Млява прамармытаць?

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Для “Славянскага…” недастаткова!

На гэтым тыдні былі вызначаны ўдзельнікі міжнародных конкурсаў “Славянскага базару ў Віцебску-2013”. Нашу краіну прадставяць дзве юныя мінчанкі: адзінаццацігадовая Паліна Бурло і на год за яе малодшая Саша Лакціёнава. А сярод дарослых канчатковы выбар будзе зроблены днямі. Папярэдне журы на чале з першым намеснікам міністра культуры Беларусі Уладзімірам Карачэўскім спынілася на двух Аляксандрах: Кавалёве і Салаўёве. Адзін з іх стане асноўным прэтэндэнтам, другі — дублёрам.

Адборачныя туры праслухоўванняў былі цікавымі не толькі сваёй інтрыгай, але і агульнай карцінай стану нашай эстрады ў розных узроставых катэгорыях. Два дні запар сцэна Маладзёжнага тэатра эстрады была прадастаўлена маладому пакаленню спевакоў, а галоўнымі слухачамі былі не публіка і “групы падтрымкі”, а строгае журы — за рэдкім выключэннем, рознае па складзе на дарослым і дзіцячым адборах.

/i/content/pi/cult/422/8667/1-1.jpeg

Асаблівасцю гэтага года было яшчэ больш уважлівае стаўленне да кожнага ўдзельніка. Справа не ў тым, што кагосьці даслухоўвалі да канца, а кагосьці — спынялі пасля першага куплета. Галоўнае, што ніхто не застаўся па-за ўвагай. Акрамя членаў журы, на праслухоўванне былі пакліканы рэжысёры, каб запрашаць моладзь да ўдзелу ў канцэртах, у тым ліку — самых прэстыжных. А пасля дзіцячага адбору некаторых кіраўнікоў увогуле папрасілі застацца, і Уладзімір Карачэўскі меў з кожным асобную размову. Ды і ва ўсіх была магчымасць падысці да членаў журы і пачуць заўвагі, парады, ухваленні. На дарослым адборы, акрамя сталіцы, былі прадстаўлены Баранавічы, Барысаў, Віцебск, Гродна, Докшыцы, Магілёў, Маладзечна — праўда, часта адносна, паводле прапіскі, а не месца вучобы ці працы. На дзіцячым — Віцебск, Лепель, Пінск, Чавусы. Прычым, што вельмі прыемна, падрыхтаванасць дзяцей з рэгіёнаў часам нічым не саступала сталічнай. Праўда, сярод дзятвы выявіліся адно руплівыя дзяўчынкі. А вось сярод дарослых пераважалі адважныя хлопцы: ажно сямёра супраць усяго трох дзяўчат.

Увогуле, сёлета агульны ўзровень “кандыдатаў у канкурсанты” быў вышэйшым за леташні, але пры гэтым дастаткова роўным. Часта “разбежка” паміж тым, як выступалі ўдзельнікі, была мінімальнай, і гэта вымушала журы вырашаць няпростыя задачкі — ажно ў некалькі ходаў, як гэта адбылося ў дарослым конкурсе. На дзіцячым жа журы паэксперыментавала: акрамя добра вядомай Сашы Лакціёнавай, якая займаецца ў Нацыянальным цэнтры музычнага мастацтва імя У.Мулявіна пад кіраўніцтвам Святлана Стацэнка, абралі яшчэ Паліну Бурло — уладальніцу вельмі моцнага народнага голасу і менавіта народнай спеўнай манеры. На думку большасці членаў журы, такая “неўпісанасць” дзяўчынкі і яе пераважна народнага рэпертуару ў агульную эстрадную конкурсную палітру можа паспрыяць яе перамозе. Аднак такія меркаванні падзялялі не ўсе. Тая ж спявачка і педагог Вольга Вронская лічыць, што трэба больш плённа і актыўна развіваць выкладанне эстраднай манеры, пачынаючы з самых ранніх гадоў навучання.

— На “Славянскім базары…”, — гаворыць яна, — журы дзіцячага конкурсу, здараецца, вылучае спевакоў з выключна акадэмічнай манерай, звяртаючы ўвагу найперш на іх цудоўны голас. Не думаю, што гэта правільна. Але, пэўна, трэба было б у будучым праводзіць конкурс па некалькіх намінацыях, бо таленавітых дзяцей навучаюць у розных манерах, і кожны з юных спевакоў павінен мець магчымасць паспаборнічаць са сваімі аднагодкамі. Таму хай будуць і эстрадныя спевы, і акадэмічныя, і народныя. Тым больш, што па апошніх дзвюх намінацыях існуюць добра распрацаваныя методыкі, што бачна і па нашых дзецях.

