“Міша” і ягоны цвік, або Сааўтар мастака з Дома культуры

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Як більярдны шар пацэліў у партрэт народнага артыста?

На выстаўцы Віталя Цвіркі “Подых сусвету”, якая адбываецца цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі ў гонар стогадовага юбілею класіка беларускага жывапісу, прадстаўлены і яго пейзаж “Стоўбцы”. Да нядаўняга часу ні шырокай публіцы, ні нават мастацтвазнаўцам гэты выдатны твор знакамітага творцы быў невядомы. Лёс яму выпаў папраўдзе драматычны — добра хоць, са шчаслівым канцом.

Яшчэ ў савецкую пару карціна была набыта тагачасным Дзяржаўным мастацкім музеем БССР, але праз нейкі час раптам апынулася ў Доме культуры невялікага райцэнтра на Міншчыне, дзе і знаходзілася да нядаўняга часу.

Пра яе тамтэйшую “запатрабаванасць” сведчыць усяго адна дэталь. Перад тым, як трапіць на выстаўку, не такое ўжо і старэнькае палатно мусіла пабываць у рэстаўратараў. Калі яно вярнулася ў Нацыянальны мастацкі музей, на ім цвіком было выдрапана слова “Міша”. Мабыць, нехта паспрабаваў да прозвішча класіка дапасаваць і сваё імя. На шчасце, увекавечыць яго не атрымалася (як, дарэчы, і таму вандалу, што більярдным шарам прабіў партрэт народнага артыста Беларусі, народнага артыста СССР Віктара Тарасава пэндзля Міхаіла Моўчана).

 — Фарбавы слой у гэтым творы Віталя Канстанцінавіча вельмі густы, і таму "Мішу" нават да грунту не ўдалося дабрацца, як ён ні стараўся, — распавядае генеральны дырэктар музея Уладзімір Пракапцоў. — Пасля таго, як карціна трапіла ў нашы рэстаўрацыйныя майстэрні, той "раны" нават і не заўважыш.

/i/content/pi/cult/422/8669/2-2.jpeg

Загадчык аддзела выставачнай дзейнасці і рэкламы

Мікалай Мішчанка і захавальнік Ала Васілеўская з вернутымі карцінамі.

Натуральна, тут узнікае пытанне: а якім чынам карціна выбітнага мастака трапіла з музейных фондаў у тыя ўмовы, якія наўрад ці можна лічыць належнымі для яе захавання? Дый увогуле нібыта знікла з поля зроку. Па словах дырэктара музея, гісторыя гэта пакручастая, ды і ўсплыла яна амаль выпадкова.

 — У лютым да мяне прыйшоў ліст ад краязнаўчага музея таго гарадка, — распавядае ён. — На часовае захаванне з тамтэйшага Цэнтра культуры туды патрапілі восем работ з кляймом Мастацкага музея БССР, і дырэктар краязнаўчага проста не ведала, што з імі рабіць... Як і калі яны патрапілі ў сам горад, яна таксама не ведала, бо працуе зусім нядаўна. Я адразу ж туды скіраваўся, паралельна даручыўшы нашым захавальнікам фонду правесці даследаванне гэтай сітуацыі.

Як выявілася, гісторыя з карцінай “Стоўбцы” была амаль тыповай. З 1985 па 1990 гады артэфакты з фондаў Дзяржаўнага мастацкага музея БССР актыўна перадаваліся на захоўванне самым розным арганізацыям. Агулам спіс твораў налічвае больш за 400 пазіцый! Сярод аўтараў фігуруюць і сапраўдныя класікі: Аляксандр Кішчанка, Павел Масленікаў, Леанід Шчамялёў, Віктар Грамыка, Пётр Данелія... Прыкладам, цэлая калекцыя паваеннага беларускага мастацтва ў студзені 1990 года выправілася ў Чарнігаўскі мастацкі музей. А пейзаж Вязынкі ў выкананні таго ж Віталя Цвіркі чамусьці апынуўся ажно ў Камчацкай карціннай галерэі! Тады краіна была адзінай, і падобныя “шчодрыя жэсты” ўспрымаліся цалкам натуральна — як быццам ты перакладаеш нешта з кішэні нагавіцаў у паліто. Зразумела, цяпер усё зусім інакш, надаць падзеям зваротную хаду без дыпламатаў не магчыма...

