Моц жыцця — усюды

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы працуе выстаўка “Усюды бачу моц жыцця”, прысвечаная светлай памяці цудоўнага жывапісца і педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь, кавалера ордэна Францыска Скарыны Барыса Аракчэева, які зусім нядаўна пайшоў з жыцця.

Выстаўка невялічкая, камерная, але дае пэўнае ўяўленне пра тое, як жывапісец таленавіта “ачалавечвае” натурныя пейзажы, эцюды, нацюрморты, напоўненыя шчырай любоўю да той зямлі, на якой ён жыў і працаваў, якую апяваў на працягу больш як паўстагоддзя. Мастак быў сапраўдным каларыстам, вельмі тонка адчуваў шматслойную жывапісную структуру, праз якую перадаваў гледачу тую свежасць пачуццяў і ўражанняў, што ўзнікла ў яго пад час сустрэч з людзьмі і прыродай.

/i/content/pi/cult/422/8676/2-5.jpeg

Але “цвіком” экспазіцыі з’явілася самая апошняя карціна “Янка Купала. Вялікая Айчынная”, над якой Барыс Уладзіміравіч працаваў цягам дзесяці гадоў і якую завяршыў за гадзіну да свайго адыходу ў іншы свет. І, думаю, што гэта палатно папоўніць выдатную выяўленчую спадчыну мастака, стане побач з яго галоўнымі творамі — карцінамі “Партызанская сям’я”, “Брэсцкая крэпасць”, “Даяркі”, “Гарачая пара”, “Вясеннія вятры”, “Хлеб”, “Працоўная восень”, “У родным краі”, “Сенакос”, “Час адлёту птушак”…

У экспазіцыі таксама можна паглядзець і некаторыя творы дачкі мастака — Аксаны Барысаўны, сярод якіх — партрэт Янкі Купалы “Усюды бачу моц жыцця”, напісаны менавіта да гэтай выстаўкі.

У зале прадстаўлены асабістыя рэчы мастака, фотаздымкі, матэрыялы з архіва мастацкай дынастыі Аракчэевых.

Б.К.

На здымку: фрагмент экспазіцыі выстаўкі.