ПРАДЗЮСАРЫ лепельскага цмока

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Спрацаваць на сваю раскрутку, бо "чужыя гастролі" на спецрахунак не "асядаюць"

Рэгіёны: тэндэнцыі і актуаліі

Пачну з цытаты. Вось што напісаў Уладзімір Караткевіч у рамане “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” пра Лепельскае возера: “І яшчэ казалі вальнадумцы, што каб цмокі былі — яны б народ хапалі, лапалі. І гэта ерась! Па-першае, прападобны Амбражэй тых цмокаў закляў, а па-другое, забылі яны, што ніколі ў тыя часы не аддавала Лепельскае возера трупаў. А ў той год і вальнадумцы ахнулі. Праўду казаў прападобны. За адну ноч на водмелях тых яшчураў, тых цмокаў знайшлі сорак, ды палова таго хісталася на фалях, як плаваючыя выспы. Ды другой раніцай знайшлі яшчэ трохі менш паловы таго, што выдахла ў першую ноч”. І цытата да месца з той прычыны, што ў верасні, на Дзень горада, Лепель займее помнік цмоку.

Апошнім часам, па словах намесніка старшыні Лепельскага райвыканкама Мікалая Нікіціна, менавіта да гэтай даты раённы цэнтр упрыгожваецца адметнымі помнікамі. Так на галоўным пляцы (“пятачку”) з’явілася адлюстраванне Лепелькі з “пятаком” у руцэ, у скверы — помнік канцлеру Льву Сапегу, што стаў ініцыятарам узвядзення мясцовага касцёла, а блізу Лепельскага возера атабарылася русалка. Дзесьці тут з’явіцца і выява цмока...

Інакш кажучы, Лепельшчына небеспадстаўна прэтэндуе на статус раёна, насычанага самымі рознымі культурнымі брэндамі.

А грошы — еўрасаюзаўскія

У аддзеле культуры Лепельскага райвыканкама ўмеюць падбіраць кадры і працаваць з імі. Дзесьці 8 — 10 спецыялістаў штогод прыбываюць у раён. Па сутнасці, увесь сённяшні артыкул — пра выніковасць аддачы іх працы. Вось і Вольга Маханенка кіравала калісьці РДК, а цяпер — гаспадар адной з аграсядзіб у раёне і менеджар міні-праектаў па стварэнні турыстычных брэндаў (у тым ліку і цмока) Лепельшчыны.

/i/content/pi/cult/422/8677/1-1.jpeg

Праектаў такіх, па словах намесніка старшыні райвыканкама Мікалая Нікіціна, ці не з дзясятак. І кожны атрымаў фінансавую падтрымку еўрасаюзаўскай праграмы “Вада, прырода, людзі ў знікаючым ландшафце: развіццё ўстойлівага сельскага турызму ў Расіі і Беларусі”. Вяртанне цмока да “месца прапіскі” будзе каштаваць, да прыкладу, 70 тысяч еўра. Суфінансаванне Лепельшчыны наступнае: распрацоўку канцэпцыі скульптуры і выраб яе ў мяккіх матэрыялах узяў на сябе мясцовы “цмоказнаўца” і журналіст Уладзімір Шушкевіч, а адліўку і ўсталяванне помніка — райвыканкам.

У ліку іншых міні-праектаў — добраўпарадкаванне святой крыніцы ля Валасовічаў, развіццё лячэбнага пчалярства, падтрымка аграэкасядзіб, распрацоўка зялёных маршрутаў... Непазбежнымі ўдзельнікамі апошніх стануць, натуральна, мясцовыя цмокі — уладары балот і азёраў, ворагі п’яніц і распусніц, абаронцы маладых і моцных сямей. Апошнюю акалічнасць просьба запомніць, бо яна нам яшчэ спатрэбіцца.

Дзе квітнеюць “Сунічкі”?

