Першы з’езд абноўленых “Ведаў”

№ 49 (815) 08.12.2007 - 14.12.2007 г

30 лістапада ў рэктараце Белдзяржуніверсітэта адбыўся першы з’езд рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства “Веды”.

Старшыня праўлення таварыства, рэктар БДУ, старшыня савета па супрацоўніцтве ў галіне адукацыі краін-удзельніц СНД, прафесар Васіль Стражаў паведаміў, што сёння на грамадскіх пачатках у аб’яднанні працуюць звыш тысячы дасведчаных тэарэтыкаў і практыкаў, здольных прафесійна і адказна інфармаваць насельніцтва пра палітычнае, сацыяльна-эканамічнае, навукова-тэхнічнае і культурнае развіццё Беларусі.“Веды” нязменна бяруць удзел у ідэалагічным забеспячэнні важнейшых дзяржаўных мерапрыемстваў. Лектары таварыства ўваходзяць у склад інфармацыйна-прапагандысцкіх груп усіх узроўняў.
1 кастрычніка гэтага года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнка выдаў указ “Аб стварэнні рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Веды”. Ва ўказе закладзены перадумовы для пераходу таварыства на якасна новы этап развіцця. “Веды” павінны стаць, як і раней, аўтарытэтнай асветніцкай арганізацыяй. Першарадная задача таварыства — колькаснае і якаснае развіццё, шырокае ўцягненне ў работу навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вышэйшай школы, дзяржаўных служачых.
З’езд прыняў статут узноўленага таварыства “Веды”, абраў яго праўленне.
А.С.