Каму патрэбны конкурс дзеля выдаткаў?

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Хто ж яшчэ, апрача лепельцаў, удзельнічаў у абласным конкурсе на лепшы інавацыйны праект для моладзі і патрапіў у хэдлайнеры названай акцыі? Я пагутарыў на гэты конт з дырэктарам Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Кацярынай Лабука. Высветлілася, што згаданы конкурс доўжыцца на Віцебшчыне з пазамінулага года. Сур’ёзная справа, сапраўды, не выносіць мітусні. А падвядзенне вынікаў адбудзецца 19 красавіка ў Оршы. Тут запланавана правядзенне абласнога маладзёжнага форуму з выступленнем лепшых аматарскіх аб’яднанняў і творчых калектываў, а таксама прэзентацыя лепшых дыскатэчных праграм.

Цяпер, уласна кажучы, пра конкурс маладзёжных інавацый. Ён праходзіў у тры этапы. У апошні, па словах Кацярыны Лабука, трапіў, да прыкладу, аддзел культуры Міёрскага райвыканкама за праект маладзёжнай харэаграфічнай суб-культуры. Пра аналагічны шматпрофільны праект Докшыцкага раёна мы пісалі на пачатку бягучага года.

А Полацкі РДК прапанаваў сваю акцыю “Шоу-майстар”. У Наваполацку сур’ёзна і мэтанакіравана аднаўляюць культуру старадаўніх маладзёжных баляў. Браслаўшчына зацікавіла выніковасцю трансгранічнага супрацоўніцтва, пра якое “К” таксама шмат пісала.

Адметным падаецца тое, што да трэцяга лёсавызначальнага этапу дайшлі не толькі аддзелы культуры ў цэлым, але і асобныя крэатыўшчыкі з сяла. Да прыкладу, бібліятэкары Асінторфаўскай бібліятэкі з Дубровенскага раёна. Праект у іх — экалагічны, скіраваны на захаванне і ўшанаванне нашых прыродных багаццяў, у прыватнасці — журавін.

Не менш цікавы і карысны праект прапанавалі журы супрацоўнікі Дубровенскай ЦБС. Называецца ён “З дзіцем нараджаецца і мама”. З дапамогай раённай і дзіцячай бібліятэк сабрана максімальна поўная калекцыя медыцынскай, сацыяльнай, псіхалагічнай літаратуры для маладых мам.

19 красавіка ў Оршы прагучаць прозвішчы лепшых аўтараў інавацыйных праектаў. Кожнаму мяркуецца ўручыць каштоўны прыз, які спатрэбіцца ім у непасрэднай творчай дзейнасці. Вынаходніцтва ідэй такім чынам будзе прастымулявана і матэрыяльна. Я вельмі спадзяюся, што на гэтым знакавым абласным форуме будуць прысутнічаць не толькі работнікі культуры з Віцебшчыны. Не для таго, каб пазайздросціць, а для таго, каб навучыцца. Ад зайздрасці, пагадзіцеся, вочы свяціцца не пачынаюць. Святло ў вачах — ад усведамлення ўласнай патрэбнасці. А дзе як ні ў Оршы шукаць гэтага ўсведамлення? Бо толькі на адным “Доміку ў вёсцы” можна пабудаваць самую дзейсную прафесійную вучобу крэатыўшчыкаў і запаліць вочы многіх.

Мне могуць запярэчыць метадысты з іншых абласцей: і мы, маўляў, ладзім аналагічны конкурс, пад час якога адбіраем лепшыя інавацыйныя ідэі. Усё можа быць. Але журналісцкія камандзіроўкі сведчаць пра адваротнае. Крэатыўных праектаў па аддзелах культуры вельмі мала. І часцяком яны атаясамліваюцца з чарговым мерапрыемствам, адзінкавым, але перыядычна паўтаральным (да прыкладу — са справаздачным канцэртам)... А каму патрэбны конкурс дзеля конкурсу, які не мае на выхадзе нічога апрача выдаткаў?

Я.Р.