Беларусы Татарстана: "Моладзі няма..."

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Чаму фактар яднання нашых землякоў — Музей Купалы ў Пячышчах — застаўся без ацяплення?

“Адчуць сябе незабытым” — гэтыя словы яскрава характарызуюць сітуацыю з жыццём і дзейнасцю беларускай дяспары ў замежжы. Бо якой бы вялікай ці наадварот малой не была адлегласць паміж асобна ўзятай айчыннай суполкай і яе родным краем, галоўным і вызначальным фактарам для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці, традыцыйнай культуры, гістарычнай спадчыны нашых землякоў за мяжой з’яўляецца, найперш, увага з боку Радзімы.

Не стала выключэннем і беларуская дыяспара ў Татарстане, якая налічвае больш за шэсць тысяч чалавек. Карэспандэнт “К”, які днямі вярнуўся з камандзіроўкі ў Казань, паспрабаваў разабрацца ў нюансах захавання самабытнасці нашымі землякамі ў Татарстане.

Цэнтр апоры

Беларусам у Татарстане пашанцавала як мінімум двойчы. Па першае, яны маюць унікальны асяроддзе беларускай культуры — Музей Янкі Купалы ў Пячышчах, што непадалёк ад Казані. Па другое, айчынную дыяспару ўзначальвае сапраўдны лідар — Сяргей Марудэнка, дырэктар мясцовага эксперыментальна-вытворчага завода, які аддае працы па захаванні беларускай тоеснасці ці не ўвесь свой вольны час.

/i/content/pi/cult/422/8673/2-1.jpeg

У час выступлення "Купалінкі" ў Казані.

/i/content/pi/cult/422/8673/2-2.jpeg

Нельга сказаць, што беларусы Казані пакінуты на волю лёсу. У адрозненні ад многіх іншых рэгіёнаў Расіі аб’яднанне “Спадчына” мае свой офіс, размешчаны ў мясцовым Доме дружбы, пляцоўкі для рэпетыцый, выступленняў, сходаў. Там жа, у бібліятэцы Дома дружбы, прадстаўлена і месца для беларускамоўных кніг. Усе гэтыя магчымасці прадстаўлены Урадам Татарстана, прычым — абсалютна бясплатна.

Тут, здавалася б, можна адкрываць курсы па традыцыйных беларускіх рамёствах, якія карысталіся б попытам не толькі ў нашых суайчыннікаў, нядзельную школу з вывучэннем роднай мовы, беларусазнаўства, стварыць музычны калектыў. На жаль, усе гэтыя магчымасці толькі ў далёкіх планах. Няма ў кнігазборы беларускай супольнасці Татарстана ні метадычных дапаможнікаў, ні падручнікаў, каб пачаць плённую працу ў гэтым кірунку. Што і казаць, кнігі беларускіх аўтараў, якімі не так даўно папоўнілася інтэрнацыянальная бібліятэка Дома дружбы, з’яўляюцца сапраўднымі рарытэтамі, бо гэта выданні 1970 — 80 гадоў ...

Настальгія па малой радзіме

Яшчэ адна праблема беларускай супольнасці, характэрная для большасці айчынных нацыянальных аб'яднанняў замежжа, у тым ліку Татарстана — адсутнасць ініцыятыўнай моладзі. Асноўны кантынгент дыяспары: людзі сярэдняга ўзросту, якія трапілі ў Татарстан яшчэ ў савецкі час, знайшоўшы там працу. Прычыны такой сітуацыі відавочныя: да 1990-х ва ўмовах ідэалогіі адзінага савецкага народа пытанням нацыянальных супольнасцей удзялялася вельмі мала ўвагі. Як вынік — дзеці нашых суайчыннікаў, народжаныя ў савецкі час, сёння ўжо не ідэнтыфікуюць сябе беларусамі.

