Просты алгарытм талакі

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Міжнародны дзень аховы помнікаў і гістарычных месцаў, які адзначаецца 18 красавіка, спарадзіў у нашых краях добрую традыцыю: ладзіць суботнікі або талокі на тых аб’ектах спадчыны, якія асабліва патрабуюць увагі. Як падаецца, многія неабыякавыя людзі шчыра імкнуцца таксама спрычыніцца да гэтага спантаннага, але правільнага руху. Зрэшты, многія не ведаюць, з чаго пачаць. Вырашыўшы працягнуць традыцыю “прэс-суботнікаў”, прымеркаваных да свята спадчыны, мы пераканаліся ў тым, што тут няма нічога складанага: арганізацыйныя пытанні вырашаюцца досыць лёгка.

Не так даўно “Культура” апублікавала артыкул арт-куратара Змітра Юркевіча, дзе чарговы раз была звернута ўвага на праблемны стан колішняй сядзібы роду Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна. Таму ідэя абраць для правядзення суботніка менавіта гэты важны для нашай гісторыі аб’ект узнікла неяк сама сабою. Аўтар матэрыяла спраўдзіў агучанае ім памкненне ўмяшацца ў ход падзеяў і стаць не проста ўдзельнікам талакі, а сапраўдным “прарабам-завадатарам”, ды яшчэ і паабяцаў далучыць да справы знаёмых мастакоў.

Натуральна, першым крокам у дадзеным кірунку мусіла стаць атрыманне згоды ў мясцовых уладаў або непасрэдных уласнікаў сядзібы. Начальнік аддзела культуры Ляхавіцкага райвыканкама Ніна Прыхач паставілася да нашай ідэі надзвычай прыязна, паабяцаўшы забяспечыць усім патрэбным інструментам, і нават парай-тройкай метраў руберойду.

Руберойд нам спатрэбіўся, каб “зацыраваць” дах у былой спіртоўні сядзібы. Дзірка там невялікая — усяго які метр квадратны, — але ж з-за гэтай “прабоіны” будынак імкліва разбураецца. Вось тут і ўзнікла пытанне: а ці можам мы выконваць такія работы без адмысловага дазволу?

— Паводле артыкула 38 Закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь, работы па забеспячэнню належнага тэхнiчнага i санiтарнага стану матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей (акрамя работ на фасадах), у тым лiку і па iх рамонце, не патрабуюць атрымання дазволу Міністэрства культуры краіны, — патлумачыў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Мінкультуры Ігар Чарняўскі.

Тое ж самае тычыцца і высякання хмызоў, якімі параслі тыя часткі сядзібы, што ўжо паспелі ператварыцца ў руіны. Задумалі мы таксама і пазабіваць вокны ды лаз у сутарэнні палаца, які знаходзіцца ў аварыйным стане.

— Натуральна, гэтыя захады намі ўжо былі зроблены, але... увесь час знаходзяцца тыя, хто выбівае шчыты, каб пранікнуць у будынак, — адзначыла Ніна Прыхач.

І праходзяць туды, натуральна, звычайна зусім не на экскурсію — хутчэй, наадварот, з той прычыны, што не разумеюць сапраўднай каштоўнасці гэтага непрыгляднага сёння помніка спадчыны. І таму мы вырашылі ўсталяваць на тэрыторыі сядзібы інфармацыны шчыт са сціслымі звесткамі пра гісторыю сядзібы і роду Рэйтанаў.

Натуральна, такімі захадамі немагчыма вырашыць усе праблемы вялікага палацава-паркавага комплексу. Пра нейкія больш глабальныя спосабы рэвіталізацыі гэтай ды іншых сядзібаў гутарка вялася на "круглым стале" “К”, матэрыялы якога — у наступным нумары.