Чырвоная нітка

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Тры мастакі: зоркі і сэрцы

Гаворка пойдзе пра трох таленавітых мастакоў, чые творы сёння прадстаўлены на персанальных выстаўках у Рэспубліканскай мастацкай галерэі Беларускага саюза мастакоў Палац мастацтва. Гэта — пінчанін Яўген Шатохін, які ў студзені мінулага года раптоўна пайшоў з жыцця, мазыранін Мікалай Дуброва і мінчанка Людміла Пятруль. Так, асобы розныя. І не толькі па абраных тэхніках і матэрыялах (графіка, жывапіс, габелен), але і па мастакоўскім асэнсаванні свету, якое яны дэманструюць у сваіх творах. Ёсць у майстроў і нешта агульнае. Відаць, гэта шчырая любоў да роднай зямлі — Беларусі. Яна чырвонай ніткай праходзіць практычна праз усе іхнія работы.

…Роўна за паўтара месяцы да скону, 7 снежня 2011 года Жэня Шатохін прывёз мне з роднага Пінска падарунак — свой ілюстраваны альбом, які ён прысвяціў “Бацькам і Беларусі”. І падпісаў з нейкай хітрынкай: “Барысу Крэпаку — напрыканцы 2011 года — з надзеяй на нашыя кантакты, як мінімум, да 2051 года. Шчыра! Яўген Шатохін. Pinsk — Mensk”. Але лёс распарадзіўся інакш — “кантактаў” больш не адбылося…

/i/content/pi/cult/422/8675/2-1.jpeg

Я.Шатохін. "Без назвы".

Жыццёвая і творчая біяграфія Яўгена Шатохіна поўнілася такімі метамарфозамі, што можна толькі дзівіцца: васямнаццацігадовым юнаком пакінуў родны Пінск, вучыўся ў Арле і Харкаве, вандраваў па Расіі, шмат працаваў і экспанаваўся (я з ім якраз і пазнаёміўся ў Ташкенце ў 1980-м пад час абмеркавання зладжанай там Усесаюзнай маладзёжнай выстаўкі, у якой ён браў удзел). Потым, пасля доўгай адсутнасці, калі не памыляюся, у канцы 1980-х — вярнуўся, ужо назаўжды, у родны Пінск…

Ён заўсёды з гонарам называў сябе палешуком. І потым, творча працуючы ў Францыі, ніколі не адмаўляўся ад гэтага “звання”, а нават наадварот — на сваіх выстаўках малюнка, там, у розных французскіх гарадах — ад Парыжа, Руана і Альбера, дзе ён стаў Ганаровым грамадзянінам, да Пэрона і Ам’ена — знаёміў французаў з прыгажосцю беларускіх краявідаў.

Яўген Шатохін — адзін з нямногіх беларускіх мастакоў, для каго алоўкавы малюнак з’яўляўся не толькі галоўным рукатворным “інструментам”, але і сродкам найбольш поўнага раскрыцця сваёй душы, сваіх патаемных думак і мар. Кампазіцыйныя карціны-малюнкі мастака — гэта маналогі пра “час і пра сябе”, пра гістарычнае мінулае і сучаснае Бацькаўшчыны, пра гарады і вёскі, пра прыроду і зямлю Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Язэпа Драздовіча, Напалеона Орды — усім гэтым асобам ён прысвяціў свае графічныя цыклы. А вось яшчэ цудоўныя серыі: “У Вуйвічах”, “Вушацкія аўтографы”, “Светлая зямля”, “Прыпяцкі дзённік”, “Ваяры Грунвальда”, “Аблёт маладых буслоў”… А побач — мяккія і пранізліва-чыстыя акварэльныя пейзажы і нацюрморты, дзе творчы метад мастака — духоўная работа ўяўлення, пачуцця і памяці — узрушвае непадробнасцю і вастрынёй лірычнага выказвання.

/i/content/pi/cult/422/8675/2-2.jpeg

Л.Пятруль. "Лясная царэўна".

Але ўсё ж віртуозны малюнак для Шатохіна быў галоўнай любоўю, дакладней, запалам, без якога ён проста не ўяўляў жыццё. Яго кампазіцыі — гэта нібы вылучаныя фрагменты прыроды. Але майстэрская лепка штрыхом, то густым і шчыльным, то — разраджаным да празрыстасці, стварае адчуванне чаканай закончанасці форм. А яшчэ прыцягвае вельмі прадуманая шчыльная запоўненасць аркуша, прапрацаванасць кожнага сантыметра. І ў той жа час “пафас першадакранання” — у наяўнасці. Яго дакладна пабудаваныя пейзажы заўсёды канструктыўныя, прасторавыя, ураўнаважаныя, і вялікую ролю тут адыгрываюць светлаценевыя градацыі, танальныя чорна-белыя кантрасты і нейкая рамантычная загадкавасць…

У казцы “Маленькі прынц” Экзюперы ёсць словы: “…Зорка адно толькі сэрца. Самога галоўнага вачыма не пабачыш”. Гэта цытата можа стаць своеасаблівым эпіграфам да творчасці Людмілы Пятруль. Калі тэма і ўнутраны свет чалавека ёй нез наёмыя ды чужыя, то гэта ніколі не зможа захапіць мастачку. Яна адлюстроўвае толькі тое, што блізка, роднасна ёй па духу. А блізка Людміле адно — вобразы Радзімы. Сярод сучасных майстроў мастацкага габелена — яна адна з самых чароўных, прывабных і таленавітых. Прынамсі, я гэта яшчэ раз адчуў, калі ўвайшоў у выставачную залу, дзе экспануюцца яе цудоўныя творы розных гадоў (падкрэслю — выстаўка юбілейная).