Аграсядзібы на Лепельшчыне развіваюцца. Нават дырэктар мясцовага Дома рамёстваў Алена Барадзейка хоча мець пры сваёй установе незвычайны сельскі філіял “аграсядзібнага фармату”. Маўляў, тут можна было б і майстэрні самыя розныя арганізаваць, і колькасць платных паслуг павялічыць, і больш сувеніраў прадаваць... Ды гэта пры тым, што салон “Скарбонка”, які дзейнічае пры РДР, летась рэалізаваў сувеніраў на 24 мільёны рублёў, а ў Стаях дзейнічае філіял Дома рамёстваў, праўда, — у “клубным фармаце”. Карацей, работнікі культуры штодня абдумваюць свае заўтрашнія перспектывы. Правільна робяць. Каб атрымаць “ураджай” заўтра, зерне ідэі неабходна пасеяць ужо сёння. Зыходзячы менавіта з такога “агранамічнага” досведу начальнік аддзела культуры Тамара Бароха з “праектанткай” Вольгай Маханенка ўжо цяпер абгаворваюць умовы пры якіх госці аграсядзіб наведвалі б Чарэйшчынскую і Каменскую бібліятэкі-музеі. Першая распавядае пра мясцовую традыцыйную культуру, другая — пра паэта-земляка Тодара Кляшторнага...

Я пераканаўся, у кожнай вёсцы Лепельшчыны ёсць на што паглядзець. У Стаях — гэта не толькі філіял РДР. Стайская ДШМ дзейнічае ў рэчышчы менавіта традыцыйнай культуры. Усе навучэнцы, а гэта 120 чалавек, — удзельнікі заслужанага аматарскага калектыву “Сунічкі”, што не раз і не два станавіўся лаўрэатам знакамітага фальклорнага фэсту “Берагіня”. Кіруе калектывам дырэктар ДШМ Вераніка Хомбак, аўтар унікальных навучальных праграм і рэпертуарных зборнікаў, заснаваных на мясцовым фальклорным матэрыяле. Стайская школа мастацтваў традыцыйнай культуры — своеасаблівы метадычны цэнтр ці мадэльная ўстанова для іншых аналагічных школ рэспублікі. Праўда, засталося іх недаравальна мала...

97 відаў паслуг

А ўвогуле ў раёне — 24 народныя і ўзорныя аматарскія калектывы. Усё гэта — таксама тэндэнцыя развіцця Лепельшчыны культурнай, дзе колькасць і якасць заўжды ідуць поруч. Не магу абмінуць з гэтай нагоды наступнай адмысловай і, як падаецца, характэрнай для ўсёй рэспублікі акалічнасці. Нашы начальнікі аддзелаў культуры даўно сталі прадзюсарамі для мінскіх калектываў: займаюцца рэалізацыяй білетаў, прапагандуючы творчыя вартасці "зорак" праўдамі і няпраўдамі. Так, гастролі заезджых творцаў так або інакш уплываюць на аб’ём аддзелаўскіх платных паслуг, але канкрэтным рублём на спецрахунак ніяк не асядаюць. Я зараз пра тое, што ў начальніка аддзела культуры і без таго клопатаў — вышэй галавы, а тут яшчэ трэба прамоўшнам займацца, афішы расклейваць, распаўсюджваць білеты. Ці не час кожнаму сваёй канкрэтнай справай заняцца?

/i/content/pi/cult/422/8677/1-2.jpeg

У тым, што гэтай (сваёй!) справай аддзел культуры Лепельскага райвыканкама займаецца, пераконвае вось які факт. Пры райцэнтраўскай школе мастацтваў дзейнічае тэатральнае аддзяленне, а пры РДК — тэатр мініяцюр і народны тэатр. Дык вось, трыадзіным намаганнем у Лепелі ставяцца спектаклі, што нязменна збіраюць аншлагі. Спектаклі — сацыяльна завостраныя, пра складаных дзяцей і іх не менш праблемных бацькоў. Тэма — надзённая. Таму мясцовыя праваахоўныя органы прапанавалі пастаноўкі паўтарыць і для тых, каму яны прысвечаны. Прымусовага распаўсюджвання білетаў не было. Я цяпер не пра гаючую сілу творчасці, а пра арганічнае і роўнае суіснаванне мастацтва “імпартнага” і дамарослага...

