“Раскіданае...” кім?

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Калі купалаўскі Незнаёмы стаў кілерам?

Аляксандр Гарцуеў, летась прызначаны мастацкім кіраўніком Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, усур’ёз узяўся за класіку. Чарговым крокам стала пастаноўка на гэтай сцэне “Раскіданага гнязда” Янкі Купалы — незвычайная, шмат у чым спрэчная, быццам наўмысна прызначаная для шматлікіх дыскусій накшталт “Класіка на новы лад: “за” і “супраць” радыкальных аўтарскіх “прачытанняў”.

Перанос падзей у іншую эпоху ці ўвогуле ў пазачасавую прастору (гэтак жа, як і змена месца дзеяння) — прыём даволі распаўсюджаны, і адным гэтым актуалізаваць п’есу немагчыма. Галоўным па-ранейшаму застаецца не тое, дзе і што адбылося, а — дзеля чаго нам усё гэта вырашылі распавесці. Вось з гэтым і ўзнікаюць на прэм’еры пытанні, бо “карцінка” і словы — не супадаюць.

/i/content/pi/cult/422/8674/1-1.jpeg

Лявон (Валянцін Салаўёў) і члены ягонай сям’і жудасна пакутуюць, ажно да самагубства, што страчваюць хату, пабудаваную ўласнымі рукамі, і не пагаджаюцца на пераезд на панскі двор. А мы бачым штосьці зусім іншае: не ўтульнае сямейнае гняздзечка, што разбураецца на нашых вачах, нават не сарай — нейкі бамжоўскі прытон, складзены з вялізных, але пустых карабоў-скрыняў (мастак-пастаноўшчык — Ігар Анісенка). Ды з такога “дома” даўно трэба бегчы! Тут нават канапа і два крэслы (вядома, старэнькія на выгляд, але ж — як-ніяк мэбля) аказваюцца зробленымі з... перавязаных стосаў кардону: акурат такія ўпакоўкі цягнуць усё тыя ж бамжы на прыёмныя пункты. Ці гэта не дом, а стан душы? Тым больш, што першымі пачынаюць яго руйнаваць, раскідаючы скрыні, не “дворныя людзі”, апранутыя ў будаўнічыя камбінезоны і каскі, а бацька са старэйшым сынам — самыя, бадай, заўзятыя абаронцы “свайго кутка”.

Дык у чым, уласна кажучы, праблема? Паніч (Дзяніс Паршын) прапануе працу і жытло — тое, чаго героі папросту не маюць. Скажаце, ён можа падмануць? Хай! Горш за тое, што ёсць, усё роўна быць не можа. Тады спектакль — пра псіхалогію ўтрыманства? Працуе хіба рамантычна інтэлігентны Данілка (Ілья Ясінскі), які майструе скрыпачку, за што і атрымлівае ад родных вымовы. Дый хворая Марыля (Людміла Сідаркевіч) хаця б бульбу варыць і, у канцы, торбачкі шые. Мужчыны ж у такой сям’і — адно за сякеру хапаюцца. Не ў будаўнічых, а ў ваяўнічых мэтах.

/i/content/pi/cult/422/8674/1-2.jpeg

Не выклікае спачування і Зоська (Наталля Халадовіч). Увесь спектакль яна апранута ў чорныя легінсы, доўгую прамую сукенку без рукавоў незразумелага палінялага колеру, шэрае паліто з неапрацаванымі швамі (можа, маці шыла?) і вязаную шапку з пампонам, якая пазней змяняецца на кветкавы вянок. Гэта ж у якой цемры трэба сустрэць такую прыгажуню, каб захацець да яе дакрануцца? Цікава і тое, што ў закаханай дзяўчыны няма ніякіх памкненняў паклапаціцца пра свой выгляд (хіба ў фінале вусны фарбуюцца безгустоўна крывавай памадай). Можа, таму што ў сям’і люстэрка спрадвеку не было? А між тым, Данілка і нават Сымон (Максім Брагінец) апрануты куды больш “стыльна”. Убранне першага ўвогуле нагадвае панічова: тое ж спалучэнне плашча і шаліка, толькі тканіны розныя па кошце. Дый можа, нам прапануюць тэатр абсурду? Гэткую экзістэнцыйную драму, вырашаную змрочна экспрэсіўнымі акцёрскімі фарбамі? Прычым з доляй гумару, выкліканага простай псіхалогіяй каларытна нахабнага Старца — бамжа-п’янтоса “са стажам” (Сяргей Шымко).