Для многіх нашых землякоў у Татарстане, прынамсі ў тых, з кім давялося паразмаўляць, згадка пра Беларусь выклікае прыемны ўспамін, настальгію па маладосці. Вядома ж, нельга сказаць, што беларусы Татарстана адасоблены і не праяўляюць зацікаўленасці ў сумеснай дзейнасці. Па словах Сяргея Марудэнкі, актыў дыяспары складае прыкладна 45 — 50 чалавек. Намаганнямі нашай супольнасці рэгулярна і на высокім узроўні адзначаюцца нацыянальныя святы, у тым ліку, Дзень Незалежнасці Беларусі, Купалле. Нават па фотаздымках можна ўявіць грандыёзнасць дзейства, што на пачатку ліпеня адбываецца на беразе Волгі, ля Музея Янкі Купалы. Да прыкладу, пад час Купалля развучваюцца нацыянальныя гульні, песні, выконваюцца абрады.

/i/content/pi/cult/422/8673/2-3.jpeg

Беларускай тэматыцы прысвечаны шматлікія матэрыялы ў часопісе "Наш дом — Татарстан".

Існуе дамоўленасць з беларускім і татарстанскім бакамі ўсталяваць помнік Янку Купалу. Як адзін з варыянтаў Сяргей Марудэнка разглядае магчымасць размяшчэння скульптуры на беразе Волгі ў сяле Пячышчы, альбо ў Казані — на вуліцы Мінскай. Да апошняга адрасу прапіскі помніка схіляецца і Іван Міско, намеснік старшыні Рэспубліканскага мастацка-экспертнага савета па манументальным і дэкаратыўна-мануменальным мастацтве, народны мастак Беларусі, які ў свой час бываў у Казані. На яго думку, скульптурная постаць нашага песняра можа згубіцца паміж прамысловых будынкаў камбіната хлебапрадуктаў і шырокай Волгі.

Музейныя перспектывы

Кажучы пра беларускую дыяспару, нельга не даць слова яе прадстаўнікам. Так, на думку адной з актывістак Соф’і Вельтман, галоўная мэта “Спадчыны” — узаемадапамога, падтрымка суайчыннікаў, якія апынуліся далёка за межамі роднай краіны. Па яе словах, вельмі важна, што беларусаў Татарстана не забываюць на Радзіме. Сведчаннем таму з’яўляецца бліскучае выступленне фальклорнага гурта “Купалінка” з Белдзяржфілармоніі, якое дазволіла атрымаць асалоду ад жывога гучання народных песень. Не менш знакавым стала і перадача беларускім бокам для дыяспары нацыянальных строяў. Да слова, першыя два наборы перадаў для арганізацыі слынны драматург Аляксей Дудараў, а астатнія тры былі атрыманы летась пад час святкавання юбілею Янкі Купалы ў Мінску ад Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.

Цяжка сказаць, якой была б беларуская супольнасць у Татарстане без Музея Янкі Купалы. Гэтая досыць сціплая ўстанова — ці не адзін з галоўных фактараў еднасці беларусаў Татарстана. На яго базе праводзяцца не толькі экскурсіі, але і музейна-педагагічныя заняткі, лекцыі, святы паэзіі і песні. Не выпадкова, што мясцовымі жыхарамі, захопленымі творчасцю беларускага Песняра, створаны музычны калектыў “Калінушка”, які выконвае песні на беларускай мове. Па словах дырэктара музея Рымы Абызавай, установе ёсць да чаго імкнуцца.

Так, музею зусім нядаўна перадалі дадатковыя плошчы. У планах адкрыццё новай экспазіцыі, прысвечанай Янку Купалу, над стварэннем канцэпцыі якой будуць працаваць беларускія спецыялісты. Акрамя таго асобная зала будзе адведзена пад нацыянальныя строі, у тым ліку, беларускія. Думаецца, у музеі знойдзецца месца і сучасным тэхнічным сродкам. У фондах установы захаваліся відэазапісы ўспамінаў сучаснікаў Купалы, якія сёння няма магчымасці дэманстраваць. Галоўнае ж пытанне для далейшай дзейнасці музея — будучыня мясцовага камбіната хлебапрадуктаў, на плошчах якога і размяшчаецца ўстанова. Буйное прадпрыемства з фінансавых прычын спыніла сваю працу, што ўжо адбілася на дзейнасці ўстановы культуры  — памяшканні філіяла Нацыянальнага музея Татарстана засталіся без ацяплення. Хочацца верыць, што ўсе гэтыя цяжкасці — толькі часовая з’ява і агульнымі намаганнямі беларускай дыяспары, Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Мінску ды мясцовымі ўладамі станоўчае яе вырашэнне не прымусіць сябе чакаць.

