Прадзюсарскі балет: а як выглядалі б мы?

№ 15 (1089) 13.04.2013 - 20.04.2013 г

Ці здзівіш нас "канцэртам балетных зорак"? Пад такой назвай, здараецца, прыязджаюць не самыя лепшыя расійскія салісты, паказваючы, акрамя “сярэдне” выкананай класікі, сумнеўныя нумары эстраднага танца, прыдатныя для карпаратыўнай вечарынкі, а не для сцэны Вялікага тэатра.

Гэтым разам зоркі сусветныя: не адно паводле “геаграфіі” (з Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Нідэрландаў, Партугаліі, Францыі і іншых краін), але і па сваім узроўні. Харэаграфія — выбітная: ад класікі да неакласікі і мадэрна, уключаючы такую культавую ў балетным свеце фігуру, як Уільям Фарсайт. Музыка — самая разнастайная (праўда, у запісе, як заўсёды бывае ў такіх выпадках): ад сімфанічнай да мінімалісцкай і ўсялякіх натуралістычна шумавых эфектаў. Драматургія канцэрта — лагічная: ад улюбёнага публікай рэпертуару ХІХ стагоддзя да сучаснасці і назад. Акрамя Мінска, выступленне яшчэ і ў Віцебску, які вядомы сваім Міжнародным фестывалем сучаснай харэаграфіі.

/i/content/pi/cult/422/8666/2-2.jpeg

Мо разгадку падарунка трэба шукаць у тых, хто яго арганізоўваў і праводзіў? Тут сакрэта няма: гэта менавіта той варыянт, калі залогам якасці канцэрта становіцца імя прадзюсара і менеджара — дарэчы, беларуса. Ураджэнец Мінска, сын беларускага дырыжора Аркадзя Берына Максім Берын узначальвае адно з еўрапейскіх канцэртных агенцтваў і не ўпершыню ладзіць у нас падобныя праекты — заўсёды ўзроўню экстра-класа.

Цяперашні гастрольны шлях балетных зорак працягнуў лепшыя традыцыі еўрапейскіх турнэ ХІХ стагоддзя: едучы ў Расію, знакамітыя госці абавязкова завітвалі “па дарозе” ў беларускія гарады. Так было і гэтым разам: выступіўшы ў Маскве і Санкт-Пецярбургу, артысты рушылі ў Віцебск, Мінск, далей — у Талін і Хельсінкі.

Адзначым і тое, што ў Віцебску, дзе канцэрт быў менш працяглым, але больш насычаным сучаснымі нумарамі, выконвалася і... “Мазурка”, дзесяцігоддзе таму пастаўленая “былым нашым” Раду Паклітару на музыку Ф.Шапэна і вядомая ў нас у выкананні заслужанай артысткі Беларусі Юліі Дзятко. Дый пад час мінскага канцэрта не давала спакою думка: а як бы глядзеліся побач з сусветнай неакласікай і мадэрнам тыя ж Адажыа народнага артыста Беларусі і СССР Валянціна Елізар’ева ці іншыя фрагменты з яго балетаў? Дык вось, яны не толькі не згубіліся б сярод усёй той раскошы, але і, пры адпаведным выкананні, яшчэ і ўпрыгожылі б канцэрт, стаўшы ягонымі разыначкамі.

Але — няма елізар’еўскіх нумароў у рэпертуары сусветных знакамітасцей! Дбаючы пра адметнасць нашага тэатра, харэограф не пагаджаўся пераносіць свае працы на іншыя сцэны. Сёння ж яго балеты патроху знікаюць і з беларускай культурнай прасторы. Пэўна, менавіта дзеля таго, каб праз колькі гадоў было што... адраджаць? Што ж, таксама пазнавальная “беларуская рыса” ці нават “нацыянальная традыцыя”...

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"