Але як толькі мы гатовы ў гэта паверыць, дзеянне раптоўна пераключаецца ў сферу палітычнага памфлета: з’яўленне Незнаёмага (Дзяніс Варанцоў), яго заклікі “На вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!” нагадваюць мітынгі пачатку 1990-х. Ды ўсё ж самым нечаканым становіцца “дапрацаваны” за драматурга фінал. У час свайго сыходу Сымон з Зоськай атрымліваюць па кулі з пісталета Незнаёмага, а той за гэта — грошы ад Паніча. Тут і ўзнікае жаданне канчаткова перайменаваць спектакль, пакінуўшы ў назве п’есы толькі першае слова. Бо “раскіданым” паўстае не сямейнае гняздо, якога папросту не было, а думкі: і асобных персанажаў, і ўсёй пастаноўчай каманды, і, як наступства, гледачоў.

/i/content/pi/cult/422/8674/1-3.jpeg

Якая ж гэта “народная трагедыя”, як пазначыў спектакль Аляксандр Гарцуеў? Чысцюткая “драма” — куды больш беспрасветная, чым было ў Янкі Купалы. Бо там Сымон, падпаліўшы панічовы палац, сыходзіў у рэвалюцыю. А тут — напрасткі ў нябыт. “Рэвалюцыя” ж аказваецца ўсяго толькі правакацыяй, што развязвае Панічу рукі для далейшага “закручвання гаек”. Нават фрагмент знакамітай “Малітвы” Алега Молчана ў выкананні Уладзіміра Мулявіна, што раптам нараджаецца пасля працяглых мінімалісцкі фонавых “рытма-згусткаў” Дзмітрыя Фрыгі, не ўносіць надзеі на “святло ў канцы тунэля”.

Спектакль прасякнуты подыхам экспрэсіянісцкай нянавісці, помсты, героі балансуюць на мяжы страты розуму, бо ахоплены неўтаймоўнай эмацыйнай напалай. Раз-пораз у калодку, што стаіць у цэнтры на авансцэне, з размаху заганяюць сякеру. Скруціўшыся ў звярыны клубок, б’юцца Сымон з Данілкам. Нават ціхая Марыля, на твары якой палову спектакля не прасыхаюць слёзы, — і тая кідаецца душыць Паніча. У такой атмасферы самі сабой пачынаюць дзейнічаць “гены разбурэння”, ад якіх збягае нават Старац. Калі што і “выбудоўваецца” на агульным фоне, дык гэта геаметрычна канструктывісцкія пластычныя эцюды балетмайстра Вольгі Скварцовай-Кавальскай, якія ахопліваюць Зоську, Паніча, Данілку. На жаль, яны застаюцца ўсяго толькі “другім пластом” спектакля, уводзячы ў склад такіх жа “пластычных дзеючых асоб” і зосьчына паліто, і данілкавы плед.

У спектаклі шмат вельмі моцных, па-шэкспіраўску вырашаных сцэн. Зварот Лявона да пяску, што сыплецца з даху, бы з нябёсаў, адсылае да маналога Караля Ліра “Вей, вецер!”. Значэнне сімвала набываюць і празрыстыя кроплі вады, якую Данілка ліе з чайніка на свае па-музычнаму выразныя пальцы. Чаму б гэтак жа не “ажывіць” печаную бульбу, з якой героі некалькі разоў за спектакль спраўна здымаюць лупіны? І калі ўжо ўведзены ў “інтэр’ер” некалькі кніг і тры плюшавыя мішкі — відавочна, па колькасці дзяцей у сям’і Зяблікаў (малых Аленку і Юрку рэжысёр “скарачае”), дык яны таксама павінны, паводле Чэхава, “стрэліць”, а не стаяць нямым “дэкорам”.

Бачна, што ўсе ўдзельнікі пастаноўкі ўклалі ў яе багата сіл і душэўнага запалу. Рэжысёр па-новаму адкрыў здольнасці многіх акцёраў, некаторых з іх — проста не пазнаць! Але спектакль пакуль не набыў адзінага стрыжня, вакол якога і будуць трымацца ўсе яго разнастайныя жанравыя, стылёвыя і, як вынік, змястоўныя адгалінаванні-напластаванні. Хочацца верыць, што пасля прэм’еры, калі артысты пацвердзілі добрую вывучанасць сваіх роляў, удала адыгралі адпаведныя кожнай з мізансцэн станы душы, працягнецца і іх уласнае ўнутранае асэнсаванне характараў і ўчынкаў сваіх герояў. І пасля спектакля будзе ўзнікаць жаданне не толькі перачытаць Янку Купалу, але і — пераглядзець убачанае, наведаўшы тэатр яшчэ раз.

На здымках: сцэны са спектакля "Раскіданае гняздо".

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"