Практычна для ўсіх асноўнай праблемай стаў рэпертуар. Асабліва, зноў-такі, сярод дарослых. Цікава было прасачыць і тое, з якіх навучальных устаноў былі канкурсанты: маўляў, скажы, хто цябе вучыў, і я скажу, хто ты. Як ні дзіўна, але БДУКіМ, які, здавалася б, павінен забяспечваць краіну эстраднымі спеўнымі кадрамі, аказаўся прадстаўлены ўскосна. Бо вылучаны Саша Салаўёў не толькі пяцікурснік гэтай ВНУ, але і, з самога дзяцінства, выхаванец кампазітара Алены Атрашкевіч, а цягам апошняга часу — саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга (які ў працы журы, між іншым, не ўдзельнічаў). А вылучаны таксама Аляксандр Кавалёў — выкладчык БДУКіМ, які прыйшоў сюды пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і багатай канцэртнай практыкі ў арт-гурце “Беларусы”. Дарэчы, у БДАМ вучацца яшчэ двое прэтэндэнтаў: Андрэй Воранаў (па вакале) і Яўген Цымбаліст (па фартэпіяна), за плячыма якога — колішні паспяховы ўдзел у “Верасятах”. Двое канкурсантаў — выхаванцы Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, дзе камісію мастацтва эстрады (спевы) узначальвае ўсё тая ж А.Атрашкевіч. Гэта Ксенія Жук (сцэнічны псеўданім — Sonika), якая сёлета заканчвае каледж, і нядаўні выпускнік Аляксей Шкрабо (Аляксей Грос), які прыняты ў прадзюсарскі цэнтр “Спамаш”. Абодва, калі і надалей будуць настомна працаваць, могуць вельмі ярка заявіць пра сябе: дзяўчына добра валодае джазавай манерай, а хлопец, хаця і пачынаў песню тройчы (ну, не паспеў вывучыць), — індывідуальным тэмбрам голасу. Добры творчы рост паказаў віцябчанін Глеб Лапіцкі: літаральна з кожным сваім выступленнем ён спявае ўсё больш роўна і прафесійна, не адно на імпэце ды эмоцыях.

Пасля дзіцячага праслухоўвання, якое парадавала куды больш, востра паўстала пытанне: куды ж знікаюць тыя адораныя дзеці, якіх у нас так багата, і становіцца ўсё больш? Праблема гэтая хвалюе даўно, а разгадка яе, пэўна, на паверхні. У дзяцінстве “адказнымі” за падрыхтоўку з’яўляюцца настаўнікі і бацькі. Здараецца, прымушаюць дзіця займацца, бо клапоцяцца пра яго будучыню. З узростам гэтыя функцыі ў куды большай ступені ўскладаюцца на самога спевака. Выкладчык можа толькі накіраваць у правільны бок, астатняе ж — самастойная праца, без якой ніколі нічога не будзе. Вось і не “запальваюцца” зоркі! На праглядах у вочы кідалася нават само стаўленне артыстаў да сцэны — вельмі і вельмі адрознае. Усе дзеці — у сцэнічных строях, па просьбе журы выразна называюць сябе і свае песні, па заканчэнні — дзякуюць, часта на роднай мове. Дарослыя — хто ў чым. Маўляў, ішоў паблізу, вырашыў на сцэну зазірнуць. Млява штосьці прамармытаў (а большасць папросту не ведала, што за песні і якіх аўтараў яны выконваюць) — сышоў з незадаволеным выглядам.

Як даўно прапануе народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, журы адборачных тураў павінна вылучыць кандыдатаў да ўдзелу ў конкурсе. Далей з імі павінна займацца нейкая спецыяльная ўстанова — можа, на яго думку, створаная нават пры Дырэкцыі фестывалю ў Віцебску.

— Члены журы, — гаворыць ён, — выступаюць як своеасаблівы прадзюсарскі цэнтр, які шукае кагосьці больш перспектыўнага. Але многае залежыць ад далейшай падрыхтоўкі! Бо тут і выбар песень (менавіта конкурсных), і знешні выгляд, і сцэнічныя паводзіны, і, нарэшце, псіхалагічная ўстойлівасць.

— Для конкурсу такога рангу, — дадае кампазітар Алег Елісеенкаў, — важны не толькі голас, але і стабільнасць спеваў, незалежна ад стану вакаліста. Таму я ў чарговы раз перакананы, што колішняе ўзняцце ўзроставай планкі толькі спрыяе ўдзелу ў спаборніцтве не адно пачаткоўцаў, але і цалкам прафесійных артыстаў.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"