Начальнік аддзела культуры Тамара Бароха распавядае, што ўстановы прапаноўваюць насельніцтву 97 відаў паслуг. Летась пазабюджэтны “вал” склаў 552 мільёны рублёў. Адзін толькі Лепельскі раённы краязнаўчы музей выканаў адпаведны план
на 220 %. І паспрыялі тут не толькі “музейныя” шлюбы, але і шчыльнае супрацоўніцтва ўстановы са сталічным Нацыянальным мастацкім музеем. Якраз тая сітуацыя, калі “імпартнае” мастацтва дапамагае знайсці яркія фарбы для больш выразнага адлюстравання дамарослага.

Ландшафтная інфраструктура

Не хачу, каб уражанне ад агульнай карцінкі лепельскай культуры склалася гэткім пастаральна-ідылічным. Праблем тут хапае. І вырашэнне іх, на жаль, ад аддзела культуры не залежыць. Да прыкладу, таму ж музею, які месціцца ў будынку былой адміністрацыі Бярэзінскага запаведніка, хранічна не стае дадатковых плошчаў. У свой час начальнік аддзела культуры Тамара Бароха прыгледзела для музейнага “пашырэння” старадаўнія памяшканні вінна-ачышчальных складоў. Трэба аддаць належнае мясцовым уладам: яны пайшлі насустрач. На рамонт будынка з райбюджэту было выдаткавана два мільярды рублёў. Каб наблізіць завяршэнне работ, патрэбна яшчэ два разы па столькі...

Выява цмока з’явіцца на беразе Белага ці Лепельскага возера. Побач — сквер з летняй эстрадай, помнік Льву Сапегу работы мінскага скульптара Льва Аганава, касцёл... Улетку тут не праштурнуцца, аднак гарадская гасцініца (яна — праз дарогу ад сквера) пазірае на прывабны ландшафт непрывабнымі пустымі аканіцамі. Будынак патрабуе немалога рамонту, справіцца з ім не могуць пакуль і ўсюдыісныя прадпрымальнікі. Прыватная гасцініца ёсць на другім канцы горада, але ландшафты тут не прыродныя, а ўрбаністычныя, ды і з камфортам пражывання (сам праверыў) ёсць пэўныя праблемы.

Між тым, Лепельшчына прэтэндуе на немалыя турыстычныя дывідэнды. І ўсе згаданыя брэнды працуюць цяпер менавіта на гэта. Хацелася, каб і прыазёрная гасцініца (з тэарэтычнай назвай “Ля цмока”) неўзабаве стала гэткім жа пераканаўчым брэндам гасціннасці, утульнасці і крэатыўнасці.

“Домік у вёсцы”: мадэль будучыні

Акцыя сацыялізацыі з неабмежаванай перспектывай

Рэгіёны: анкета ідэі — прынцып ажыццяўлення

За 30 “антонавак” можна было купіць пачак солі ці цукру, за 50 — кансерваваную вяндліну. “Антонаўкі” — гэта грошы, якія мелі хаджэнне пад час рэалізацыі першага этапу “Доміка ў вёсцы”. І каб зарабіць тыя антонаўкі, маладым сем’ям давялося без перабольшання папацець... Некалькі гадоў таму Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці абвясціў рэгіянальны конкурс інавацыйных праектаў па арганізацыі вольнага часу моладзі. Вядучы спецыяліст Лепельскага метадцэнтра Марына Колас прапанавала праект “Домік у вёсцы”. Тады яшчэ ніхто не ведаў, што ён будзе прызнаны адным з лепшых Віцебшчыны, а домік для адпачынку з’явіцца менавіта ў вёсцы Антонаўка. Забягаючы наперад, зазначу, што сённяшні ажыятаж ад конкурсу параўнаць можна хіба са з’яўленнем сапраўднага цмока з хваль Лепельскага возера.

