А ў "кустах" — 11 тэатраў

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Гомельшчына: змагаюцца толькі "ўзорныя"

6 красавіка ў Цэнтры культуры і рамёстваў аграгарадка “Холмеч” Рэчыцкага раёна распачаўся абласны агляд-конкурс узорных аматарскіх тэатральных і лялечных калектываў. 13 красавіка эстафету ў Рэчыцкага “куста” прымае Жлобінскі. Завершыцца ж агляд-конкурс 20 красавіка ў школе мастацтваў № 5 Гомеля.

Як тлумачыць намеснік дырэктара Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці Інга Заўгародняя, гэта ўжо далёка не першы конкурс і скіраваны ён на павышэнне мастацкага ўзроўню дзіцячых калектываў, на папулярызацыю лепшых узораў драматургіі і тэатральнага мастацтва.

У аглядзе возьмуць удзел лялечныя тэатры Ровенскаслабодскага цэнтра культуры і вольнага часу Рэчыцкага раёна, Жыткавіцкага гарадскога цэнтра культуры, Мазырскага ДК “Будаўнік”, тэтральныя калектывы: Жлобінскага ГЦК, Светлагорскай ДШМ, Светлагорскага ДК энергетыкаў, Гомельскай ДШМ №5, Нараўлянскай дзіцячай бібліятэкі, Рэмезаўскага сельскага дома культуры Ельскага раёна, Палаца культуры “Беліцкі”. Прычым, Жлобінскі гарадскі цэнтр культуры прадстаўляе і тэатральную студыю, і агітбрыгаду.

Калектывы, сапраўды, вартыя ўвагі. Жыткавіцкі лялечны тэатр “Чараўнікі”, дда прыкладу, дзейнічае аж з 1986 года. Па словах дырэктара мясцовага ГЦК Таццяны Еўлаш, у склад тэатра ўваходзяць трыццаць вучняў чатырох школ Жыткавічаў і гарадской гімназіі. І кожны “чараўнік” без аглядкі адданы тэатральнай сцэне.

Гэткія ж прынцыпы і ў тэатра “Крэда” Гомельскай дзіцячай школы мастацтваў
№ 5, якім кіруе Вера Уханава. І крэда — жыць тэатрам — пацвярджаецца на справе. Удзельнікі калектыву, яны ж і навучэнцы тэатральнага аддзялення ўстановы, працягваюць вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і, як правіла, звязваюць жыццё з прафесійным тэатрам…

Канкурсанты будуць змагацца не толькі за Гран-пры, але і за лепшыя: творчы эксперымент, сцэнаграфію, мужчынскую і жаночую ролі.