"The best" нашай музыкі: "Чаму па ноты не звяртаецеся"?

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Напрыканцы сакавіка Нацыянальны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь з поспехам прадставіў чатыры новыя праграмы ў рамках фестывалю “Шлягеры на ўсе часы”, а ўжо ў мінулыя выхадныя з дапамогай музыкі ўвасобіў “Сем цудаў Беларусі” пад час аднайменнага канцэрта на свяце беларускай музыкі “Чачэрскія сустрэчы”. І такі насычаны творчы графік — гэта не “форс-мажор”, а звычайныя будні знакамітага калектыву. Адна з галоўных яго мэт — захаванне беларускіх музычных традыцый, але пры гэтым аркестр заўсёды апярэджвае час і жыве будучым — у літаральным сэнсе слова. Вось і нязменны кіраўнік калектыву, народны артыст Беларусі Міхаіл ФІНБЕРГ куды больш ахвотна распавядае пра свае планы, а не пра здзяйсненні.

— Перад сустрэчай з вамі мы акурат абмяркоўвалі будучы фэст “Шлягеры на ўсе часы”. Наперадзе яшчэ амаль год, але праграмы ўжо канцэптуальна вымалёўваюцца, для адной з іх нават зроблены аранжыроўкі. Рыхтуемся і да наступнага фестывалю джазу, які адбудзецца ў студзені 2014 года. Падзея адказная — не толькі праз свой юбілейны, 25-ы, “парадкавы нумар”, але і, перадусім, таму, што яна стане цэнтральнай у святкаванні 75-гадовага юбілею беларускага джазу. Адзін канцэрт фестывалю будзе прысвечаны яго мінуламу, другі — цяперашняму стану, а трэці, хочацца верыць, прыадкрые перспектыву на будучыню. Па вялікім рахунку, гэтую схему мы ўжо ўвасаблялі цягам папярэдніх джазавых форумаў.

— Між тым, актыўна ідзе і чарговае турнэ фэстаў у малых гарадах. Ці падлічвалі вы іх колькасць?

— Тут і праўда ўжо можна збіцца з ліку. Уяўляеце, сёлетняе свята ў Чачэрску стала ўжо 164-м нашым фестывалем у малых гарадах! Але ж слова “турнэ”, якое прадугледжвае пэўную серыйнасць, тут, я думаю, не да месца. Бо кожны з такіх фэстаў — унікальны! Паверце, яны не робяцца хаатычна, “абы зляпіць”. Кожны з іх мае грунтоўны навуковы падмурак і прадуманую драматургічную лінію.

— А колькі гарадоў ахапіў гэты фестывальны рух?

— Здаецца, сямнаццаць. А ўжо неўзабаве яго геаграфія пашырыцца дзякуючы Любані. Гэты форум мне прапанаваў правесці губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура. Праграмы, якія там прагучаць, ужо, лічы, гатовыя. Мы прадставім новую песню, прысвечаную Любані, напісаную Эдуардам Зарыцкім. Да фестывалю з’явіцца і кніга, дзе адлюстравана мінуўшчына таго краю — наздзіў, дарэчы, багатая.

/i/content/pi/cult/422/8670/1-1.jpeg

— Апошнім часам вы больш увагі надаеце спадчыне ХХ стагоддзя, прычым — паваенага перыяду...

— Сапраўды, за гады фестывальнага руху мы распавялі ўсю гісторыю нашай музыкі ад XVII стагоддзя, і белых плямаў у ёй амаль не засталося. Імёны Агінскага, Манюшкі, Орды на Беларусі ўжо ведае не толькі вузкае кола даследчыкаў. А вось з ХХ стагоддзем, у якім мы, здавалася б, яшчэ нядаўна жылі — ну проста бяда! Нават ноты многіх кампазітараў недзе згубіліся, і тым выкшталцоным прафесіяналам, якія працуюць у аркестры, даводзіцца прыкласці нямала намаганняў, каб вярнуць гэтыя творы да жыцця.

Навошта мы гэта робім? Не толькі дзеля таго, каб у гісторыі нашай музыкі не было пустэчаў. Справа яшчэ і ў тым, што сама музыка такіх кампазітараў, як Лукас альбо Цікоцкі, як выявілася, зусім не састарэла, не страціла актуальнасці і сёння. А згадайма хаця б такога мэтра, як Анатоль Багатыроў, якому быў прысвечаны канцэрт на сёлетнім фестывалі ў Заслаўі! Ніхто не адмаўляе яго ролі ў станаўленні сучаснай беларускай музыкі, але ж... творы чамусьці не гучаць.

Вось чаму наш калектыў усур’ёз узяўся за адраджэнне музычнай спадчыны ХХ стагоддзя — як акадэмічнай, гэтак, дарэчы, і эстраднай, бо і тут многае трэба адраджаць. Нам удалося стварыць цэлыя канцэртныя праграмы, прысвечаныя тым надзычай адораным творцам, чые імёны сёння ведаюць хіба музыколагі. Гэта дарагога варта, бо адна справа — выканаць асобны яркі твор, а зусім іншая — цэласна прадставіць асобу кампазітара, яго эпоху ды атачэнне.

— Думаецца, не ў аднаго мяне ўзнікала пытанне: ці захоўваюцца запісы тых унікальных праграм, якія гучаць на фестывалях аркестра? Бо тое ж і насамрэч залаты фонд "беларускай музыкі".

