Стварыце кан’юнктуру, каб адказаць на яе

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

“Брэст-2019”: як музей разгарнуць у перспектыву

/i/content/pi/cult/422/8684/2-2.jpeg

5 сакавіка ў канферэнц-зале Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” адбыўся семінар для музейных работнікаў “Культурна-гістарычная спадчына як рэсурс развіцця тэрыторыі і мясцовай супольнасці. Вопыты і практыка”. Арганізатары мерапрыемства — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Асацыяцыя менеджараў культуры, дырэкцыя Мемарыяльнага комплексу. Заяўленая тэма — неабсяжная. У дадзеным жа выпадку яна мела канкрэтную гістарычную і геаграфічную прывязку — праект “Брэст-2019” (канцэпцыя развіцця крэпасці і прылеглых тэрыторый, пра якую мы згадвалі пад час інтэрв’ю з кіраўніком Мемарыяла Рыгорам Басюком у № 11). Менавіта ў 2019 годзе горад над Бугам будзе святкаваць сваё тысячагоддзе

На семінар сабраліся музейшчыкі з усёй краіны. Самую вялікую дэлегацыю даслала сталіца. Былі госці з замежжа: з Беластока, Масквы, Каўнаса, Находкі. Сярод запрошаных — журналісты рэспубліканскіх СМІ і студэнты — будучыя спецыялісты музейнай справы. Каардынацыю мерапрыемства ажыццяўляла намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Святлана Гаўрылава. Вяла семінар кіраўнік праекта “Брэст-2019”, дырэктар па праектах Асацыяцыі менеджараў культуры Іна Паляжаева (Масква). Ну а “цвіком” праграмы была лекцыя эксперта з Аўстрыі Дзітара Богнэра, якая і дала назву семінару.

Калі чуеце “Брэсцкая крэпасць”...

У музейнай справе Дзітар Богнэр постаць, як прынята казаць, — знакавая. Ён доктар гісторыі мастацтваў, куратар выставак, музейны праекціроўшчык, член Апякунскай рады Новага музея сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку, выкладчык Венскага ўніверсітэта. Культурнымі праектамі захапіўся ў сталым узросце, з’яўляючыся паспяховым прадпрымальнікам. Плён дзейнасці спадара Богнэра якраз у тым, што культурную сферу ён бачыць праз прызму бізнес-планаў. Сёння на ягоным рахунку — канцэптуальныя распрацоўкі Музея Паўля Клее ў Берне, “Музейнага квартала” ў Вене, плана музеефікацыі Зальцбурга, Мастацкага Арсенала ў Кіеве. Апошняя ягоная вандроўка была ў Сіноп (Турцыя), дзе плануецца стварыць буйны музейны комплекс.

/i/content/pi/cult/422/8684/2-2.jpeg

Так эксперт бачыць сучасную музейную прастору.

Богнэр адразу ж папярэдзіў, што ён не збіраецца каго-небудзь вучыць, бо імкнецца толькі паспрыяць творчаму працэсу. Усім удзельнікам на пачатку прапанавалі пісьмова адказаць на шэраг пытанняў адносна будучыні крэпасці. Падсумаваўшы адказы, можна было зрабіць высновы, што большасць музейшчыкаў успрымае крэпасць найперш як помнік гераізму. Ёсць прыхільнікі ідэі адраджэння на тэрыторыі комплексу архітэктурных помнікаў беларускага Сярэднявечча, страчаных у час узвядзення фартыфікацыйных пабудоў. Яшчэ варыянт: крэпасць мусіць быць далучанай да культурнай перспектывы горада, рэгіёна, краіны.

Уласна кажучы, гэтая думка лагічна вынікае з канцэпцыі праекта “Брэст-2019”. Бо апошні якраз і прадугледжвае ўключэнне крэпасці ды прылеглай тэрыторыі ў сучасныя гарадскія сцэнарыі дзеля надання ёй новых камунікацыйных функцый.

Музей — структура дынамічная

Дзітар Богнэр падзяліўся з прысутнымі досведам музейнага праектавання, абраўшы ў якасці ўзору найбольш яскравыя прыклады са сваёй практыкі. На ягоную думку, музей толькі тады зможа разлічваць на стабільную цікавасць з боку грамадства, калі ў ім наведвальнік заўжды бачыць нешта новае. Скажам, нейкая частка экспазіцыі застаецца нязменнай дзесяцігоддзямі, іншая — змяняеца раз на пяць гадоў, яшчэ адзін элемент — штогод. А частка прасторы можа быць прыстасаванай для змен яшчэ больш дынамічных. Але пры гэтым важна не перайсці мяжу, за якой музей губляе выпрацаваны часам імідж.

Таму спадар Богнэр не ўхваліў ідэю адраджэння на тэрыторыі крэпасці страчаных калісьці сярэднявечных пабудоў. На ягоную думку, праз такую рэгенерацыю можа “размыцца” вобраз Мемарыяла. Дбаючы пра наданне крэпасці новых функцый, не варта ператвараць яе ў “Дыснейлэнд”. Хаця Дзітар Богнэр раіць культработнікам не ігнараваць досвед ні “Дыснейлэнда”, ні нават сеткавага фаст-фуду. Бо менеджары гэтых кампаній ведаюць, як зацікавіць кліента, умеюць лічыць грошы.