Зрэшты, многія творы з музейных фондаў, усё ж, засталіся на тэрыторыі Беларусі. Спіс арганізацый, куды яны перадаваліся, вельмі размаіты: тут і музеі, і паважныя ўстановы рэспубліканскага маштабу, і сельскія Дамы культуры, і шпіталь, і школа з глыбінкі Палесся, і нават вайсковыя часткі... Натуральна, усё гэта адбывалася афіцыйна, на падставе загадаў тагачаснага міністра культуры БССР Юрыя Міхневіча.

Мабыць, прычынай такой палітыкі быў вядомы лозунг “Мастацтва — у масы!”. Безумоўна, ён не страчвае актуальнасці і па сёння, але... толькі не ў дачыненні да музейных прадметаў, якія патрабуюць адмысловых умоў захавання. Або, самае меншае, проста ўсведамлення іх каштоўнасці.

/i/content/pi/cult/422/8669/2-1.jpeg

Загадчык аддзела навукова-рэстаўрацыйных работ майстэрняў Нацыянальнага мастацкага музея Аркадзь Шпунт і рэстаўратар Святлана Ішмаева з партрэтам Віктара Тарасава.

— Мы ж памятаем, як раней нярэдка вырашаліся складаныя пытанні: партыя сказала “трэба!” — і паспрабуй тут не адказаць “ёсць!”,  — кажа Уладзімір Пракапцоў. — Але, тым не менш... Ужо ў сярэдзіне 1980-х усе цудоўна ўсведамлялі сапраўдную вартасць творчасці таго ж Віталя Канстанцінавіча. Дык чаму б, прынамсі, не прасачыць за тым, як захоўваецца яго твор, не засцерагчы яго ад тых жа праяваў вандалізму? Бо атрымліваецца, што ён і наогул нібы згубіўся...

Як сведчаць дакументы, разам з пейзажам Віталя Цвіркі ў той самы ГДК было перададзена і дзесяць іншых работ. З адзінаццаці сёлета вярнуліся ў музей толькі восем. Лёс партрэта Леніна ў выкананні Міхаіла Моўчана, а таксама карцін “Восеньскі букет” Вячаслава Ражкова ды “Жасмін і рамонкі” Яўгена Харытаненкі, пакуль невядомы. Па словах Уладзіміра Пракапцова, прасачыць іх “жыццёвы шлях” дакументальна — прыпадобніўшыся да герояў Ільфа і Пятрова, якія з дапамогай ордэраў шукалі гарнітур Гамбса, — амаль нерэальна. Бо дакументы дваццацігадовай даўніны чамусьці не ацалелі.

— За тыя дзесяцігоддзі змяніліся ўжо, як мінімум, тры пакаленні адказных асоб, — кажа Уладзімір Пракапцоў. — Таму і канцоў не знойдзеш...

Зрэшты, куды больш важна — гэта знайсці самі работы з прыгаданага ўжо спісу. Прынамсі, тыя з іх, якія не зніклі незваротна, разам з даўно расфарміраванымі вайсковымі часткамі. Як адзначыў дырэктар музея, у бліжэйшы час ён прыкладзе для гэтага ўсе намаганні. Бо лічыць непапраўнай стратай, калі тыя творы, усё ж, згубяцца незваротна альбо загінуць ад рук вандалаў.

Натуральна, “К” будзе сачыць за развіццём гэтых пошукаў, якія рызыкуюць пераўтварыцца ў цікавы дэтэктыўны серыял.

Фота Юрыя ІВАНОВА