Інсайдары спадчыны

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Цікавасць да праблематыкі нематэрыяльнай спадчыны ў нашым грамадстве павялічваецца пастаянна. Гэты інтарэс грунтуецца на аб’ектыўным тыпалагічным “культурным назапашванні”, бо “тэксты” нематэрыяльнай спадчыны фарміруюцца і сёння. Немалаважнымі падаюцца і тыя наступствы, якія неасязальная спадчына інспіруе ў культурнай прасторы пачатку XXI стагоддзя. Маю на ўвазе ўмацаванне ідэнтытэту, фарміраванне “месцаў памяці”, выкрышталізацыю сістэмы каштоўнасцей і іншае.

Таццяна МАРМЫШ, намеснік начальніка аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі

/i/content/pi/cult/422/8685/2-3.jpeg

1. Медыялізацыя і візуалізацыя

(www.livingheritage.by)

Інтэрнэт — неад’емны складнік сучаснай культуры. У Сеціве адбываецца і рэпрэзентацыя тэмы нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС). Адносна нядаўна ў беларускай інтэрнэт-прасторы з’явіўся спецыялізаваны праект, прысвечаны НКС Беларусі — “Жывая спадчына Беларусі” (www.livingheritage.by). Напаўненне рэсурсу: аўдыёвізульная антрапалагічная інфармацыя і тэкставыя апісанні элементаў НКС, актуальныя навіны і заканадаўства ў такой сферы як ахова вусных культурных форм. Асобны раздзел сайта датычыцца дзейнасці UNESCO ў названай галіне. Акрамя таго, “Жывая спадчына Беларусі” скіравана на камунікацыю. Для гэтага створаны форум.

2. Мэтавая аўдыторыя

Дадзены партал з’яўляецца вузкапрофільным, аднак яго мэтавая аўдыторыя — не толькі кола прафесіяналаў, але і шырокая зацікаўленая грамадскасць, у тым ліку і ў англамоўным асяроддзі. На сённяшні дзень сайт ужо мае паўнавартасную беларускамоўную версію, а англійская знаходзіцца ў распрацоўцы.

3. Ідэнтыфікацыя НКС

Важнымі задачамі для сайта з’яўляюцца ідэнтыфікацыя НКС як феномена культуры, яе асэнсаванне ў жанрава-відавай разнастайнасці праз стасункі з галінамі выражэння, што вызначаны Канвенцыяй аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прынятай UNECKО ў 2003 годзе. А гэта: вусныя традыцыі і формы выражэння, якія ўключаюць мову ў якасці носьбіта нематэрыяльнай культурнай спадчыны; выканальніцкія мастацтвы; звычаі, абрады, святы; веды і сацыяльныя практыкі, што адносяцца да прыроды і сусвету; веды і навыкі адносна традыцыйных рамёстваў.

4. Канцэпцыя сайта

Яна звязана з ідэяй стварэння Інвентара нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Сам Інвентар — не толькі база даных элементаў НКС, зведзеная да фіксацыі ці архівацыі інфармацыі пра іх. Збор, безумоўна, патрэбны, аднак, першасная задача звязана з правядзеннем маніторынгу актуальнага стану нематэрыяльнай культуры і аператыўным рэагаваннем пры ўзнікненні нейкіх праблем. Наведвальнікам сайта адлюстроўваецца толькі частка палёў Інвентара. Спецыфічныя “працоўныя” раздзелы — схаваныя. Аднак і такая інфармацыя можа быць прадастаўлена па афіцыйным запыце ў Міністэрства культуры ці Інстытут культуры Беларусі. На партале прадугледжана магчымасць прапановы да ўключэння ў Інвентар любым карыстальнікам элементаў нематэрыяльнай культуры. Патрэбна толькі запоўніць пэўную форму.

5. Кантактная інфармацыя

Праект “Жывая спадчына Беларусі” развіваецца, ёсць шмат планаў па яго ўдасканаленні. Так, напрыклад, у перспектыве плануецца стварэнне асобнай базы даных з кантактнай інфармацыяй пра носьбітаў НКС (безумоўна, з іх згоды), якая будзе змешчана ў адмысловым раздзеле сайта.