Праект пра дынастыю

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

У рамках праекта “Музыка княжага роду Агінскіх” адбывалася турнэ па маршруце Рэтавас — Вільнюс — Маладзечна — Мінск — Масква. Імпрэзы прайшлі пад эгідай Міжнароднай праграмы “Шляхамі паланэзаў Агінскага”.

Праект арганізаваны маладзечанскім Мясцовым дабрачынным фондам “Спадчына М.К. Агінскага”. Удзельнікамі акцыі сталі інструментальны квартэт Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.К. Агінскага, студэнты Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных (Масква) і Нацыянальнай школы мастацтваў імя М.Чурлёніса (Вільнюс). Выконваліся творы Міхала Клеафаса Агінскага, Караля Агінскага, Амеліі Агінскай-Залускай.

Канцэрты выклікалі вялікую цікавасць ва ўсіх гарадах, у тым ліку — у трох сталіцах. На мерапрыемствах прысутнічалі вядомыя музычныя дзеячы, прадстаўнікі адміністрацый гарадоў, кіраўнікі дыяспар, дыпламатычнага корпуса, міністэрстваў культуры і замежных спраў.

Пасля канцэрта ў Мінску ў Доме-музеі Ваньковічаў намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі адзначыў: “Мы адчуваем вялікую неабходнасць у падобных мерапрыемствах, якія яднаюць людзей. Дзякуючы музыцы дадзенае турнэ — яшчэ адзін крок насустрач адзін да аднаго ў развіцці нашых культурных кантактаў”.

Павел САПОЦЬКА