— Гэта вельмі балючае пытанне, і пра яго сапраўды наспеў час казаць на поўны голас — і чым хутчэй, тым лепш. На жаль, прафесійныя запісы нашых праграм не робяцца — хіба толькі аматарскія. У чым прычына? Думаю, перадусім у тым, што ні наша тэлебачанне, ні радыё не праяўляюць тут належнай цікавасці. А “замацоўваць” свае праграмы ў запісе ўласнымі сродкамі нам вельмі складана — з розных прычын, уключна з фінансавай. Сёння ўвогуле не так лёгка запісаць у студыі вялікі калектыў, які, да таго ж, выконвае акадэмічную музыку. Большасць прыватных студый проста не дасць гэтаму рады, прызвычаіўшыся працаваць на зусім іншай ніве — эстраднай. Адпаведна, гэта вялікая праблема, якую трэба вырашаць не на нашым узроўні.

— Знаёмства з беларускай літаратурнай класікай зазвычай адбываецца на школьных занятках. Са спадчынай музычнай усё чамусьці больш складана. Ці пагадзіліся б вы падзяліцца нотным матэрыялам, каб да вас звярнулася тая ці іншая школа мастацтваў?

— Натуральна, якое пытанне! Толькі вось... нешта не звяртаюцца! Раней мы ездзілі з канцэртамі па музычных навучальных установах, але цяпер такіх сродкаў у нас няма, і таму гэтая практыка прыпынілася.

— Да таго ж, і графік аркестра папраўдзе вельмі насычаны. Наперадзе і “Маладзечна”, і “Славянскі базар у Віцебску”...

— У Маладзечне мы плануем паказаць ажно пяць праграм, і паколькі сёлетні фестываль — юбілейны, гэта будзе сапраўды “the best” айчынай песні. А ў Віцебску, апрача падтрымкі маладых выканаўцаў падчас іх конкурсу, нас чакае таксама і сумесны канцэрт з Ларысай Долінай. Рэпетыцыя ў яго будзе ўсяго адна...

— Напэўна, гэтыя ўмовы — папраўдзе экстрэмальныя?

— Ды не, для нас гэта звыклыя ўмовы! Уся наша работа ў Маскве, у Італіі ды іншых краінах будавалася менавіта па такім прынцыпе. Вокамгненна робіцца аранжыроўка, і тут жа кожны з музыкантаў падхоплівае ідэю, і варта мне на яго зірнуць, як ён адразу разумее, чаго я хачу. У першы раз даводзіцца ўносіць пэўныя карэктывы, а ў другі праграма гучыць ужо ідэальна!

— Як удаецца заўсёды падтрымліваць калектыў у добрай “спартыўнай” форме?

 — Спыніцца ў развіцці, фігуральна кажучы, “абрасці тлушчам” мы нікому не дадзім! Кожны музыкант штогод мусіць праходзіць індывідуальнае творчае праслухоўванне — а гэта, паверце, вельмі сур’ёзны іспыт!

— Але ж заўсёды патрэбна кадравае абнаўленне...

— У гэтым і сапраўды праблема. Хаця б па той простай прычыне, што музыкантаў, прызначаных адмыслова для эстрады і джазу, на Беларусі, на жаль, нідзе не рыхтуюць — прынамсі, калі казаць пра той узровень, якога патрабуе наш калектыў. Таму многія атрымліваюць школу ў самім аркестры.

Пошук новых талентаў — гэта ўвогуле адзін з асноўных кірункаў нашай дзейнасці, якім мы няспынна займаемся ад пачатку сваёй гісторыі. Ці паспяхова? Зірніце на афішу любога буйнога канцэрта, і вы самі перакаецеся, што абсалютная большасць тых, каго сёння называюць зоркамі, стартавалі менавіта ў нашым калектыве. Вось і пад час нядаўняга “Шлягера на ўсе часы” адбыўся паспяховы дэбют двух маладых спевакоў. Сачыў за рэакцыяй публікі на іх нумары, і мушу адзначыць, што хлопцы — зачапілі! Іх імёны? Не, пакуль называць не буду. Хай яшчэ “падрастуць” трохі. І самае важнае: мы вучым спевакоў ніколі не здраджваць “жывому гуку”.

— Некаторыя артысты “ў кулуарах” тлумачаць сваё нежаданне працаваць жыўцом той прычынай, што народу, маўляў, усё адно — абы гучна і шоу было...

 — Ведаеце, мы выступаем перад самай рознай публікай: гэта і мазырскія нафтавікі, і рабочыя БелАЗа, дзе імпрэзы ладзяцца проста ў цэху, і вайскоўцы, для якіх мы робім “шэфскія канцэрты”... Дык вось, калі ў фінале канцэрта я падыходжу да мікрафона і кажу: сябры, перад вамі — калектыў, які ніколі вас не ашуквае, выкарыстоўваючы фанаграму, зала ўстае, і апладысменты не сціхаюць хвілін пяць! Таму не трэба тут браць грэх на душу ды спасылацца на народ.

За апошнія два месяцы мы далі ў Мінску сем канцэртаў — і ўсе з аншлагам. Пастаянна мне скардзяцца, што нельга квіткі купіць, але ж залы — яны не гумовыя... Вось — аргумент, які спрацоўвае куды лепш за любыя словы. І калі вам хто скажа, што на эстрадзе народу нічога не трэба, апрача кароткіх сукенак — проста не верце!

Фота Юрыя ІВАНОВА