Палітра сяброўства

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Важкі ўнёсак у палітру беларуска-расійскага сяброўства робіць не адно пакаленне віцебскіх ды смаленскіх студэнтаў і выкладчыкаў-мастакоў.

Традыцыйным ужо стаў удзел прадстаўнікоў мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава ў міжнародных навукова-практычных канферэнцыях, пленэрах і мастацкіх выстаўках, якія праходзяць на базе Смаленскага дзяржуніверсітэта. А мы, у сваю чаргу, заўсёды рады бачыць смаленскіх сяброў на аналагічных мерапрыемствах у нас.

У Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі ў экспазіцыйных залах універсітэта адкрылася чарговая сумесная мастацкая выстаўка пад назвай “Славянскі вянок”. Гэтым разам у экспазіцыі прадстаўлены алейны жывапіс, акварэль, графіка, скульптура, дызайн-праекты, творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва педагогаў-мастакоў дзвюх устаноў.

На адкрыцці выстаўкі прысутнічалі госці: намеснік дэкана мастацка-графічнага факультэта Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта В.Чарткова, заслужаны мастак Расіі прафесар В.Самарына, загадчык кафедры дызайна Ю.Усціменка, дацэнты кафедры дызайна І.Новікава і Т.Селякова.

Фёдар ШКІРАНДА

Віцебск