Вена, Нью-Ёрк, Зальцбург...

Прынцыпы арганізацыі музейнай справы і працы з гледачом, па словах Богнэра,  — універсальныя. І праблемы ў музейшчыкаў паўсюль, лічы, аднолькавыя. Адна з іх  — неабходнасць “адваёўваць” прастору ў бізнесмэнаў, пераконваць дырэктыўныя органы і патэнцыйных спонсараў у тым, што ўкладанні ў культурныя праграмы — гэта інвестыцыі ў будучыню. Так, у прыватнасці, было з “Музейным кварталам” Вены. Ён знаходзіцца на ўскрайку Старога горада — непадалёк ад Хофбурга — на тэрыторыі колішніх імператарскіх стайняў. За гістарычным фасадам узведзены сучасныя па форме і зместу культурныя аб’екты. Калі паўстала пытанне аб рэканструкцыі тэрыторыі стайняў, адразу ж узніклі падмацаваныя вялікімі грашыма прапановы пабудаваць тут велізарны гандлёвы комплекс. Аднак Богнэр з аднадумцамі здолелі пераканаць уладу аддаць тэрыторыю пад культурнае будаўніцтва, якое, акрамя ўсяго, ажывіць Вену, дадасць цэнтру горада сучаснасці. Зараз “Музейны квартал” — гэта 60 тысяч м2, дзе размясціліся Музей сучаснага аўстрыйскага мастацтва, “Танцавальны квартал” (ён жа з’яўляецца і забаўляным цэнтрам), Венскі архітэктурны цэнтр, Музей тытуню, Дзіцячы музей, так званы “21-ы квартал”, дзе прадстаўлена мастацтва, альтэрнатыўнае звыклай эстэтыцы… Акрамя таго — кавярні, крамы ды іншая сэрвісныя пункты. Забаўляльнай спажывы для наведвальніка столькі, што ў музеі ён можа і не трапіць. Таму спецыяльны плакат інфармуе: “У Музейным квартале нават музеі ёсць!”. Па сутнасці — гэта сучасны арт-горад побач са старой Венай.

“Музейны квартал” мае шалёную папулярнасць у турыстаў. Гэта ўжо славутасць у адным шэрагу з такімі брэндамі, як згаданы Хофбург і Альберціна. Надзвычай важна, што “Музейны квартал” прышоўся даспадобы моладзі. Спадар Богнэр раіць звярнуць асаблівую ўвагу на гэту катэгорыю спажыўцоў культуры. Бо ўжо сёння іх густы ды звычкі моцна ўплываюць на кан’юнктуру культурнага рынку.

 

Як згадвалася раней, Дзітар Богнэр мае непасрэднае дачыненне да стварэння і функцыянавання Новага музея сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку. Увесь штат установы  — 35 чалавек. У ягонай рабоце пераважае не звыклае стварэнне экспазіцый, а інтэрактыўная дзейнасць па-за яе сценамі. Штогод музей ладзіць фэст на вуліцах горада, дзе кожны можа прапанаваць нейкую ідэю, якая зробіць Нью-Ёрк больш утульным, а жыццё гараджан — насычаным. Гэта могуць быць як выключна культурныя, так і сацыяльныя праекты. Людзі прапаноўваюць, як аздабляць унутрыквартальную прастору, як рацыянальна скарыстаць смецце, як палегчыць жыццё тых, хто не мае даху над галавой. Каардынуюць гэты працэс музейшчыкі. Вось рэальнае ўвасабленне формулы, якую можна вызначыць як “Горад — у музей, музей — у горад”.

Цікавы таксама план музеефікацыі Зальцбурга. Аўтар аб’ядноўвае ў адзіную інфармацыйную прастору асноўныя культурныя аб’екты горада: замак, музей і сабор. Кожны з іх уяўляе самадастатковую каштоўнасць, а разам яны ствараюць панараму гісторыі горада і рэгіёна.

Фактычна, наш госць з Аўстрыі распавядаў пра эфектыўную мадэль Музея-трансформера. Нагадаем, пра беларускі досвед такой формы працы мы пісалі ў № 11. Нашы прафесіяналы прыйшлі да той жа ідэі праз сваю рэчаіснасць, але чужы вопыт нам толькі на карысць.

Працяг гаворкі будзе

Напрыканцы сваёй лекцыі спадар Богнэр параіў прысутным не рабіць паспешлівых высноў. Спакойна разабрацца з прыярытэтамі: што захаваць у Брэсцкай крэпасці ў нязменным стане, а чаму надаць сучасныя рысы. Мэтр музейнай справы спадзяецца зноў прыехаць у Беларусь напрыканцы года і працягнуць распачатую гаворку.

Потым Богнэр адказаў на пытанні, якіх было на дзіва мала. Мабыць, насамрэч, пачутае яшчэ трэба асэнсаваць.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Брэст — Мінск

 

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"