Які кошт наміткі?

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Міншчына: абласны семінар

У Мінскім абласным цэнтры народнай творчасці адбыўся семінар, прысвечаны традыцыйным галаўным уборам беларускіх жанчын.

Перад прысутнымі выступіла супрацоўніца Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства Марыя Віннікава, якая рэканструявала спосабы навівання наміткі з Бярэзінскага, Любанскага, Салігорскага, Слуцкага і Старадарожскага раёнаў.

/i/content/pi/cult/422/8680/1-2.gif

Работнікі культуры Міншчыны даведаліся, што намітку ў беларускіх гаворках часцей завуць “наметка”, “намётка”, “намёт”, “плат”, форма ж “намітка”, што ўвайшла ў літаратурную беларускую мову, — гэта хутчэй украінізаваны варыянт маўлення.

Намітка — галаўны ўбор замужняй жанчыны, які закрываў яе валасы. Абрад “завівання маладой” (першага навівання наміткі) займаў істотнае месца пад час традыцыйнага вяселля. Валасы замужняй жанчыны па традыцыйных уяўленнях беларусаў (як, дарэчы, і ў іншых народаў) надзяляліся надзвычайнай здольнасцю прыцягваць як добрую, так і адмоўную энергетыку, таму іх хавалі пад галоўны ўбор. Намітка завяршала строі замужняй.

Намітка з’яўлялася вельмі каштоўным падарункам, бо ў параўнанні з іншымі тэкстыльнымі вырабамі шылася з найтанчэйшага палатна. Наміткі дарылі як мужчынам, так і жанчынам (сватам і родным маладога на вяселлі, бабулі-павітусе пасля прыняцця родаў). Выкарыстаць падораную намітку можна было як па прызначэнні, так і на пашыў іншых вырабаў. Напрыклад, сустракаюцца мужчынскія кашулі, пашытыя з намітак. У песнях пра цяжкую долю замужняй жанчыны часта сустракаецца сюжэт, як муж-п’яніца прапівае каня і просіць жонку выкупіць жывёлу: “Выйдзі-выдзь жана з намёткаю, выкупі каня з аброткаю”. Атрымліваецца, намітка па кошце была роўная каню!

Ткаць жанчыны пачыналі пасля Вадохрышча. Да Вялікадня прынята было шыць для ўсёй сям’і абноўкі. Цёмнымі вечарамі выраблялі грубое палатно, наміткі ж ткалі тады, калі дзень станавіўся даўжэйшым…

Алена ЛЯШКЕВІЧ,метадыст па этнаграфіі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці

На здымку: наша сучасніца паказала, як выглядае слуцкая намітка.