Як правіла, габелены выкананы спосабам ручнога ткацтва з шырокім дыяпазонам вобразных рашэнняў. Пры гэтым значна пашырана кола матэрыялаў, выкарыстана розная пража — ваўняная, ільняная, сінтэтычная. Шмат эксперыментаў у тэхналогіі. Ды і тэмы, шчыра кажучы, — даўно знаёмыя, звыклыя, “нашы”: прырода, чаргаванне пораў года, урадлівасць і шчодрасць зямлі, народныя святы, экалогія, гісторыя і сучаснасць, звязаныя з неўміручай культурнай спадчынай народа, з марай пра будучыню, з хараством свету, у якім мы жывём.

Нагадаю, што пэўныя работы Людмілы Пятруль увайшлі ў “залаты фонд” беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. З гэтага фонду (Нацыянальнага мастацкага, Купалаўскага музеяў, сховішча Саюза мастакоў і іншых) у экспазіцыі прадстаўлены такія яе тканыя кампазіцыі, як “Лясная царэўна”, “Вербніца”, “Іней”... Але ў мяне асабіста засталіся ў памяці і іншыя творы мастачкі — серыі “Сказ пра бульбу” і “Апокрыфы”, “Казка”, “Муза”, “Памяці дзядоў маіх”, “Летні дождж”, “Трыялет”, “Апокрыфы”, трыпціх “Над белым дзёрнам”.

А вось і арыгінальны “рымэйк” карціны Марка Шагала “Спакуса” — таксама “водгук памяці”, які мы бачылі на леташняй выстаўцы “Повязь”, дзе экспанаваліся работы Людмілы і яе вучняў з Дзіцячай музычна-мастацкай школы № 1. Практычна ўсе творы мастачкі грунтуюцца на фундаменце традыцый народнага ўзорнага ткацтва, калі кожная нітка падпарадкавана задуме, ідэі аўтара. Што і казаць, габелен — такая рэч, якая валодае ўласным характарам. Цеплыню ж, дададзеную Людмілай, я пабачыў у яе лепшых тканых карцінах, дзе сама структура матэрыялу з’яўляецца носьбітам вобразнага зместу, дзе раскрыццё тэмы дасягаецца не за кошт стылізацыі выяўленчых форм, а за кошт самой сістэмы ткацтва, “паводзін” і ўласцівасцей матэрыялу, якія кіруюць творчым працэсам.

/i/content/pi/cult/422/8675/2-3.jpeg

М.Дуброва. "Вяртанне".

Л.Пятруль у дастатковай ступені валодае “таямніцай” габеленавай ніткі. Усё, што знаходзіць адбітак у найлепшых яе творах, носіць глыбока асабісты характар. Гэта яе ўласная радасць і боль, яе сумневы і перакананні, яе спробы па-новаму адказаць на адвечныя пытанні: хто мы, адкуль і куды ідзём?

Кажуць, творца пачынаецца з любові да роднага краю, які зачароўваў яго шчабятаннем птушак, шапаценнем ветру, шолахам дажджу, водарам кветак. Я дадам: мастак стварае, пакуль любіць зямлю, што парадзіла яго.

Мікалай Дуброва і ёсць такі творца. Родная Мазыршчына заўсёды была і будзе галоўнай тэмай яго палотнаў. Чамусьці зараз прыгадаў мудрых старых горцаў, якія навучалі Расула Гамзатава: “Пра ўсё могуць расказаць толькі ўсе. А ты раскажы пра сваё, тады і атрымаецца ўсё…”. Вось Мікалай Дуброва і расказваў “усё” ў сваіх пейзажах і фігуратыўных карцінах — усё пра сваю радзіму і яе добрых, працавітых людзей, пра яе цудоўную і непаўторную прыроду, пра прыгажосць прыпяцкіх прастораў, пра вясну і восень, пра зіму і лета. У гэтых “кавалачках жыцця” ён перадае настрой чалавека, свет ягоных пачуццяў, каханне, радасць, журбу. Работам Дубровы ўласцівая асаблівая эмацыйнасць, гнуткасць пластычных сродкаў, інтымная размова аб прыгажосці ўсяго таго, што яго атачае.

Вось назвы толькі некаторых твораў мастака ў яго юбілейнай экспазіцыі, каб адразу адчуць галоўны “чырвоны стрыжань”, на які “нанізаны” практычна ўсе вобразы яго жывапіснага мастацтва: “Вяртанне” (як вяртаюцца буслы пасля Чарнобыля), “Краявід з храмам”, журботная “Мелодыя”, пранізлівая “Снежная ўверцюра”, “Барбараўская брама”, “Святочны дзень” (па-святочнаму апранутыя старыя сядзяць ля роднай хаты на лавачцы), “Самота” (пра вясковага хлопца-гарманіста), эпічныя “Зямля палеская”, “Мой Мазыр”, “Стары Мазыр”…

Падкрэслю, што ў цэлым спакойны, стрыманы настрой карцін М.Дубровы ідэальна адпавядае яго характару, схільнаму да роздумоў. Для яго ў мастацтве галоўнае — убачыць незвычайнае ў звычайным. Мяккія фарбы, своеасаблівая дэкаратыўнасць, пошукі “строгай” кампазіцыі і колерарытмікі, чысціня светаўспрымання, складаны сплаў настрою — адметныя рысы яго выяўленчай палітры.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"