/i/content/pi/cult/422/8673/2-4.jpeg

Экспазіцыя залы музея Янкі Купалы ў сяле Пячышчы.

Пазнаёміўшыся з прадстаўнікамі беларускай супольнасці Татарстана, у чарговы раз пераканаўся, што нягледзячы на ўсе аб’ектыўныя цяжкасці, беларуская дыяспара нават далёка за межамі Беларусі імкнецца не губляць узаемасувязі з Радзімай, і пры гэтым разлічвае на важную і важкую падтрымку з боку роднай краіны. Таму, у тым ліку, і ад нас (як ад ініцыятывы асобных грамадзян, так і арганізацый, міністэрстваў ды ведамстваў) залежыць наколькі моцнай і вялікай будзе беларуская грамада ў свеце. “К” у сваю чаргу працягне знаёміць чытачоў з жыццём беларускай дыяспары і досведам яе працы ў культурнай сферы.

Каментарый з нагоды

Міхаіл РЫБАКОЎ, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур:

— Кожнае з нацыянальных аб’яднанняў беларусаў замежжа мае свае адметнасці. Так, прыярытэт можа надавацца культурнай альбо эканамічнай дзейнасці, сацыяльна арыентаваным праектам. Калі казаць пра беларускую дыяспару Татарстана, то з-за вялікай адлегласці туды не так часта, як хацелася б, прыязджаюць музычныя калектывы з Беларусі, праводзяцца выстаўкі айчынных мастакоў. А таму можна толькі падзякаваць аддзяленню Пасольства Рэспублікі Беларусь у Казані, і асабіста яго кіраўніку Руслану Дразду, які здолеў арганізаваць гастролі фальклорнага ансамбля “Купалінка”, патрымаць тым самым дыяспару, заахвоціць моладзь звярнуцца да нашай спадчыны.

Што да беларускіх кніг, прадстаўленых у бібліятэцы Дома дружбы, то, сапраўды, існуе пэўная праблема. Галоўнай перашкодай папаўнення бібліятэкі беларускай літаратурай з’яўляецца адсутнасць прамых стасункаў з нашымі суайчыннікамі ў Татарстане. Пагадзіцеся, пад час прыватных візітаў вялікія кніжныя зборы прывесці складана. Таму ўсе спадзяванні звязаны з дыпламатычным прадстаўніцтвам нашай краіны ў Казані, якое не так даўно адкрылася. Цяпер, перакананы, прасцей будзе давозіць літаратуру. Да слова, пад час апошняга візіту ў Казань беларускай дэлегацыяй у бібліятэку Дома дружбы былі перададзены некаторыя новыя выданні, прысвечаныя нацыянальнай і культурнай адметнасці нашай краіны. Акрамя таго, летась перадалі сем нацыянальных строяў, якія зараз выкарыстоўваюцца ў Музеі Янкі Купалы, а таксама пад час разнастайных мерапрыемстваў беларусамі Татарстана.

Добра вядома нам і праблема прыцягнення да актыўнай дзейнасці моладзі, у тым ліку, у Татарстане. Справа ў тым, што, калі прадстаўнікі сталага ўзросту памятаюць быццё на Беларусі, то моладзь у пераважнай большасці не мае пра сваю Радзіму ўяўлення, бо не бывала там.

Цяпер з’явілася ідэя праводзіць кангрэсы беларускай моладзі замежжа, якія будуць спрыяць абмену досведам. Тым больш, у нас маюцца пазітыўныя прыклады прыцягнення моладзі ў жыццё супольнасці. Гэта, найперш, Іркуцк, дзе зарадзілася мода на беларускасць. Так, сёлета ў новай форме будзе праведзены Фестываль мастацтваў беларусаў замежжа. Мерапрыемствы адбудуцца не толькі ў Мінску, але і ва ўсіх абласных цэнтрах. Асноўны іх кірунак — маладзёжны.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск — Казань — Мінск

Фота аўтара

і Кацярыны САЛАМЕВІЧ

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"