Заплаціць за мазалі?

Што трэба зрабіць, каб метадычны цэнтр стаў каталізатарам усіх творчых працэсаў аддзела культуры? “Рэцэптуру” падказвае начальнік аддзела Тамара Бароха: варта набраць у штат людзей з іскрай у вачах. Ад гэтага і будзе разгарацца фантазія.

Галоўны фантазёр — вядучы спецыяліст РАМЦ Марына Колас. Ёй кепска, калі іншым сумна. Гэта яна прыдумала генеральную ідэю праекта: конкурс сярод маладых гарадскіх сямейных пар, якія жывуць па канрэтных правілах у зададзенай мясцовасці. Натуральна, ідэя народжана па асацыяцыі з вядомымі тэлепраектамі, скіраванымі на экстрэмальнае выжыванне герояў. Але ў дадзеным выпадку гэта не плагіят, а дарэчная кампіляцыя, перанесеная ў беларускія сельскія рэаліі. Урэшце, лепш, чым шматлікія, але не надта цікавыя перапевы замежных перадач беларускімі тэлевізійшчыкамі. Але не будзем пра сумнае.

Памятаеце, што лепельскі цмок любіць дружных маладых сямейнікаў? І Марына Колас, і дырэктар РАМЦ Нона Сездзіна вырашылі: чым мы горшыя за цмока. Таму мэты і задачы праекта былі зведзены да цалкам гуманных і высакародных сентэнцый: прыцягненне ўвагі да адміраючых вёсак, экалагічная асвета, уменне наладзіць побыт у экстрымальных умовах, прапаганда здаровага ладу жыцця, яднанне сем’яў, абуджэнне цікаўнасці да каранёў, рэклама спонсараў праекта. Удзел у конкурсе — платны. Тэрмін рэалізацыі яго разлічаны на тры дні раз на год цягам трох гадоў. Інакш кажучы, юнакі і дзяўчаты заплацілі грошы, каб за тры летнія дні атрымаць на руках мазалі ад кос, віл і грабляў. Так, ды не вельмі.

Добраўпарадкаваць Антонаўку

Першы этап праекта адбыўся летам 2011 года. Пасля маштабнай рэкламнай акцыі пяць маладых сем’яў (рабочыя, урачы, прадаўцы з Лепеля) накіраваліся на тры дні ў вёску Антонаўка. З усіх яе жыхароў была на той момант адна толькі пенсіянерка-дачніца. У яе каардынатары праекта і куплялі качак для харчавання экстрэмалаў. Так з’явіліся “антонаўкі”, “ранеткі” і іншыя грошы. Але зарабіць іх можна было толькі працай па добраўпарадкаванні вёскі для ўласнага жыцця-быцця. А з сабой маладыя ўзялі толькі сродкі асабістай гігіены і пасцельную бялізну.

/i/content/pi/cult/422/8677/2-1.jpeg

Гэта яны “пабудавалі” домік у вёсцы: дырэктар раённага арганізацыйнага метадычнага цэнтра Нона Сездзіна, метадыст Таццяна Стрыжонак і вядучы спецыяліст РАМЦ Марына Колас.

Натуральна з імі побач знаходзіліся каардынатары праекта. Перажывалі, падтрымлівалі, сачылі за станам здароўя. А ўдзельнікі, апрача “адаптацыі” да сялянскай працы, выпускалі ўвечары насценгазету “Радавод”, вялі дзённік, развучвалі мясцовыя гульні ды танцы, шукалі скарб... І ўсё гэта суправаджалася моцнай падтрымкай лепшых творчых калектываў СДК. На праект працаваў увесь раён. У тым ліку спонсары — “Белаграпрамбанк”, мясцовы малочна-кансервавы завод, прыватныя прадпрымальнікі, якія ўзнагародзілі лепшых канкурсантаў каштоўнымі падарункамі. А Антонаўка раптоўна пераўтварылася ў “многанаселеную” і шумную. Шкада, што толькі на тры дні.

