/i/content/pi/cult/422/8689/2-1.jpeg

Ю.Пэн. "На Віцьбе".

Музей Пэна праз два гады пасля яго смерці ўсё ж адкрылі ў кватэры мастака на Гогалеўскай вуліцы. Гэта адбылося 17 ліпеня 1939 года. Экспазіцыя склалася з дзвюх залаў, дзе размясцілі лепшыя творы мастака ранняга і позняга перыядаў. Першым дырэктарам установы быў прызначаны 27-гадовы Пётр Андрэевіч Абрасімаў, родам з Багушэўска, тагачасны ўпаўнаважаны філармоніі БССР па Віцебскай вобласці, будучы першы сакратар Смаленскага абкама КПСС, старшыня Дзяржаўнага камітэта СССР па замежным турызме, і, у розныя часы, — пасол у ПНР, ГДР, Францыі. За першыя паўгода музей наведалі каля 20 тысяч чалавек, арганізавалі 232 экскурсіі. Але, як вядома, у пачатку Вялікай Айчыннай вайны музей быў хутка эвакуіраваны ў Саратаў. Транспарціроўку работ ажыццявілі без усялякай асцярогі на адкрытай платформе, часам пад бамбёжкамі нямецкай авіяцыі, а шмат твораў проста зрэзалі з падрамнікаў. Магчыма, штосьці было страчана і ў час эвакуацыі. Пасля Перамогі частка спадчыны Пэна вярнулася на радзіму (“больш двухсот работ — карціны, малюнкі, эскізы і эцюды”, як паведамляла газета “Віцебскі рабочы”, за 21 чэрвеня 1946 г.). Але сотні твораў (прыкладна тры чвэрці калекцыі мастака) з таго саратаўскага музея кудысьці зніклі без следу.

І ўсё ж, не магу не сказать пра наступнае. Мінула шмат часу пасля забойства Пэна, многія ўдзельнікі і сведкі тых падзей пайшлі з жыцця. Я, мабыць, адна з апошніх сваячак, калі не самая апошняя, хто добра ведаў мастака, і таму лічу, што неабходна стварыць у Віцебску музей Пэна, — бо гэты жывапісец заўсёды ўваходзіў у кагорту вядучых майстроў мастацтва і ў гісторыі беларускай культуры заняў сваё пачэснае месца. Мастак любіў сваю краіну, любіў свой Віцебск, якому прысвяціў усю творчасць, першым у Беларусі адкрыў прафесійную школу выяўленчага мастацтва, выхаваў не адно пакаленне першакласных беларускіх мастакоў. Акрамя таго, такі музей можа стаць брэндам для замежных турыстаў і школай выхавання для сённяшніх маладых творцаў.

/i/content/pi/cult/422/8689/2-2.jpeg

Ю.Пэн з уласнымі работамі.

Дарэчы, адзін з першых яго вучняў Марк Шагал, ужо зрабіўшыся сусветна вядомым жывапісцам, ніколі не забываўся на свайго настаўніка: вёў з ім перапіску, віншаваў са святамі, а калі ў Краіне Саветаў “трапіў у няміласць”, усё роўна на пачатку галодных 1930-х перасылаў Пэну прадуктовыя пасылкі праз Рыгу, але — пад чужым імем… Я да гэтага часу памятаю смак цукерак з тых пасылак, якімі мяне частаваў Юрый Масеевіч. І яшчэ бацька расказваў, як Пэн аднойчы з добрай усмешкай напісаў Шагалу: маўляў, ты — таленавіты мастак, і твой шлях будзе ўдалым, але ніколі на сваіх палотнах не дазваляй козам і каровам узлятаць вышэй за сінагогу... У адным лісце да мастака Марк Шагал з Парыжа пісаў: “Мы, адны з першых Вашых вучняў, будзем асабіста памятаць Вас. Мы не асляплёныя. Якая б крайнасць ні кідала нас у галіне мастацтва далёка ад Вас па кірунку — Ваш вобраз шчырага працаўніка-мастака і першага настаўніка ўсё ж вялікі. Я люблю Вас за гэта”.

Мне здаецца, што Пэна і Шагала звязвалі не толькі ўзаемаадносіны настаўніка і вучня. Тут было штосьці глыбейшае: духоўная блізкасць, прыхільнасць, сардэчнасць. Памятаю некаторыя лісты Шагала да мастака, якія чыталіся дома, і адну фатаграфію, дасланую з Парыжа: Марк Шагал і дзяўчынка з кароткай стрыжкай.

Успаміны Ганны ГЕРШТЭЙН падрыхтаваў да друку Барыс КРЭПАК

Такім чынам, мы прадставілі вельмі цікавыя ўспаміны Ганны Рыгораўны Герштэйн, якія яна, пасля некаторых роздумаў, даверыла нашай газеце. Можа, у пэўным сэнсе, тут адыграў сваю ролю той факт, што некалькі гадоў мы з ёй працавалі побач ва ўпраўленні па справах мастацтваў Міністэрства культуры БССР: яна — у тэатральна-рэпертуарным аддзеле, я — у аддзеле выяўленчага мастацтва і аховы помнікаў. Адносіліся адзін да аднаго вельмі цёпла.

