А ваш ГДК не адстае ад сяла?

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Ляхавіччына: вучоба дырэктараў

18 — 19 красавіка ў Ляхавічах пройдзе семінар, на які збяруцца дырэктары гарадскіх дамоў культуры з усёй Брэстчыны. Месца збору, натуральна, — Ляхавіцкі ГДК, які ўпрыгожвае горад не толькі вытанчанай архітэктурай.

Нагадаем, з’яўлення гэтай ўстановы чакалі доўга. Былы Дом культуры састарэў не толькі матэрыяльна, але і маральна. Рэканструяваць яго трэба было ці не з нуля. Так і вырашылі. Натуральна, хвалявалі і тэмпы работ, і іх фінансаванне. Але ўсё ж такі на першы план паставілі якасць абнаўлення ўнутранага і знешняга. У выніку, калі ў 2010 годзе рэканструкцыя была паспяхова завершана, цэнтральная плошча заззяла шкляным клубным фасадам. Галаўны ж боль і начальніка аддзела Ніны Прыхач, і гарадскіх работнікаў культуры ператварыўся ў радасць павялічаных творчых магчымасцей.

/i/content/pi/cult/422/8679/1-1.jpeg

Цяпер у Ляхавіцкім ГДК — не толькі сучасная тэхніка ды апаратура, але і сем творчых калектываў, уганараваных рознымі званнямі. План па аказанні платных паслуг з поспехам выконваецца трэці года запар. А сам ГДК здолеў стаць за гэты час вядучым месцам разнастайнага адпачынку для дзяцей, моладзі і людзей сталага ўзросту. І дапамагло ў гэтым не толькі раённае, але і абласное кіраўніцтва.

Дык чаму будуць вучыцца ў Ляхавічах дырэктары ГДК з усёй вобласці? Прафесійнаму стаўленню да выканання службовых абавязкаў, упартасці і ўпэўненасці ў дасягненні пастаўленых мэт. Не сакрэт, што ў асобных райцэнтрах гарадскія ўстановы культуры нярэдка адстаюць па тэхнічных магчымасцях ад сельскіх, якім у свой час дапамагала “ўзняцца на ногі” Дзяржпраграма па адраджэнні і развіцці сяла. На Ляхавіччыне такога кантрасту не назіраецца.

Дарэчы, удзельнікі семінару пабываюць і ў Востраўскім СДК, пра праблемы “пераходнасці” якога “К” у свой час пісала. У Ляхавіцкім раёне цяпер вырашана і гэтае пытанне. Летась у аграгарадку завершаны рамонт клуба. З раённага бюджэту на гэта выкарыстана без малага два мільярды рублёў. Так, рамонтнага “фінішу” давялося доўга чакаць. Але якасць работ гарантуе, што ў Востраве не існуе патрэбы ў фінансаванні на заўтрашнія будаўнічыя недаробкі. Цяпер, маўляў, СДК і гасцям не сорамна паказаць. Інакш кажучы, і Востраў стаў часткай культурнага ляхавіцкага архіпелага...

Але вернемся ў Ляхавічы. Удзельнікі семінара пабачаць тут работу з памянёнымі творчымі калектывамі. Заслужаны аматарскі калектыў — студыя выяўленчага мастацтва “Апалон”, якой кіруе даўні сябра і эксперт “К” Сяргей Чарановіч, прэзентуе сваю творчую і конкурсна-міжнародную дзейнасць. Кожны ансамбль падорыць гасцям канцэртную візітоўку. Вечарам дырэктары ГДК пабачаць і абмяркуюць якасць, і крэатыўнасць ляхавіцкіх шоу-праграм ды тэматычных танцавальных вечароў.

На здымку: Ляхавіцкі гарадскі дом культуры.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"