Стаць унукамі ды ўнучкамі

Менавіта такая мэта ставілася пад час другога этапу, які летась пераехаў у вёску Пераходцы. Яна — сэрца Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Гэтым разам іх чакала жыццё ў бабуль (менавіта яны — асноўныя насельнікі Пераходцаў) і можна было браць з сабой дзяцей ад сямі гадоў. Маладыя рыхтавалі для сваіх гаспадынь закаткі на зіму: варэнне, марынады, кампоты. Збіралі і радаводы бабуль. Пілавалі, калолі дровы, вучыліся гатаваць вясковыя стравы...

Актыўна падтрымаў праект кіраўнік запаведніка Андрэй Пракошын. Канкурсанты дапамагалі разбіраць лясныя завалы, будавалі гаць цераз багно, патрапілі на рэшткі гарматы часоў Вялікай Айчыннай. Лішне казаць, што і на другім этапе савет назіральнікаў з ліку супрацоўнікаў РАМЦ быў побач і не спаў начамі.

Гэтыя дні прыпалі на Купалле. Натуральна, былі вогнішча, вянок, купанне ў ліпеньскіх росах. А таксама — кінасеансы пад адкрытым небам, этна-вечарынка, экалагічныя эксурсіі па запаведніку, канцэрты.

/i/content/pi/cult/422/8677/2-2.jpeg

Я чытаў дзённік канкурсантаў. Уражанне як ад ляснога дэтэктыву. Нездарма колькасць прэтэндэнтаў на ўдзел у трэцім этапе павялічваецца ў геаметрычнай прагрэсіі. Самы час згадаць цяпер канкрэтыку пра камерцыйны бок праекта. Кожная сям’я-ўдзельніца першага этапа зрабіла ўнёсак па 150 тысяч рублёў, другога — па 200 тысяч. Такім чынам, планы па аказанні платных паслуг насельніцтву РАМЦ з поспехам перавыконвае.

“Мы — разам”

Трэці этап, запланаваны на лета 2013-га, будзе называцца “Мы — разам”. Як заўважыла Марына Колас, удзельнікаў будзе значна больш. Конкурс пераўтворыцца ў злёт маладых сем’яў (і гарадскіх, і вясковых). Пройдзе ён у адной з аграсядзіб. Якія цікавосткі рыхтуюць для канкурсантаў метадысты? Самыя крэатыўныя!

Сёлетнія тры дні канкурсанты будуць працаваць талакой на ўзвядзенні сядзібы “Люкшына”. Марына Колас пабывала нядаўна на семінары, прысвечаным экатурызму, размаўляла з гаспадарамі агрападворкаў і дамовілася, што трэці этап конкурсу прымусіць маладых стаць і будаўнікамі, і аграрыямі, і камерсантамі, і турыстычнымі менеджарамі. Натуральна, мне не раскрылі ўсіх сакрэтаў і інтрыг. Намякнулі толькі, што хлопцам давядзецца пабыць вясковымі дэтэктывамі, пчалярамі, проста гаспадарамі сваёй будучыні...

Дык ці толькі на тры гады разлічаны праект “Домік у вёсцы”? Акцыя, дзе на першараднае месца пастаўлена не бяздумнае баўленне часу, а карпатлівая праца на карысць сям’і, не павінна мець тэрмінаў дзеяння. Канкурсанты могуць мяняцца, а мэта праекта, скіраваная на захаванне беларускай вёскі, бліжэйшым часам застанецца актуальнай. Словам, трэці этап яшчэ не распачаўся, а ў аддзеле культуры ўжо думаюць пра тое, каб колькасць “жывых” домікаў на сяле павялічвалася з кожным годам.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Лепельскі раён — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"