Потым, у 2000 годзе, мы таксама адначасова атрымлівалі прэмію Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, час ад часу перазвоньваліся па тэлефоне. І вось, прачытаўшы яе матэрыял, я хачу дапоўніць яго сваімі асабістымі думкамі і некаторымі фрагментамі з архіўных дакументаў судовага працэсу па справе аб забойстве Ю.М. Пэна, якія доўгія гады лічыліся сакрэтнымі.

Дарэчы, у 1998-м наша газета ў некалькіх нумарах надрукавала вялікі матэрыял карэспандэнта ізраільскай газеты “Вести” Яна Тапароўскага, які правёў уласнае стараннае расследаванне па справе аб забойстве Пэна. Да аналізу судовых матэрыялаў журналіст прыцягнуў спецыялістаў крымінальна-працэсуальнага права, крыміналістыкі і судовай медыцыны, якія прыйшлі да адзінай думкі: справа патрабуе перагляду, наконт чаго ў тым жа 1998 годзе ў высокія інстанцыі былі нават накіраваны адпаведныя дакументы. Не ведаю, чым усё гэта скончылася, бо той неардынарнай праблемай ніколі не займаўся шчыльна. Але, канешне, мне як мастацтвазнаўцу было цікава ўсё, што сустракалася ў СМІ наконт той жудаснай віцебскай трагедыі, якая здарылася з мастаком у ноч з 28 лютага на 1 сакавіка 1937 года.

/i/content/pi/cult/422/8689/2-3.jpeg

Ю.Пэн. "Сват". 1926 г.

Але спачатку хачу прывесці ўспаміны народнага мастака Беларусі Леаніда Шчамялёва, які, трынаццацігадовым юнаком, на той час жыў у Віцебску і нават быў трошкі знаёмы з Пэнам. Ішоў 1936 год. Лёня бачыў некаторыя творы Юрыя Масеевіча на яго выстаўцы ў памяшканні клуба “Металіст”. Уражанне было вялікае. Хтосьці яму сказаў, што ў майстэрню мастака можна прыйсці ў любы час і нават дамаўляцца загадзя не трэба. Адразу, маўляў, можаш падымацца на другі паверх чырвонага цагельнага дома № 1 па вуліцы Гогалеўскай у кватэру-майстэрню № 7, і будзе ўсё добра, бо дзверы там заўсёды адкрытыя для ўсіх тых, хто цікавіцца мастацтвам, асабліва — для моладзі. “Па лесвічнай клетцы я падняўся смела, — згадвае Леанід Дзмітрыевіч. — Увайшоў у прыхожую. Тут былі развешаны некалькі вялікіх малюнкаў ды нацюрморт з вазай і кветкамі. З прыхожай папаў у вялікі пакой з двума вокнамі і дзвярамі на балкон, які выходзіў на Гогалеўскую. Тут, недалёка ад рускай печкі, абабітай бляхай, стаялі два мальберты. А на сценах — скрэс карціны. Далей былі яшчэ два пакоі — мабыць, кухня і спальня, але туды мяне не запрашалі.

У пакоі-майстэрні, акрамя гаспадара, сядзеў на крэсле нейкі юнак у яркім чырвоным гальштуку, але не наведвальнік, як я адзначыў, бо той паводзіў сябе вельмі ж па-свойску, па-хатняму. Падумаў, што гэта, відаць, сваяк Пэна або яго вучань. Юрый Масеевіч здаваўся мне тады вельмі старым чалавекам, і, як я цяпер разумею, ён сапраўды быў такім — больш за 80 гадоў. Невялікі рост, рыжая завостраная бародка, фартух, запэцканы алейнай фарбай. Я прадставіў яго як гарадскога буржуазнага інтэлігента, якіх бачыў у тэатры і ў кіно.

Мастак узяў мяне за руку і стаў распытваць пра бацькоў, пра вучобу ў школе, а потым павёў “на экскурсію”. Часам затрымліваўся: “Э-э-э, падабаецца?” — “Вельмі…” — “А што больш за ўсё?” — “А ўсё…” — сарамліва адказваў яму, паказваючы пальцам на аўтапартрэты, на пекара, краўца, гадзіншчыка, на знаёмыя сонечныя хаткі Маркаўшчыны, пейзажы Пескаваціка, матывы ракі Лучосы. На адным з партрэтаў неспадзявана распазнаў знаёмага скрыпача. Гэтага старога яўрэя-музыканта мы, хлапчукі, пастаянна бачылі непадалёк ад вакзала, на вуліцы Чырвонаармейскай. Ён стаяў і іграў на скрыпцы ў невялікай адлегласці ад прыёмнага пункта, дзе ў цяжкія часы гараджане мянялі залатыя рэчы на прадукты.

Пэн няспешна, нібы мімаходзь, сказаў, ці то мне, ці то самому сабе, што вось прыйшоў час падумаць пра лёс сваіх карцін… А потым раптам спытаў, ці малюю я. І, атрымаўшы сцвярджальны адказ, папрасіў прынесці яму, калі пажадаю, малюнкі. Дарэчы, ён добра гаварыў па-руску, але з лёгкім яўрэйскім акцэнтам. Наступным днём я прыцягнуў свой альбом. Мэтр уважліва паглядзеў мае экзерсісы з адлюстраваннем нейкіх конікаў, зімовых дрэваў, дзетак з санкамі, мужычка-пазногціка, кіўнуў і сказаў: “Э-э-э, добра, але вам трэба, юнак, яшчэ шмат вучыцца…”

(Працяг будзе.)

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"