“На веласіпедзе з кодакам”

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Уявіць, якімі былі беларускія гарады на пачатку мінулага стагоддзя, можна дзякуючы старадаўнім паштоўкам. Яны выпускаліся рознымі майстэрнямі і карысталіся вялікай папулярнасцю ў грамадстве. Пры гэтым убачыць беларускую традыцыйную вёску стогадовай даўніны — справа не з лёгкіх. Прынамсі, была такой да выхаду ў свет кнігі “Беларусы ў фотаздымках Ісака Сербава” выпушчанай “Беларускай Энцыклапедыяй імя Петруся Броўкі".

Альбом змяшчае 442 здымкі і з’яўляецца поўным каталогам калекцыі Сербава, якая належыць аддзелу рукапісаў бібліятэкі Вільнюскага ўніверсітэта. Як адзначыла складальнік кнігі, кандыдат мастацтвазнаўства Вольга Лабачэўская, у структуру выдання пакладзены кропкі маршруту, па якім прайшоў фатограф у 1912 г. Ілюстрацыі дапоўнены вытрымкамі з апублікаваных і неапублікаваных прац этнографа, дзе даецца трапная характарыстыка таму, што ён зафіксаваў пры дапамозе фотаапарата, выкарыстаны яго назіранні, развагі, цікавыя гісторыі, якія здараліся з даследчыкам у вандроўцы.

/i/content/pi/cult/422/8688/1-3.jpeg

Двор шляхты ў вёсцы Куршынавічы — цяпер Ляхавіцкі раён. 1912 г.

Гісторыя ўзнікнення фотакалекцыі Iсака Сербава ў колішняй Вільні звязана з дзейнасцю Паўночна-Заходняга аддзела Імператарскага Расійскага геаграфічнага таварыства. Менавіта дзякуючы фінансавай падтрымцы адтуль этнограф у 1911 — 1913 гг. ажыццявіў некалькі вандровак па беларускім Палессі, зафіксаваўшы этнаграфічныя адметнасці.

/i/content/pi/cult/422/8688/1-4.jpeg

Горн для абпальвання гаршчкоў у вёсцы Гарадная — цяпер Столінскі раён. 1912 г.

У сваёй справаздачы аб паездцы па Палессі 1912 г. I. Сербаў неаднаразова згадвае, як удзень “вандраваў з запісной кніжкай” па палях і вёсках, або ездзіў “на веласіпедзе з кодакам”. Увечары этнограф слухаў і запісваў мясцовыя песні ды паданні. Як адзначыла Вольга Лабачэўская, сваіх герояў Iсаку Сербаву даводзілася настойліва ўгаворваць пазіраваць . Для палешукоў фотаапарат быў рэччу, якую, напэўна, яны бачылі першы раз у жыцці, таму ў разгубленасці не ведалі, як ставіцца да прапаноў этнографа пазіраваць для здымкаў. Пры гэтым, як прыгадваў пасля Сербаў, моладзь ставілася нават больш падазрона чым сталыя людзі. Асабліва бянтэжыў мясцовае насельніцтва сродак перасоўвання фатографа — веласіпед, ад выкарыстання якога ў час падарожжа ён вымушаны быў адмовіцца.

/i/content/pi/cult/422/8688/1-5.jpeg

Шляхцянкі з вёскі Мядзведзічы — цяпер Ляхавіцкі раён. 1912 г.

У савецкі час Сербаў працягваў актыўную навуковую, педагагічную і грамадскую дзейнасць. У 1934 г. за комплекс апублікаваных прац без абароны дысертацыі Iсаку Сербаву была нададзена вучоная ступень кандыдата гістарычных навук. Са стварэннем Акадэміі навук Беларусі ён з’яўляўся вучоным сакратаром кафедры этнаграфіі. Тым не менш, у гісторыі навукі і фатаграфіі ён застаўся менавіта дакументалістам Палесся, бо большасць з таго, што Сербаў зрабіў пасля не захавалася.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"